Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як перажыць страту партнэра


Страта жыцьцёвага партнэра не бывае лёгкаю ў любым узросьце, незалежна ад абставін. Страта можа быць раптоўнай і зусім нечаканай у выніку сардэчнага прыступу, дарожна-транспартнага здарэньня або прыроднай катастрофы. А бывае, што ў выніку доўгіх месяцаў і нават гадоў хваробы, мы ўжо чакаем сыходу партнэра і, як мяркуецца, можам зьмірыцца зь непазьбежнасьцю.

Псыхолягі ўжо даўно сьцьвярджаюць, што пасьля кароткага пэрыяду інтэнсіўнага перажываньня страты мужа або жонкі, большасьць людзей добра прыстасоўваецца да новых абставін. Дасьледаваньні Джорджа А. Бонана і яго калег з Калюмбійскага ўнівэрсытэту ў ЗША выявілі, што 60 адсоткаў людзей, якія страцілі сужэнца, пазьней былі задаволеныя жыцьцём і ня мелі дэпрэсіі.

Аднак новыя дасьледаваньні паказваюць, што нават тыя, хто выказвае агульную задаволенасьць сваім жыцьцём пасьля страты мужа або жонкі, часта адчуваюць значнае зьніжэньне ў канкрэтных аспэктах фізычнага і эмацыйнага здароўя і дабрабыту. Іншымі словамі, іх устойлівасьць не аднолькавая ва ўсіх вымярэньнях, што большасьць з нас лічаць важным. Калі добра пакапацца ў душах такіх людзей, вы знойдзеце шмат цікавага.

Новае дасьледаваньне праводзілася ў Аўстраліі псыхолягамі з з Унівэрсытэту штату Арызона. Яно ахапіла 421 жанчыны-удавы. Вывучаліся аспэкты жыцьця пяць гадоў перад стратай і пяць гадоў пасьля страты. Аказалася, што 60 адсоткаў вярнуліся да нармальнага ўзроўню задаволенасьці жыцьцём на працягу году, а 34 адсоткі зазналі рэзкае зьніжэньне пасьля сьмерці мужа і не вярнуліся на ранейшы ўзровень яшчэ празь пяць гадоў пасьля страты.

Але калі навукоўцы пачалі задаваць жанчынам больш канкрэтныя пытаньні пра самаадчуваньне поўні жыцьця, унутраны спакой, знэрваванасьць, энэргічнасьць і так далей, аказалася, што толькі 26 працэнтаў вярнуліся на ранейшы ўзровень, а 74 так і не прыйшлі ў норму. Калі ж удзельніц пыталі пра псыхалягічны стан з адмоўным знакам — г.зн. пра нэгатыўныя пачуцьці, то аказалася, што толькі 19 адсоткаў засталіся ўстойлівымі пасьля страты партнэра.

Наогул, усе свае пытаньні навукоўцы разьбілі на пяць групаў, якія ахоплівалі фізычныя, псыхалягічныя, сацыяльныя і іншыя аспэкты ўстойлівасьці. І вось пасьля аналізу ўсёй сукупнасьці адказаў высьветлілася, што толькі 8 працэнтаў пасьпяхова пераадолелі страту партнэра. Іншыя і празь пяць гадоў пасьля страты мелі тыя ці іншыя цяжкасьці з прыстасаваньнем да новага жыцьця.

Паводле аўтараў дасьледаваньня, для пераадоленьня жыцьцёвай траўмы найбольш важна мець таго або тых, каму можна даверыцца і на каго можна абаперціся, таксама важна захоўваць сацыяльныя сувязі са сваякамі, суседзямі або партнэрамі ў групе плаваньня, танцаў і т.д., і, нарэшце, конча неабходна захоўваць звычайны ўзровень штодзённага функцыянаваньня, каб пазьбегчы дэпрэсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG