Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў патлумачыў, чаму ў Расею нельга трапіць празь Беларусь


Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў распавёў на сустрэчы з журналістамі ў Менску 22 лістапада пра недастатковасьць абароны расейска-беларускай мяжы, перадае БелаПАН.

Паводле Лаўрова, Расея і Беларусь абмяркоўваюць ідэю «адзінай візавай прасторы» зь Беларусьсю. Паседжаньне міжведамаснай групы візавай палітыкі мае прайсьці ў канцы лістапада ці пачатку сьнежня. Але пакуль адзіная візавая палітыка не скаардынаваная, на мяжы Беларусі і Расеі могуць зьявіцца часовыя міжнародныя пункты пропуску. Неабходнасьць гэтага ён тлумачыць пагрозай тэрарызму.

«Дзейная віза — недастатковы фактар, каб трапіць у Расею, — заявіў Лаўроў. — Акрамя наяўнасьці візы, яшчэ адной умовай ёсьць уезд празь міжнародны пункт пропуску. А зь Беларусьсю ў нас няма мяжы і пунктаў пропуску, таму тыя, хто на законных падставах можа трапіць у Расею, мусіць карыстацца іншымі геаграфічнымі магчымасьцямі».

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што Беларусь зацікаўленая, каб такіх праблемаў не было.

У мінулым месяцы Масква ў аднабаковым парадку забараніла ўезд на сваю тэрыторыю замежным грамадзянам транзытам празь Беларусь. Замежныя грузавікі па трасе М1 прапускаюць у Расею. Легкавікі — як пашанцуе. На сельскіх дарогах паміж дзьвюма дзяржавамі пакуль пераважна няма ні пастоў, ні памежнікаў, ні шлягбаўмаў. На турыстычных форумах такі варыянт перасячэньня мяжы часта абмяркоўваюць, але дасьведчаныя вандроўнікі папярэджваюць: нават калі вам удасца ўехаць у Расею празь Беларусь, абыходзячы кантроль, вы аўтаматычна станеце парушальнікам закону і можаце быць дэпартаваныя з Расеі з наступнай забаронай уезду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG