Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Трэба мяняць усю сыстэму», — экспэрты пра тое, як выкараніць міліцэйскі гвалт і бязьмежжа


22 лістапада ў Слуцкім раённым судзе будзе абвешчаны прысуд Івану Барбашынскаму, якога абвінавачваюць у супраціве міліцыі, спалучаным з гвалтам.

Ягоны брат Ігар Барбашынскі таксама мусіў паўстаць перад судом, але 20 верасьня ён памёр у жодзінскай турме. На целе Ігара Барбашынскага знайшлі ня менш як 17 сьлядоў удараў цьвёрдым тупым прадметам. Хоць братоў Барбашынскіх абвінавачвалі ў супраціве міліцыянтам, Іван сьцьвярджае, што супрацоўнікі патрульна-паставой службы пры затрыманьні іх жорстка зьбілі. Акрамя шматлікіх кровападцёкаў, у Івана зафіксавалі пералом дзьвюх рабрын.

«Не — бязьмежжу і беспакаранасьці праваахоўных органаў Беларусі»

Грамадзкі форум «Свабоду палітвязьням Беларусі» зьбірае подпісы пад пэтыцыяй «Не — бязьмежжу і беспакаранасьці праваахоўных органаў Беларусі». Актывісты прыводзяць амаль два дзясяткі прыкладаў злачынстваў, учыненых міліцыянтамі, ганебных паводзінаў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія ўчынілі гвалт над грамадзянамі, падлеткамі, пра беззаконьні ў турмах, калёніях, СІЗА. Пэтыцыя адрасаваная міністру замежных спраў Ігару Шуневічу.

«Неабгрунтаваная агрэсія, грубасьць, распуста, усёдазволенасьць, беспакаранасьць робяць супрацоўнікаў унутраных спраў сацыяльна небясьпечнымі для грамадзтва...

Мы патрабуем неадкладна навесьці парадак у органах унутраных спраў, правесьці праверку ўсіх супрацоўнікаў на адпаведнасьць сваім пасадам, абавязкова праверыць псыхічнае здароўе супрацоўнікаў МУС, правесьці праверку на дэтэктары хлусьні ўсіх без выключэньня супрацоўнікаў РАУСаў, АМАП, ДВП на дачыненьне да злачынстваў супраць грамадзян Рэспублікі Беларусь і прыцягнуць да адказнасьці тых, хто мае дачыненьне да гібелі, зьбіваньня, зьнявагі людзей».

Як змагацца зь міліцэйскім гвалтам, бязьмежжам і беспакаранасьцю? Свабода пацікавілася думкамі былых супрацоўнікаў міліцыі, праваабаронцы і філёзафа.

Мікалай Казлоў: «Што вы хочаце ад шараговага міліцыянта, калі палкоўнік Яўсееў дубасіць нагамі журналіста на плошчы?»

Падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў лічыць, што самае галоўнае, каб у міліцыі служылі толькі прафэсіяналы:

Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

«У Законе аб органах унутраных спраў дакладна прапісана, у якіх выпадках міліцыя мае права выкарыстоўваць фізычную сілу і спэцсродкі, у якіх — не. І празьмернае выкарыстаньне фізычнай сілы — гэта перавышэньне службовых паўнамоцтваў, а ў пэўных канкрэтных выпадках — ужо і злачынства. У выпадку зь Ігарам Барбашынскім — гэта менавіта злачынства, паколькі даволі малады, здаровы чалавек памёр у турме. Я, праўда, ня ведаю ўсіх дэталяў, трэба чытаць матэрыялы справы, вывучаць матэрыялы экспэртызы, слухаць сьведкаў...

Мая думка — у міліцыю трэба набіраць прафэсіяналаў. Пры наборы ў міліцыю трэба запрашаць псыхолягаў, каб прэтэндэнты выконвалі пэўныя тэсты і каб не было магчымасьцяў абысьці гэты этап уладкаваньня на службу.

І самае галоўнае — гэта нецярпімасьць кіраўніцтва міліцыі. Што вы хочаце ад шараговых супрацоўнікаў міліцыі, калі палкоўнік Яўсееў дубасіць нагамі журналіста на цэнтральнай плошчы Менску, а потым атрымлівае званьне генэрала! У яго з кар’ерай усё ў парадку. Дык чаго мы чакаем ад шараговых супрацоўнікаў міліцыі, якія ўсё гэта бачаць? Гэта нават заахвочваецца, і чалавек робіць на гэтым кар’еру!!! Яўсеева ж ніхто не асудзіў, ён нават атрымаў павышэньне! Паглядзіце на АМАП, які «на блакітным воку» лжыва сьведчыць у судах. З самага верху культывуецца, што, маўляў, міліцыі ўсё дазволена. Паціху ўсе за гэтай усёдазволенасьцю назіралі, і паступова тыя дзеяньні, якія прымянялі толькі да асабліва небясьпечных, сапраўдных бандытаў, цяпер выкарыстоўваюць да звычайных грамадзян ці вольнадумцаў-апазыцыянэраў. Для таго, каб міліцыя выкарыстоўвала фізычную сілу, раней патрэбны былі сур’ёзныя падставы. Калі я яшчэ працаваў, трэба было быць упэўненым, што чалавек мог быць узброеным ці раней чыніў сур’ёзны супраціў. А калі гэта проста нецьвярозы чалавек — скруцілі, але зусім не абавязкова яго закідваць у аўтазак і працягваць дубасіць. У гэтым няма неабходнасьці. Але гэта ўжо стала нездаровай традыцыяй, і гэта дрэнна.

Але зноў жа, калі мы паглядзім на міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, які на сьвята апранае форму НКУС, гэта ж шмат пра што сьведчыць! І самае жахлівае — ніхто за гэта не адказвае. На варце гэтай сыстэмы стаяць судзьдзі, пракуроры, дзяржаўныя СМІ, яны плячом у плячо становяцца і абараняюць вось гэтае бязьмежжа. Ім вельмі зручна, калі людзі баяцца ўлады. Ва ўсіх сытуацыях — калі чалавек нецьвярозы, калі чалавек апазыцыянэр — мэтады прыкладна аднолькавыя, і канчатковая іх мэта — каб баяліся: маўляў, «я гаспадар». Гэта неабходна мяняць, хоць гэта цяжка, складана. Але трэба мяняць неадкладна».

Мечыслаў Грыб: «Трэба мяняць заканадаўства, міліцыянты ня могуць сьведчыць у судах»

Экс-старшыня Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб у 1980-я гады быў начальнікам упраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму. Генэрал міліцыі ў адстаўцы перакананы, што неабходна мяняць заканадаўства:

Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

«Міліцыянтаў, якія ідуць сьведкамі пры затрыманьні людзей, трэба пазбаўляць права сьведчыць. То бок паказаньні тых міліцыянтаў, якія прымаюць удзел у затрыманьні правапарушальнікаў, не павінны прымацца як паказаньні сьведкаў. Гэта значыць, трэба мяняць заканадаўства. Але сёньня мы маем тое, што маем, і гэта дрэнна. Зараз судовыя органы і праваахоўныя органы цесна зьвязаныя паміж сабой і адзін аднаго падтрымліваюць. Так было і пра савецкай уладзе, так ёсьць і сёньня, і пакуль нічога не зьмянілася.

Калі я ўзначальваў упраўленьне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму, такога міліцэйскага бязьмежжа не было. Нейкія дробныя парушэньні здараліся, але не ў такіх памерах. Тады і гумавых дубінак не было, і на ахову парадку накіроўвалі супрацоўнікаў наагул бяз зброі. Іншыя часы былі, іншыя падыходы. А сёньня ўсё памянялася. На жаль, ня ў лепшы бок».

Валянцін Стэфановіч: «Сыстэма МУС вельмі закрытая, яна вельмі неахвотна „здае“ сваіх»

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што супрацоўнікі міліцыі і ўнутраных войскаў павінны проста ведаць і дакладна выконваць Закон аб органах унутраных спраў:

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Міліцыянты могуць выкарыстаць фізычную сілу ў адпаведнасьці з Законам аб органах унутраных спраў. Там выкладзены ўсе падставы, у якіх выпадках пры затрыманьні грамадзян можна выкарыстаць сілу, але з найменшай шкодай і наступствамі для здароўя. Гэта зьвязана з непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі, нападам на супрацоўніка міліцыі і гэтак далей — усё дакладна прапісана.

Сапраўды, выпадкаў, калі міліцыя зьбівае людзей, багата, і вельмі цяжка разабрацца, хто вінаваты. Праваабаронцы са свайго боку асабліва і не павінны ўнікаць, даказана ці не, што міліцыянты білі. Гэта пытаньні больш маштабныя — справядлівага суду. Але тое, што супрацоўнікі міліцыі павінны дзейнічаць у строгай адпаведнасьці з законам — гэта адназначна. У выпадку, калі падлеткі быццам бы напалі на амапаўца, розьніцы няма, учыняў падлетак супрацьпраўныя дзеяньні ці не. У законе не напісана, што амапаўцу дазволена памачыцца на галаву падлетка. Такога ў Законе аб органах унутраных спраў няма. Гэта дзеяньні, якія абражаюць чалавечую годнасьць.

Верагодна, што ў Слуцку міліцыянты ведалі братоў Барбашынскіх і помсьцілі за штосьці, улічваючы, што нябожчык сам служыў у міліцыі. Усялякае магло быць.

Як з гэтым змагацца? Змагацца складана. Сыстэма МУС вельмі закрытая. Бесьперашкоднага доступу ў пастарункі ніхто з прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў ня мае. Прэвэнтыўных інстытуцыяў катаваньням і жорсткаму абыходжаньню на нацыянальным узроўні няма — я маю на ўвазе амбудсмэна ці грамадзкія рады пры МУС, абласных, раённых упраўленьнях унутраных спраў. Так, прадстаўнікі нейкай рады Дарафеева і Давыдзька наведалі магілёўскую турму, іх там пакармілі, і яны зрабілі выснову, што ў нашай пэнітэнцыярнай сыстэме кормяць, як у рэстарацыі. Але мы ў сваёй практыцы сутыкаемся з зусім іншымі cьведчаньнямі і адносна пэнітэнцыярнай сыстэмы, і адносна абыходжаньня зь людзьмі ў пастарунках. Ну а калі жорстка затрымліваюць людзей, хай сабе і падазраваных ва ўчыненьні злачынстваў — да гэтага супрацоўнікі міліцыі ставяцца, як да нейкай звычайнай практыкі: «Ну, гэта ж пры затрыманьні, гэта ж можна». Але калі чалавек не аказвае супраціву пры затрыманьні, падпарадкоўваецца ўсім патрабаваньням міліцыі, што за нагода яго лупцаваць? А ў нас гэта як нармальная практыка. Падумаеш, адбілі ныркі, зламалі рэбры ці яшчэ што-небудзь... Потым яны даюць інтэрвію ў часопісе «Спецназ»: «Міліцыя ніколі не памыляецца, яна ведае, што гэта злачынца, таму так жорстка затрымлівае».

Таму, я думаю, пакуль ня будзе публічнага грамадзкага кантролю за дзейнасьцю МУС і пэнітэнцыярнай сыстэмы (тут маюцца на ўвазе і РУУС, і прыёмнікі-разьмеркавальнікі, і розныя цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў — да СІЗА і калёній), будуць мець месца вось такія факты зьбіваньня, катаваньняў.

Ну і другі момант — праз тое, што сыстэма вельмі закрытая, яна вельмі неахвотна «здае» сваіх. З гэтых шматлікіх спраў са сьмяротнымі выпадкамі ў турмах, дзе мы (праваабарончы цэнтар «Вясна») прыкладалі вельмі шмат намаганьняў, вельмі цяжка заводзяцца крымінальныя справы. Адно выключэньне — справа Ігара Пцічкіна, які памёр на «Валадарцы», калі справа дайшла да суду. Заведзена крымінальная справа яшчэ па адной сьмерці — Багданава ў жодзінскай турме, і пакуль невядома, чым яна завершыцца. Бо вельмі часта падобныя справы заканчваюцца нічым, больш за тры гады б’ёмся ў справе са Сьветлагорску, калі чалавек памёр у сьледчым ізалятары. Гэта вельмі закрытая сыстэма, якая сваіх не здае. Далёка ня ўсе справы становяцца рэзананснымі і становяцца вядомымі грамадзкасьці, і тым больш даходзяць да разгляду».

Уладзімер Мацкевіч: «Сыстэма МУС даведзена да поўнай дэградацыі, і ніхто звонку яе зьмяніць ня ў стане»

Філёзаф Уладзімер Мацкевіч у красавіку 2016 году напісаў адкрыты ліст міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу пасьля таго, як тры супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС Менску лжыва сьведчылі, што Мацкевіч браў удзел у несанкцыянаваным мітынгу ў той час, калі ён фізычна не прысутнічаў у Беларусі, а знаходзіўся за мяжой:

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

«Пытаньні вы задаяце рытарычныя. Бо сыстэма, якая стварыла гэтыя так званыя праваахоўныя (бо яны не ахоўваюць права) органы, яна і абараняе гэтыя органы. Бо сёньняшнія суды — бяз доказаў, бяз крытыкі, без высьвятленьня абставінаў — прымаюць сьведчаньні міліцыянтаў і амаль цалкам ігнаруюць сьведчаньні пацярпелых, простых сьведкаў, яны імі нават не цікавяцца. У нас няма сьледзтва, няма расьсьледаваньня, у нас ёсьць зусім тэндэнцыйнае асуджэньне, апрыёрнае асуджэньне ўсіх, хто не зьяўляецца міліцыянтам, хто ня мае ўлады. У гэтым сэнсе наша сыстэма МУС даведзена да поўнай дэградацыі, і ніхто звонку яе зьмяніць ня ў стане без таго, каб не зьмяніць усю сыстэму, якая і стварыла вось гэтую падсыстэму правааховы.

Такім чынам, пытаньне тут ня ў тым, што дрэнныя міліцыянты ці прадажныя судзьдзі, ангажаваныя пракуроры ці непрафэсійныя сьледчыя. Гэтыя праблемы ёсьць, так. Але яны другасныя ў параўнаньні з тым, што ўся сыстэма такая. І ў гэтай сыстэме ніякія іншыя спэцыялісты, службоўцы-прафэсіяналы выжыць ня змогуць. Таму нават самы шчыры, самы сумленны чалавек, які трапіць у гэтую сыстэму, празь некалькі месяцаў ці гадоў становіцца часткай гэтай сыстэмы. Таму памяняць аднаго судзьдзю на другога, аднаго міліцыянта на другога нічога ня дасьць. Памяняць міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча на нейкага іншага — нічога ня зьменіць. Тут сыстэму мяняць трэба».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG