Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Наваполацку вырашылі ўзяць экалягічныя праблемы пад свой кантроль


З ініцыятывы прадстаўнікоў грамадзкасьці ў горадзе прайшоў «круглы стол» на тэму «Грамадзкае абмеркаваньне мер па паляпшэньні экалягічнай сытуацыі і аздараўленьні насельніцтва ў горадзе Наваполацку». Імпрэза была ініцыяваная мясцовымі праваабаронцамі, якія запрасілі на размову і дэмакратычных актывістаў, і прадстаўнікоў ААТ «Нафтан» — горадаўтваральнага прадпрыемства, якое ня толькі забясьпечвае працай навапалачанаў, але й ня лепгым чынам уплывае на экалягічную сытуацыю ў горадзе.


На працягу апошніх год Наваполацак лічыцца адным з самых «брудных» гарадоў Беларусі: тут неаднойчы фіксавалася звышнарматыўнае ўтрыманьне шкодных рэчываў у атмасфэры. Паводле Зьміцера Салаўёва, аднаго з ініцыятараў правядзеньня сустрэчы , адмыслоўцы прадпрыемства казалі пра неабходнасьць дадатковых захадаў: мадэрнізаваць ачышчальныя збудаваньні і збудаваць новую печку для спальваньня адкідаў на прадпрыемстве «Палімір». Гэта дазволіла б значна скараціць колькасьць шкодных рэчываў, якія выкідаюцца ў паветра. На гэта спатрэбілася б каля 20 мільёнаў даляраў, аднак на дадзены момант такіх грошай комплекс «Нафтан» ня мае, і нават тэндэр на выкананьне неабходных для гораду прац абвяшчаць немэтазгодна.

Прадстаўнікі вытворчасьці і дэмакратычнай грамадзкасьці абмеркавалі яшчэ шэраг праблемаў. Да прыкладу, спробы зьменшыць санітарна- абарончую зону вакол заводу «Палімір» з 4,5 км да 1,5 км. Такім чынам можна «ўзаконіць» існаваньне каля 800 лецішчаў, збудаваных паблізу ад прадпрыемства ў тыя часы, калі заканадаўства не забараняла будаўніцтва на невялікай адлегласьці. Іншае пытаньне: наколькі бясьпечна для здароўя людзей жыць і спажываць сельскагаспадарчую прадукцыю, вырашчаную на гародах «пад «Палімірам». Аднак у навапалачанаў ёсьць перакананьне, што паветра нясе шкодныя рэчывы ў іншы бок, а таму зь лецішчамі за некалькі кілямэтраў ад гарадзкіх кватэр ніхто разьвітвацца ня хоча.


Прадстаўнікі гарадзкіх уладаў на сустрэчу не прыйшлі, хоць і былі запрошаныя. А да іх удзельнікі мелі цэлы шэраг пытаньняў. Адно зь іх тычыцца аховы здароўя: у паліклініках Наваполацку няма ніводнага лекара-алерголяга, апрача таго, які прымае ў дзіцячай паліклініцы. Хаця адмыслоўцы неаднаразова адзначалі ўзаемасувязь падвышэньня колькасьці алергічных хваробаў зь неспрыяльнай экалягічнай абстаноўкай. Яшчэ адно пытаньне, важнае для гораду — гэта неабходнасьць пашырэньня або пераносу ў іншае месца палігону для захаваньня цьвёрдых бытавых адкідаў. Цяперашні палігон ужо перапоўнены, і неўзабаве сьмецьце папросту ня будзе куды вывозіць.

Дыскусія наконт экалягічнай абстаноўкі ў горадзе атрымалася даволі вострая. Дэмакратычныя актывісты вырашылі ўзяць шэраг праблемаў пад свой кантроль, не чакаючы, пакуль ААТ «Нафтан» вырашыць іх вытворчымі намаганьнямі. Тым болей, што на прадпрыемстве пачасьціліся надзвычайныя здарэньні, якія таксама мелі ўплыў на экалягічную сытуацыю.

Анатоль Кулік
Анатоль Кулік

Дарэчы, менавіта ў Наваполацку ў другой палове 1980-х распачаўся ці ня самы магутны на прасьцягах СССР экалягічны рух. Людзі нават патрабавалі закрыцьця «Паліміру», бо там ня дужа зважалі на неабходнасьць прыродаахоўных захадаў, бо заводы тады давалі прыбытак. Таму, калі аднойчы неабыякавыя гараджане абнародавалі сэнсацыйныя факты — што на галовы жыхароў Наваполацку штогод падаюць цэлыя тоны шкодных выкідаў — абурэньню не было межаў, і ў Наваполацку зьбіраліся шматтысячныя мітынгі. Адным з актывістаў экалягічнага руху быў «паліміравец», першы дэпутат ад БНФ у наваполацкім гарсавеце Анатоль Кулік. Ён згадвае, што ад пачатку Наваполацак не плянаваўся як горад — разьлічвалі, што людзі будуць працаваць тут вахтавым мэтадам, а ня жыць стала. Аднак паступова горад стаў засяляцца і расьці. І зараз — ва ўмовах неспрыяльнай экалягічнай сытуацыі і адсутнасьці належнага мэдычнага догляду — тут жывуць 102 тысячы чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG