Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы не павінны езьдзіць у Расею, пакуль там ня будзе гарантаваная бясьпека на дарогах»


B

B

Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Вячаслаў Ракіцкі, Ігар Карней.

Карней: Праўдападобна, Расея вяртаецца ў часы, калі пачынаюць жыць не паводле дзяржаўных законаў, а паводле крымінальных паняцьцяў. На жаль, гэта наўпрост чапляе і тых, хто па волі службы вымушаны туды раз-пораз езьдзіць — беларускіх грузаперавозчыкаў у прыватнасьці.

У Беларусі блізу 10 тысяч кіроўцаў штогод праходзяць перападрыхтоўку на прафэсійную катэгорыю «Е», то бок, маюць права сядаць за руль фуры ці «аўтапоезду». Большая іх частка так ці інакш задзейнічана на дастаўцы грузаў у суседнюю Расею — рэаліі так званай адзінай мытнай прасторы пад куратарствам Масквы, якая «закальцавала» вакол сябе бліжэйшых саюзьнікаў.

Дык вось апошнім часам дальнабойнікі хорам расказваюць, што ў Расеі масава вярнуліся бандыты зь вялікай дарогі. Апошняй кропляй стала нядаўняя трагедыя зь менчуком Ігарам Кноразам, які з Кармы на Гомельшчыне транзытам вёз мэталяпракат у Казахстан. 20 кастрычніка мужчына перастаў выходзіць на сувязь, а праз тыдзень яго цела выпадкова знайшоў у Тамбоўскай вобласьці іншы кіроўца, які спыніўся пры лесе па патрэбе. Напачатку лістападу па факце забойства распачата крымінальная справа, сьледчыя канстатавалі прыкметы гвалтоўнай сьмерці.

Дык вось практычна любы кіроўца, які за апошні год зьезьдзіў на ўсход, асабліва ў раёны, дзе на сотні кілямэтраў ня ловіцца мабільная сувязь і не працуе спадарожнікавая навігацыя, можа распавесьці, як яго прымушалі падзяліцца грашыма. Тэхналёгія за чвэрць стагодзьдзя не зьмянілася: «браткі» падыходзяць на стаянках, на запраўках, «падразаюць» падчас руху, патрабуючы «заплаціць за праезд па вобласьці».

Звычайна такса — 6 тысяч расейскіх рублёў, у эквіваленце 100 даляраў. Узамен даюць візытоўку, маўляў, каб ня мець праблемаў зь іншымі «добраахвотнымі інспэктарамі». Але аплата не вызваляе ад аброку ў іншых абласьцях. Скажам, па маршруце, якім ехаў забіты бацька трох дзяцей Ігар Кнораз, такіх «платных тырыторый» больш за дзясятак.

Практычна любы кіроўца, які за апошні год зьезьдзіў на ўсход, можа распавесьці, як яго прымушалі падзяліцца грашыма.

У выпадку адмовы ў ход ідуць застрашэньні зброяй, для дэманстрацыі сур’ёзнасьці намераў могуць разьбіць лабавое шкло, пракалоць кола, зьбіць і абрабаваць. Скрайняя мера незгаворлівасьці — забойства. Дарэчы, падчас пошукавай апэрацыі недалёка ад месца гібелі беларускага кіроўцы знайшлі спаленага і закатаванага пры жыцьці яшчэ аднаго дальнабойніка, яго асоба высьвятляецца.

Кіраўнік менскай транспартнай фірмы і адзін з заснавальнікаў праваабарончага аб’яднаньня «8 рэгіён» Сяргей Штода склаў «крымінальную мапу» расейскіх дарог, дзе з высокай ступеньню верагоднасьці можна патрапіць на прыцэл да вымагальнікаў. Бальшыня эпізодаў традыцыйна фіксуецца ў Чалябінскай, Цюменскай, Самарскай, Валгаградзкай абласьцях, Краснадарскім краі, а ў апошнія месяцы і ў цэнтральных рэгіёнах — Яраслаўскім, Тульскім, Ліпецкім, нават у Падмаскоўі. Нягледзячы на шматлікія факты «наездаў», у статыстыцы сілавых структур няма ніводнага выпадку нэўтралізацыі арганізаваных бандаў.

У зьвязку з забойствам свайго калегі «8 рэгіён» накіраваў зварот у Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Прафэсіяналы патрабуюць неадкладных захадаў для выяўленьня злачынных груповак і спыненьня іх дзейнасьці на тэрыторыі Расеі. У іншым выпадку ставяць пад пытаньне службовыя камандзіроўкі. Пытаньне ў тым, што кіроўца — усяго толькі найманы супрацоўнік, які працуе на гаспадара. Адпаведна, мае грошы на канкрэтныя выдаткі: запраўка, стаянка, харчаваньне. Патрабаваць грошы ў пасярэдніка — само па сабе абсурдна.

Адказ можа быць толькі асымэтрычным: прыпыніць паездкі ў Расею да таго часу, пакуль ня будзе гарантаваная бясьпека на дарогах.

У атрыманым зь ведамства адказе гаворыцца, што расейскім калегам будзе накіраваная «афіцыйная нота». Але той жа Сяргей Штода ў эфэктыўнасьці барацьбы «нотамі» сумняецца. Ён перакананы, што грузаперавозьнікі не павінны нават задавацца пытаньнем — плаціць бандытам ці не плаціць, раз і назаўсёды праблему мусяць вырашыць праваахоўныя органы. Аднак паліцыя ў шэрагу выпадкаў сама выглядае зацікаўленым бокам: так званыя «пярэваратні ў пагонах» часьцяком або самі ўзначальваюць групоўкі рэкеціраў, або іх прыкрываюць. Таму адказ можа быць толькі асымэтрычным: прыпыніць паездкі ў Расею да таго часу, пакуль ня будзе гарантаваная бясьпека на дарогах. На ваш погляд, калегі, ці можна ставіць пытаньне рубам?

Ракіцкі: Калі адказваць на тваё пытаньне, Ігар, наўпрост, дык, звычайным грамадзянам я раіў бы пастарацца ўстрымацца ад паездак бяз скрайняй неабходнасьці ў Расею, тым болей, на аўто, тым болей, у глыбінкі. Што тычыцца дальнабойнікаў, чые паездкі туды — гэта праца, з майго гледзішча, трэба плаціць. Ужо хоць бы таму, што жыцьцё і здароўе даражэй за любыя грошы. Мы выдатна памятаем 1990-я гады ў постсавецкім сьвеце. Я сам плаціў на польскіх дарогах і паказваў паперкі бандытам на наступных, так бы мовіць, прыпынках, калі дастаўляў купленае ў Нямеччыне сваё першае аўто. Магчыма, артыст Андрэй Бубашкін не заплаціў, магчыма, у яго проста забралі аўто, а самога забілі. Бо дагэтуль з тых самых 1990-х невядомы ягоны лёс. Я ў Расеі ня быў ужо шмат гадоў, на свае вочы ня бачыў, што там адбываецца. Ня вельмі хочацца, бо на сьвеце шмат болей цікавых для мяне краінаў. Але, калі чытаеш расейскую прэсу, глядзіш яе тэлеканалы, разумееш, што Расея ня толькі не пазбавілася свайго крымінальнага мінулага, але яшчэ больш крыміналізуецца. Злачынствы зьдзяйсьняюцца яшчэ больш цынічна і люта, і што самае страшнае — бяз боязі пакараньня. Бо дзейнічаюць яны, як кажуць, пад дахам і паліцыі, і чыноўнікаў. Перш, чым выпраўляцца ў падарожжа па Расеі, я параіў бы паглядзець мастацкую стужку вядомага ў сьвеце рэжысэра Сяргея Лазьніцы «Шчасьце маё» пра расейскія рэаліі сёньняшняга дня.

Расея ня толькі не пазбавілася свайго крымінальнага мінулага, але яшчэ больш крыміналізуецца.

У цэнтры фільма акурат кіроўца фуры, які вязе груз па расейскай глыбінцы. На расейскіх жахлівых дарогах ён сутыкаецца з самымі рознымі бандытамі — рэкецірамі, рабаўнікамі, гвалтаўнікамі — якія дзейнічаюць у зьвязцы з крамольнымі паліцыянтамі. Таксама на ягоным шляху — алькаголікі, прастытуткі, бамжы. Фільм паказвае сучасную Расею як пекла. Ён праўдзівы, бо Сяргей Лазьніца выдатна ведае расейскія рэаліі, зьняў пра іх дзясяткі дакумэнтальных фільмаў. І ніхто ў Расеі не зьняпраўдзіў фільм «Шчасьце маё», бо ён сутнасна адлюстроўвае тое, што там адбываецца.

Перадусім трэба паклапаціцца пра ахову. Я памятаю, як страшна ў 1990-я гады было езьдзіць у цягніках па Ўсходняй Эўропе. Мяне спрабавалі абрабаваць на пад’езьдзе да Катавіцаў у цягніку Будапэшт — Варшава. У цягніку Масква — Менск — Прага мы завязвалі дзьверы на рамяні, каб уначы на тэрыторыі Польшчы рабаўнікі не маглі залезьці ў купэ. Наш пісьменьнік Уладзімер Арлоў заўсёды ў падарожжа браў адмысловую драўляную засовачку. А пасьля ўсё ж польская чыгунка гэтае пытаньне вырашыла. Пры перасячэньні мяжы Беларусі з Польшчай у кожны вагон заходзіў узброены паліцыянт і ехаў у калідоры аж да мяжы з Чэхіяй. Гэтаксама і на зваротным шляху рабілася. А пасьля, калі краіна пабагацела, калі быў пераадолены пераходны крызыс, усё стала на свае месцы, і сёньня Польшча — адна з самых бясьпечных краінаў.

Пры адкрытай мяжы Беларусі з Расеяй, гэтыя банды могуць лёгка перамяшчацца на беларускі бок. Таму трэба ўмацоўваць і кантраляваць мяжу.

З Расеяй выглядае ўсё больш складана. Краіна ня рухаецца наперад, хутчэй яна рухаецца ў нікуды, як у фільме Лазьніцы. Ясная справа, што пры галечы і бессэнсоўнасьці злачыннасьць квітнее. Стан, у які завёў сучасную Расею рэжым Уладзімера Пуціна, не дае спадзявацца на лепшае. А ад краіны-суседкі нікуды ня дзенесься. Тым болей, што і эканамічныя стасункі з Расеяй для беларускай улады вызначаныя як прыярытэтныя. Таму беларускія ўлады павінны зьвярнуць увагу на гэтую праблему. Беларуская дзяржава абавязаная пільнаваць бясьпеку беларускіх грамадзянаў. Гарантыя бясьпекі грамадзянаў — першасная функцыя дзяржавы. Зрэшты, менавіта дзяржава выпраўляе кіроўцаў у Расею. Нават калі гэта прыватныя фірмы аўтаперавозак, яны ажыцьцяўляюць дзяржаўную гандлёва-эканамічную палітыку. Павінны сесьці за стол міністры ўнутраных справаў дзьвюх краінаў і выпрацаваць захады бясьпекі. Беларускія ўлады павінны таксама запатрабаваць і ад фірмаў-перавозчыкаў зрабіць захады дзеля бясьпекі кіроўцаў. Выпрацаваць схему больш бясьпечных маршрутаў, магчыма, наймаць ахоўнікаў дзеля суправаджэньня транспарту. І несьці адказнасьць за жыцьці людзей. Рабіць гэта трэба тэрмінова, бо чакаць, што Расея вырашыць гэтае пытаньне не выпадае. Паглядзіце фільм Лазьніцы.

Але самае страшнае, што пры адкрытай мяжы Беларусі з Расеяй, гэтыя банды могуць лёгка перамяшчацца на беларускі бок. Таму трэба ўмацоўваць і кантраляваць мяжу. І вырашыць усе гэтыя праблемы можна толькі на дзяржаўным узроўні.

Гурневіч: Трагічныя навіны з расейскіх дарог насамрэч не такія і новыя. 90-ыя гады ў многіх расейскіх рэгіёнах ніколі і не праходзілі. Зьмянялася форма. Зрэшты, ня толькі ў Расеі. Калі ў 90-х адкрыліся межы і людзі пачалі ганяць машыны зь Нямеччыны, Польшчы і іншых краін, то ўзьнялася лявіна. Гісторыі пра рэкеціраў сталі часткай народнага фальклору. Ён быў і ў Польшчы. Хаця банды былі зьмешаныя, і там было нямала нашых землякоў. Рэкет быў і ў Беларусі.

У Польшчы рэкету ўзору 90-х няма. Гэта эфэкт барацьбы з мафіяй. У 90-х слова «мафія» было вельмі папулярным. Існавалі гангі, была герархія, але дзяржава дала рады. І цяпер раз-пораз можна пачуць пра такія выпадкі, але яны ня маюць сыстэматычнага характару. Гэта хутчэй асобныя хуліганы ці злачынцы. І такое можа здарыцца паўсюль. Дарэчы, ад моманту калі беларусы пачалі масава езьдзіць за пакупкамі, здараюцца напады і на нашых суграмадзян.

Рэкету на дарогах у Беларусі не існуе. Ці можна лічыць гэта заслугай дальнабойнікаў? Не. Дык і чакаць, што яны вырашаць гэтую праблему і цяпер — не даводзіцца.

Зьнікла гэтая зьява і ў Беларусі. Магчыма, таму, што і машын так ужо не ганяюць. Некалькі гадоў таму Лукашэнка хваліўся, што гэта яму належыць заслуга ачышчэньня краіны ад мафіі. Маўляў, ён даў загад — і іх фізычна ліквідавалі. Тры гады таму Лукашэнка заявіў, што загадаў у канцы 90-х іх расстрэльваць. Частка зьехала за мяжу, то бок уцякла. Усё гэта цяжка праверыць, але факт ёсьць фактам. Рэкету на дарогах у Беларусі не існуе. Ці можна лічыць гэта заслугай дальнабойнікаў? Не. Дык і чакаць, што яны вырашаць гэтую праблему і цяпер — не даводзіцца. Дальнабойнікам раяць браць з сабой усё неабходнае, каб лішні раз не спыняцца, заліваць у шыны «Антыпракол», ехаць у кампаніі, не спыняцца ў бязьлюдных месцах. Але рэальнасьць такая, што цяжка гэтага прытрымлівацца. Гэта не дае ніякай гарантыі бясьпекі, а толькі яе нязначна павялічвае. Бо калі дзейнічае арганізаваная злачынная групоўка, то яна можа спыніць фуру сваімі мэтадамі.

Займацца барацьбой з мафіяй павінна дзяржава, яе праваахоўныя органы. У Расеі дзяржава моцна карумпаваная. Пра гэта сьведчаць ня толькі розныя міжнародныя рэйтынгі. Сама ўлада ў Расеі адкрыта пра гэта кажа. І чым далей ад цэнтру, дзе прымаюцца рашэньні і маецца нейкі кантроль, тым гэта рабіць цяжэй.

Калі такія выпадкі здараюцца зь беларускімі грамадзянамі, то заступіцца за іх павінна беларуская дзяржава. Тым больш Беларусь — саюзьнік Расеі. Гэта ж тэрыторыя Мытнага зьвязу. Ён ствараўся для спрашчэньня транспарту. Барацьба з рэкетам павінна стаць клопатам дзяржаваў, якія ўваходзяць у гэты зьвяз. Гэтае пытаньне павінна ўздымацца на самітах гэтага абʼяднаньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG