Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як улады Менску маглі б зарабляць грошы на Лі Гарві Освальдзе? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.

Гурневіч: 22 лістапада 1963 года ў Даласе быў забіты прэзыдэнт ЗША Джон Фіцджэральд Кенэдзі. Забойства на працягу дзесяці месяцаў расьсьледавала адмыслова скліканая камісія на чале са старшынём Вярхоўнага суду ЗША Эрлам Уорэнам, якая прыйшла да высновы, што забойства было зьдзейсьнена злачынцам-адзіночкам Лі Гарві Освальдам.

Існуе шэраг кансьпіралягічных тэорый, якія падвяргаюць сумневу высновы камісіі Ўорэна, аднак ніводная зь іх не была даказаная.

У біяграфіі Освальда важнае месца займае Беларусь. Пасьля звальненьня з шэрагаў марскіх пяхотнікаў арміі ЗША, у 1959 годзе ён за свае грошы прыехаў у СССР і папрасіў грамадзянства. Освальду ўручылі толькі часовыя дакумэнты, і тады, страціўшы надзею ад адмоваў, Лі Гарві парэзаў вены. Потым ён трапіў у Менск, дзе атрымаў жыльлё, працу і дзе стварыў сямʼю.

А тут мы маем цэлую гісторыю пра якую гаворыць увесь сьвет. Чаму не падумаць над тым, каб стварыць маршрут Освальда ў беларускай сталіцы? У яго былі свае мясьціны ў Менску: завод «Гарызонт», дзе ён працаваў і дзе пазнаёміўся з жонкай, сталоўкі, паркі, крамы

Освальду прысьвечаныя дзясяткі тысяч старонак кніжак, у тым ліку і на беларускай мове Аляксандра Лукашука. Пра Освальда зьнятыя дакумэнтальныя і мастацкія кнігі. Тэма забойства Кенэдзі і праз паўстагодзьдзя інтрыгуе Амэрыку. І чым гэта не нагода, каб улады Менску пачалі зарабляць на прозьвішчы Освальда? Чаму б не стварыць музэй Освальда ў доме, дзе ён жыў? У сьвеце багата самых розных музэяў, многія зь іх вельмі дзіўныя, але гэта і прыцягвае туды наведнікаў. Ёсьць нават музэй чэлесаў у Ісьляндыі, вядомы ва ўсім сьвеце. А тут мы маем цэлую гісторыю пра якую гаворыць увесь сьвет. Чаму не падумаць над тым, каб стварыць маршрут Освальда ў беларускай сталіцы? У яго былі свае мясьціны ў Менску: завод «Гарызонт», дзе ён працаваў і дзе пазнаёміўся з жонкай, сталоўкі, паркі, крамы. Падрыхтаваўшы некалькім гідаў-освальдаўцаў, можна было б прыцягваць турыстаў з усяго сьвету. У Менску ёсьць унікальны козыр у руках — настаўнік Освальда — былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і іншыя жывыя сьведкі. У Менску Освальд ажаніўся з Марынай Прусаковой, якая працавала ў аптэцы ў адной зь менскіх бальніц і якая нарадзіла яму дачку Джун. Некалькі гадоў таму яна выставіла на аўкцыён пярсьцёнак, які ён падарыў ёй. Пярсьцёнак ацэньваўся ў 50 тысяч даляраў. Уявіце, якія дагэтуль эмоцыі выклікае яго прозьвішча. Дык менскія ўлады павінны бегам бегчы у тыя мясьціны, дзе ён быў, каб гэтыя эмоцыі манэтызаваць.

Цыганкоў: Тэарэтычна гэта было б цалкам рэальна, зыходзячы з тых падставовых рэчаў, пра якія вы расказалі. І фактаў, і патэнцыйных спэкуляцый вакол гэтага хапае. У любым выпадку гэта можна было б арганізаваць, асабліва ўлічваючы той факт, што старшыня Вярхоўнага Савету, фактычна кіраўнік беларускай дзяржавы у 91-94-х гадах, быў калісьці настаўнікам Освальда, і толькі ўявіць, як гэта можна абыграць у шматлікіх буклетах... Думаю, сам Станіслаў Станіслававіч мог бы прадаваць свае ўспаміны асобным экскурсантам за асобную цану, і быць асаблівым эксклюзіўным экспанатам у гэтым музэі.

Любая дзяржава, якая б ставіла турызм вышэй за ўсё, даволі хутка гэта зрабіла б 20 гадоў таму. Калі Беларусь дагэтуль так ня робіць, то гэта далёкая пэрспэктыва. Пры цяперашняй уладзе гэта не ўяўляецца верагодным

Гэта калі б Беларусь была сапраўднай дзяржавай і ўмела такія рэчы ствараць. Пакуль жа яна толькі стварае нягеглыя ролікі пра тое, як добра жыць у Беларусі. Шмат абмяркоўваўся ў інтэрнэце той ролік, які пра краіну зьняло БТ. На думку многіх ён ня тое што сумны — банальны. А музэй Освальда — гэта рэч арыгінальная, не банальная, да таго ж патрабуе палітычнай мужнасьці. Трэба адкінуць усялякія забабоны і пайсьці на гэта. Любая дзяржава, якая б ставіла турызм вышэй за ўсё, даволі хутка гэта зрабіла б 20 гадоў таму. Калі Беларусь дагэтуль так ня робіць, то гэта далёкая пэрспэктыва. Пры цяперашняй уладзе гэта не ўяўляецца верагодным. Ня тое, што ёсьць нейкія палітычныя ці ідэалягічныя пярэчаньні: менавіта празь няспрытнасьць і банальнасьць беларускай дзяржавы і яе стаўленьня да многіх рэчаў, у тым ліку і да турыстычна прывабных.

Глод: Безумоўна прываблівай выглядае ідэя стварэньня музэя Лі Гарві Освальда ў кватэры, дзе ён жыў, як казаў Дзьмітры Гурневіч. Дарэчы, можна нешта кшталту музэя зрабіць і на «Гарызонце», дзе працаваў амэрыканец.

Але ў мяне ёсьць яшчэ адна, на мой погляд, цікавая прапанова — увесьці ў склад экскурсіі пад умоўным назовам «Менск спартовы» нейкую частку, якая таксама тычыцца Освальда. Калі я працаваў у газэце «Фізкультурнік Беларусі», я сябраваў з футбольным арбітрам Уладзімерам Цэрлюкевічам. Гэта цяпер спартовы судзьдзя такога роўню афіцыйна гэтым жыве і зарабляе на жыцьцё. Тады ж за судзейства таксама плацілі, але ня шмат. Таму арбітры вымушаныя былі дзесьці працаваць.

Цэрлюкевіч — быў інструктарам-мэтадыстам па вытворчай гімнастыцы на Беларускім радыётэлевізійным заводзе, як тады называўся «Гарызонт». Як вадзілася ў тыя часы, дырэктар прадпрыемства напісаў загад аб правядзеньні вытворчай гімнастыкі на працоўных месцах. І спадар Цэрлюкевіч пачаў яе праводзіць. Але Освальд такія заняткі ігнараваў.

Паводле менскіх знаёмцаў Освальда, ужо пасьля першага месяца працы ён пачаў скардзіцца: праца надакучыла сваёй аднастайнасьцю, грошы няма на што траціць. Адна з забаваў — магчымасьць пастраляць у заводзкім ціры

Летась я быў у гасьцях у спадара Цэрлюкевіча, якому ўжо дарэчы за 80 гадоў, і ён згадаў гэты час. Ён распавядаў, што, калі заходзіў да амэрыканца, каб паклікаць яго на заняткі гімнастыкай, той заўжды сядзеў на стуле, задраўшы ногі на стол. «Я спачатку нават падумаў, што, можа, там ў Амэрыцы гэта элемэнт нейкага гімнастычнага комплексу. Але хутка мне патлумачылі гэтую заморскую звычку. Колькі я не прасіў спадара Освальда пайсьці ў цэх разам з усімі заняцца вытворчай гімнастыкай, заўжды той адмаўляўся. Я пайшоў да дырэктара, а той сказаў больш не чапляцца да амэрыканца: ня хоча і ні хоча» — распавядаў Уладзімер Цэрлюкевіч.

Паводле менскіх знаёмцаў Освальда, ужо пасьля першага месяца працы ён пачаў скардзіцца: праца надакучыла сваёй аднастайнасьцю, грошы няма на што траціць. Адна з забаваў — магчымасьць пастраляць у заводзкім ціры. Цір гэты захаваўся дагэтуль. Вось яшчэ адна падстава для прыпынку на спартовым маршруце. Дарэчы, хтосьці з турыстаў мог бы і пастраляць, як спадар Освальд.

Для ажыцьцяўленьня такога патрэбныя спрытнасьць, патрэбна жаданьне заняцца гэтым. І, можа, тут пытаньне ня толькі да дзяржавы, да сталічных уладаў. Хутчэй гэта справа для прыватніка, які на пачатку ўклаў бы ў гэтую ідэю грошы. А з другога боку, гэта такі прынадны кавалачак, за які самы раз ухапіцца і дзяржаве. І тое, што яна нічога ня робіць, гэта яшчэ адно сьведчаньне таго, што дзяржаўныя структуры не сьпяшаюцца з ініцыятывай, а робяць толькі тое, што яны называюць пабудовай рынкавага сацыялізму ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG