Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часовым павераным у справах Беларусі ў Швэцыі будзе Аляксей Паплаўскі


Але беларускае дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Швэцыі пакуль не адкрылася.

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей падчас сустрэчы з амбасадарам Швэцыі ў Беларусі Марцінам Обэргам некалькі дзён таму паведаміў, што 16 лістапада ў Стакгольме прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў беларускі дыплямат у якасьці часовага паверанага ў справах Беларусі ў Швэцыі. Прозьвішча дыплямата агучанае не было, няма яго і ў афіцыйным паведамленьні на сайце беларускага МЗС.

Начальнік упраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык на пытаньне Радыё Свабода, калі запрацуе беларускае дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Стакгольме, адказаў так:

«Часовы павераны — гэта чалавек, які ў першую чаргу выконвае тэхнічныя функцыі. Ён зараз знаходзіцца ў Стакгольме і вырашае пытаньні, зьвязаныя зь фізычным працэсам адкрыцьця дыпляматычнага прадстаўніцтва. Яму трэба знайсьці памяшканьне для яго, заключыць дамову аб арэндзе, знайсьці памяшканьне, дзе ён сам будзе жыць зь сям’ёй, адкрыць банкаўскі рахунак, набыць аргтэхніку. На сёньняшні момант ён вырашае гэтыя задачы. І мы не чакаем хуткіх палітычных дасягненьняў ці дасягненьняў у сфэры эканомікі. На вырашэньне гэтага кола пытаньняў таксама патрэбен пэўны час.

І ўвогуле мы выбралі такі варыянт распаўсюджваньня інфармацыі аб аднаўленьні дыпляматычнай прысутнасьці ў Швэцыі менавіта з тае прычыны, што калі гучна расказаць грамадзянам пра тое, што аднавіла сваю працу беларускае пасольства ў Швэцыі, адразу зьяўляюцца пытаньні: хтосьці хоча наведаць Беларусь, хтосьці чакае гасьцей, у кагосьці ёсьць эканамічныя дачыненьні з нашай краінай, у кагосьці ёсьць прававыя, юрыдычныя праблемы. Калі мы на ўвесь сьвет абвяшчаем, што аднавіла сваю працу пасольства, а пасьля ня можам аказаць канкрэтнай дапамогі грамадзянам, якія па яе зьвяртаюцца, то гэта будзе для нас вялізным мінусам. Таму мы даволі сьціпла паведамілі швэдзкаму часоваму паверанаму, што паехаў і наш прадстаўнік. Спачатку трэба, як кажуць вайскоўцы, «прывязацца да мясцовасьці». Калі зьявіцца нумар тэлефона, паштовы адрас і будынак — гэта будзе іншая справа, МЗС будзе першым, хто паведаміць, што адкрылася пасольства, яно месьціцца па такім і такім адрасе, час працы консульскага аддзелу такі, яго ўзначальвае пэўны дыплямат... Я спадзяюся, гэта час наступіць даволі хутка. А пакуль ідзе падрыхтоўка.

Што да швэдзкага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Беларусі, спадар Марцін Обэрг зусім нядаўна паводле дыпляматычных мерак знаходзіцца ў статусе амбасадара. І яшчэ зьвярніце ўвагу, як працуе швэдзкая амбасада ў Менску. Вясной 2013 году яна аднавіла працу, але консульскіх паслуг беларускім грамадзянам яны не аказваюць. На ўсё патрэбен час. Каб зламаць, шмат часу ня трэба. Каб аднавіць, патрэбны пэўны час і рэсурсы».

Швэдзкі праваабаронца Марцін Угля са спасылкай на дасьведчаную крыніцу ў МЗС Швэцыі паведаміў у «Фэйсбуку», што часовым павераным у справах Беларусі ў Швэцыі працуе Аляксей Паплаўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG