Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стрэл у прэзыдэнта: больш чым паўвека трагедыі


Джон Кенэдзі

Джон Кенэдзі

Пяцьдзесят тры гады таму, 22 лістапада 1963-га, у самы разгар халоднай вайны прэзыдэнт ЗША Джон Кенэдзі быў забіты ў Даласе.

46-гадовы прэзыдэнт Кенэдзі памёр на працягу паўгадзіны. Сьведка, які бачыў снайпэра, перадаў яго апісаньне паліцыі. На працягу наступных гадзіны з паловай падазраваны Лі Гарві Освальд застрэліў паліцыянта, які спрабаваў спыніць яго, схаваўся ў кінатэатры, дзе ўрэшце быў знойдзены і арыштаваны.

24-гадовы Освальд, былы марскі пяхотнік ЗША, у 1959-м годзе эміграваў у СССР, правёў некалькі гадоў у Менску і вярнуўся ў Злучаныя Штаты ў 1962-м. Ён сьцьвярджаў паліцыі, што невінаваты, але лябараторныя дасьледаваньні пацьвердзілі, што гэта ён страляў з забойчай зброі.

Шматлікія камісіі расьсьледавалі забойства Кенэдзі і самая вядомая ўрадавая камісія Ўорэна ў 1964 годзе прыйшла да высновы, што Освальд дзейнічаў у адзіночку. Іншую выснову зрабіў у 1978-м годзе Спэцыяльны камітэт у справе тэрарызму, заявіўшы, што гэта была верагодна змова. Але камітэт ня мог вызначыць ніводнага іншага яе ўдзельніка, акрамя Освальда.

Для мільёнаў амэрыканцаў сёньня пытаньне застаецца адкрытым. Апытаньне, праведзенае тры гады таму інфармацыйным агенцтвам AP, паказала, што больш за 59 працэнтаў амэрыканцаў лічаць, што гэта была змова.

Найбольш вядомыя выказваньні 35-га прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі:

Адсутнасьць мары губіць народ.

Агульнае паміж намі ў тым, што ўсе мы — жыхары гэтай плянэты. Усе мы дыхаем адным паветрам. Жывем дзеля будучыні нашых дзяцей. І ўсе мы сьмяротныя.

Калі свабоднае грамадзтва ня можа дапамагчы тым нямногім, хто бедны, яно ня зможа выратаваць тых нешматлікіх, хто багаты.

Мы павінны выкарыстоўваць час, як інструмэнт, а ня як канапу.

І адзін чалавек можа нешта зьмяніць, а паспрабаваць павінен кожны.

Чалавек памірае, нацыі разьвіваюцца і перажываюць заняпад, але ідэя працягвае жыць. Ідэям невядомая сьмерць.

І мы зробім гэта. Не таму, што гэта лёгка, а таму што цяжка.

Відэафільм Радыё Свабода, зроблены з нагоды з нагоды 50-х угодкаў забойства прэзыдэнта Кенэдзі, «Освальд у Менску», атрымаў «Срэбную Ўзнагароду Адметнасьці» ад амэрыканскай Акадэміі інтэрактыўнага і візуальнага мастацтва, Нью-Ёрк.

Над відэафільмам «Освальд у Менску» працавалі Алесь Матафонаў, Павал Буторын, Брус Джэкабс і Аляксандар Лукашук, аўтар кнігі «Сьлед матылька. Освальд у Менску».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG