Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арына Лісецкая пра шчырасьць у Фэйсбуку, «фанатычны карагод каля бульбы» і сэксізм у кулінарыі


Арына Лісецкая

Арына Лісецкая

Кулінарная блогерка Арына Лісецкая ня лічыць бульбу беларускай ежай, тлумачыць, чаму кулінарыя — сэксісцкая, а гастраномія адлюстроўвае ўзровень разьвіцьця нацыі.

Ганна Соўсь: Арына, мы з вамі пазнаёміліся 15 гадоў таму ў Курапатах, калі вы, тады 15-гадовая школьніца, далучыліся да доўгатэрміновай, кругласутачнай акцыі абароны Курапатаў. Калі цяпер згадваеце падзеі 2001-2002 году, што адразу ўстае перад вачыма?

Арына Лісецкая: Вогнішча, лес, сьнег і вера. За 15 гадоў нічога не зьмянілася.

Соўсь: Што вас тады прывяло ў Курапаты? Ці шмат вы ведалі пра трагічную гісторыю ўрочышча?

Лісецкая: Напачатку амаль нічога ня ведала. Сама гісторыя прывяла мяне, і Курапаты сталі падмуркам майго пазнаньня гісторыі Беларусі.

Соўсь: Вы вучыліся ў мастацкай вучэльні імя Ахрэмчыка, граеце на скрыпцы, гадоў восем таму ўдзельнічалі ў нашым праекце «Барды Свабоды», мелі аўтарскую калёнку на «Эхо Москвы». Але, напэўна, найбольш вядомы цяпер як кулінарная блогерка і маці двух цудоўных дачок. Як адбывалася ваша эвалюцыя ад палітычнага змаганьня, ад мастацтва ў больш мяккую сфэру?

Лісецкая: Хто сказаў, што кухня — больш мяккая сфэра? Я вучылася ў вучэльні імя Ахрэмчыка, але скончыла 23-ю гімназію. Палітыкай пачала цікавіцца, яшчэ калі мне было тры-пяць гадоў. Адбываліся гістарычныя падзеі, перабудова, я глядзела тэлевізар, праграму «Взгляд». Тады сапраўды нешта адбывалася.

На дэманстрацыі ў 1989 годзе

На дэманстрацыі ў 1989 годзе

Што тычыцца кулінарыі... Я чалавек амбіцыйны. А такія сурʼёзныя творчыя сфэры як музыка, палітыка, журналістыка, кулінарыя — гэта публічныя сфэры насамрэч, якія вучаць працаваць над сабой.

Соўсь: Вы кажаце, што кухня — зусім не мяккая сфэра. А чаму?

Лісецкая: Кулінарыя — сэксісцкая ва ўсіх разуменьнях. Там свае баі, свае веды, сваё валоданьне тэмай. Нават зараз, калі я здымаю нейкія конкурсныя сюжэты і пытаюся: «А чаму не вылучылі жанчыну на конкурс», мне адказваюць: «Як так? Хлапцоў жа заўсёды вылучаюць». Я кажу: «Не заўсёды, жанчыны таксама ўмеюць гатаваць».

Соўсь: Вы маеце на ўвазе, што шэф-кухарам павінен быць мужчына, а чарнавую працу павінна рабіць жанчына, што ва ўяўленьні многіх праца на кухні — жаночая?

Лісецкая: Жанчыны працуюць, мужчыны кіруюць. На жаль, гэта яшчэ засталося.

Соўсь: Ці ўдаецца вам ламаць гэты стэрэатып?

Лісецкая: Я не ламаю стэрэатыпы. Я проста сёньня станаўлюся лепей, чым была ўчора. Я працую над сабой і тым, што мне цікава. І стэрэатыпы самі пасьля гэтага падгібаюцца.

Фо бо

Фо бо

Соўсь: Я рэгулярна чытаю ваш блог. Некалькі вашых рэцэптаў скарыстала, напрыклад мусаку па-грэцку і маркоўны пірог. Мне заўсёды імпанавала, што ў вас няма, так бы мовіць, цяжкіх страваў беларускай кухні, такіх як смажаная бульба, мачанка, скварка, а ўсё пераважна здаровае, эстэтычнае і смачнае. На ваш погляд, чаго бракуе традыцыйнаму беларускаму сталу? Калі, напрыклад, вы бачыце ў Фэйсбуку фоткі з патэльняй насмажанай бульбы, што вы адчуваеце?

Лісецкая: Я адчуваю, што чалавек насмажыў патэльню бульбы. Я не гестапа, каб казаць, каму што есьці, тым больш, што я асабліва не лічу бульбу беларускай ежай. Культура ежы — гэта гастраномія, яна паказвае ўзровень разьвіцьця культуры краіны і нацыі. Для мяне гастраномія гэтак жа важная, як напрыклад мова для кагосьці. Па гісторыі беларускай гастраноміі можна бачыць, як мы разьвіваліся, калі ў нас быў заняпад. Фанатычны карагод каля бульбы — гэта савдэпія, савок. За савецкім часам, недзе ў 1953 годзе мы ўсе масава пачалі есьці бульбу. Нават бульбяныя аладкі, якія прыдумалі немцы, а прывезьлі нам габрэі, сталі назваць нацыянальнай беларускай стравай. Але ежа бывае ня толькі вясковай, як думалі за савецкім часам. Беларуская ежа бывае панскай, шляхецкай, магнацкай, ежай князёў. Гэта чатыры абсалютна іншыя культуры спажываньня ежы.

Салат з інжырам

Салат з інжырам

Я пішу пра высокую культуру спажываньня ежы. Напрыклад, учора, я была на майстар-клясе па малекулярнай гістарычнай беларуска-літоўскай кухні. Калі ўспрымаць культуру ежы як будучыню, як частку жыцьця краіны, то я скажу, што ў нас неўзабаве ўсё будзе вельмі крута. Тое, што зараз могуць рабіць нашы кухары і кулінары, тое, як мы падрасьлі за апошнія пяць-сем гадоў, гэта толькі гонар.

Соўсь: Дзе вы вучыліся гатаваць?

Лісецкая: Дзесяць гадоў таму я пачала свой блог, пачала спрабаваць гатаваць. Спачатку я вучылася сама, потым скончыла курсы, далей вучылася ў розных міжнародных кухараў і шэфаў, беларускіх і італьянскіх. Гэта быў доўгі шлях. Зараз я таксама вучуся. У сераду паеду да японскага шэф-кухара, які гатуе соевы соўс для імпэратара.

Піцца з сырам

Піцца з сырам

Соўсь: У вас дзьве дачкі, прычым старэйшая, як і маці, разьбіраецца ў ежы, і ў рэстарацыі замаўляе не традыцыйныя дзіцячыя «бульба фры» і піццу, а больш складаныя стравы. Чаму важна, каб дзеці разьбіраліся ў тым, што яны ядуць?

Лісецкая: Я займаюся двойчы на тыдзень у трэнажорнай залі. Мой трэнэр кажа, што 75 адсоткаў прыгажосьці твайго цела — гэта ежа, а 25% — гэта спорт. Важна, каб дзеці разумелі, што добра, а што не, гэта проста ўкладаньне ў здароўе дзіцяці. А калі мы кажам пра культуру, пра гастраномію, то мая Эліна можа замовіць і пасту з крэвэткамі ці кальмарамі, і іншыя стравы. Ёй падабаецца спрабаваць сьвет, яна адкрытая да ўсіх культураў, і празь ежу гэта найлепей можна зразумець.

Калі перамовы ідуць паміж Ізраілем і Палестынай, самае складанае там не ў юрыстаў і палітыкаў, а ў кухараў. Я нядаўна была на майстар-клясе шэф-кухара, які гатуе на такіх перамовах. Кухарам там заўжды вельмі складана, таму што ім даюць пакунак з абсалютна аднолькавымі прадуктамі для розных бакоў. Той шэф казаў, што калі іх добра не пачаставаць, то яны дрэнна дамовяцца. Яны робяць сурʼёзныя стравы і падаюць кожнаму боку. Кожны гатуе нешта новае, абапіраючыся на культуру і падмурак сваёй краіны, а потым яны ўсіх частуюць. Калі ты не адкрыты да новых страваў, да новай культуры, ты ня зможаш быць шэфам, ты ня зможаш задаволіць людзей на перамовах, ня зможаш замірыць людзей. Ежа — гэта тое, што здольнае замірыць нават тых, хто гэтага зусім ня хоча.

Соўсь: Вы вельмі папулярная ў Беларусі блогерка. Ведаю, што вы не пабаяліся публічна распавесьці пра вельмі прыватныя праблемы (у тым ліку з алькаголем), зь якімі вы сутыкаліся ў жыцьці, і якія вы пераадолелі. Як вы лічыце, ці варта заўсёды быць шчырым і вельмі адкрытым у сацыяльных сетках? Якія тут ёсьць плюсы і мінусы?

Лісецкая: Быць адкрытым як фортка, канечне, ня трэба, як вучыць жыцьцё. Пра шматлікія рэчы я не кажу. Шчырым трэба быць заўжды. Я не шкадую пра тое, што сказала апошнія гады тры. Гэты былі разумныя прадуманыя крокі. Ёсьць тэмы, якія трэба ўздымаць, пра якія трэба гаварыць. І я была гатовая. Калі ты псыхалягічна не гатовы, ня трэба казаць. Ёсьць рэчы, якія ты перарос, і ня хочаш казаць, а ёсьць тэмы, які ты ўжо асэнсаваў, не адмаўляеш, зрабіў вынікі, працу над сабой і можаш спакойна сказаць. Пасьля кожнага пасту ў Фэйсбуку, які быў прыватна-публічным, я бачыла праз гугл аналітыкс, у колькіх краінах, гарадах мяне чытаюць. Я бачыла, што гэта больш за 10 тысяч чалавек у першыя дзьве гадзіны, потым болей. Потым я атрымлівала лісты мужчынаў і жанчын, якія ня толькі падтрымлівалі мяне, але і распавядалі свае гісторыі і зьвярталіся па дапамогу. Я атрымала вялікую колькасьць плюсаў, я ўсьвядоміла, які маштаб маюць такія праблемы. Гэтая шчырасьць пайшла выключна ў плюс. Самае галоўнае, што шчырым трэба быць, калі ня толькі ты гатовы, але калі гатовая твая сямʼя. Мы з мужам шмат аб чым размаўлялі, зрабілі вельмі сурʼёзную працу над сабой. Я разумела, якая моцная падтрымка ў мяне ў сямʼі. Такая шчырасьць — гэта як кропка пасьля дрэннага. Паставіў, і гэта адпусьціла.

Соўсь: Якая ваша галоўная амбіцыя цяпер?

Лісецкая: Ня ведаю. Мне падабаецца тое, што зараз адбываецца. Мне падабаецца працаваць на тэлебачаньні з тэмай, якая мяне хвалюе апошнія 10 гадоў.

Мне падабаецца, што я магу працаваць зь дзіцём на руках. Малодшай маёй яшчэ і годзіка няма, і яна заўсёды са мной. Мая галоўная амбіцыя — стаць заўтра лепей, чым сёньня.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG