Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп як канец «амэрыканскага сусьветнага парадку» — агляд палітычных камэнтараў


Дональд Тамп і Ўладзімір Пуцін

Дональд Тамп і Ўладзімір Пуцін

Што азначае выбар Дональда Трампа для сусьветнай палітыкі і для палітычнай сытуацыі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў прыватнасьці?

Прапануем кароткі агляд найноўшых камэнтараў ад палітолягаў і палітычных камэнтатараў у заходняй прэсе.

Амэрыканскі палітоляг і гісторык Робэрт Каган адзначае ў Financial Times, што ў Дональда Трампа ёсьць яснае ўяўленьне пра ролю Амэрыкі ў сьвеце і што гэтае ягонае бачаньне падзяляюць многія амэрыканцы.

«Няясна, ці хоча ён спадабацца Ўладзіміру Пуціну, пачаць гандлёвую вайну з Кітаем ці будаваць свой мур. Але што тычыцца галоўнага пытаньня, зь якога выцякаюць усе астатнія, пытаньня пра адказнасьць ЗША за сусьветны парадак, то ён выразна не зацікаўлены працягваць несьці гэты цяжар. Ён імкнецца паставіць Амэрыку на першае месца, а гэта азначае, што мы набліжаемся да канца 70-гадовага амэрыканскага сусьветнага парадку», — піша Каган.

Паводле аўтара, выбар Трампа ня стане паваротам да «мітычнага амэрыканскага ізаляцыянізму», а ўсяго толькі «больш вузкім вызначэньнем амэрыканскіх інтарэсаў».

Выбар Трампа, адзначае аўтар, сыгналізуе «вяртаньне [амэрыканцаў] да нармальнага жыцьця». Трамп шукае непасрэдныя міжнародныя пагрозы для сваёй краіны і знаходзіць толькі адну: радыкальны ісламісцкі тэрарызм. Таму, як лічыць Каган, пытаньнем нумар адзін зьнешняй палітыкі ЗША становіцца стратэгія барацьбы з гэтым тэрарызмам.

Астатнія прыярытэты зьнешняй палітыкі ЗША, на думку Кагана, будуць вызначацца прагматычнымі эканамічнымі інтарэсамі ЗША. «Гандлёвыя зьдзелкі павінны быць для таго, каб зарабляць грошы, а не ўмацоўваць глябальны парадак або страхаваць саюзьнікаў, якія жывуць у цені вялікіх дзяржаў. ЗША больш не знаходзіцца ў страхавальным бізнэсе. На працягу многіх дзесяцігодзьдзяў ненармальная зьнешняя палітыка ЗША была накіраваная на адмаўленьне таго, што Расея і Кітай могуць мець свае сфэры інтарэсаў. Раней мела сэнс падтрымліваць такі парадак, каб пазьбегчы катаклізму, як у першай паловы 20-га стагодзьдзя. Але больш вузкае прачытаньне інтарэсаў ЗША не патрабуе гэтага», — робіць выснову Каган.

Расея пашырыць зону ўплыву?

Польскі сацыёляг і публіцыст Славамір Серакоўскі зьвяртае ўвагу, што выбар Дональда Трампа прэзыдэнтам ЗША, як раней рэфэрэндум наконт «Брэкзіту» ў Вялікабрытаніі, азначае, што «лібэральная дэмакратыя перастала быць канонам заходняй палітыкі».

Паводле Серакоўскага, найгоршыя наступствы выбар Трампа будзе мець для Эўразьвязу агулам і для яго ўсходніх удзельнікаў у прыватнасьці, паколькі ўзрасьце роля Расеі на эўрапейскай палітычнай сцэне.

«Уплыў Расеі будзе азначаць сыход НАТО з Усходняй Эўропы. Заходняя Эўропа таксама будзе ня супраць сысьці адтуль, карыстаючыся магчымасьцю выкінуць за борт штораз больш дакучлівых суседзяў, такіх як Польшча, якая, нягледзячы на тое, што зьяўляецца найбуйнейшым атрымальнікам сродкаў ЭЗ, выступае супраць далейшай інтэграцыі, не прыняла эўра, хоча спальваць вугаль ды сварыцца зь Нямеччынай, Францыяй і інстытуцыямі ЭЗ. Пры штораз слабейшым уплыве Захаду краіны Ўсходняй Эўропы, хутчэй за ўсё, паглыбяць свае эканамічныя і дыпляматычныя адносіны з Расеяй», — піша Серакоўскі.

Пуцін з Трампам хутка перасварацца?

Фіёна Гіл, экспэрт у расейскіх пытаньнях Інстытуту Брукінгса, лічыць, што ніякага істотнага павароту палітыкі ЗША пад кіраўніцтвам Трампа ў бок Расеі ня будзе.

На яе думку, падчас прэзыдэнцтва Трампа адбудуцца ўсяго «стылістычныя і рытарычныя зьмены» ў адносінах паміж ЗША і Расеяй.

Расея «заўсёды была экспансіянісцкай дзяржавай — увесь час у руху, ніколі ад нічога не адмаўлялася і нічога не саступала — як і Злучаныя Штаты. Яна хоча мець права вэта, гэтак жа, як і Злучаныя Штаты, адносна міжнародных дамоваў і розных пытаньняў. Мы будзем назіраць вельмі шмат антаганізмаў. І Трамп не належыць да самых дыпляматычных людзей. Так што я думаю, ён перасварыцца са сваім новым сябрам Уладзімірам даволі хутка», — прагназуе Фіёна Гіл.

Але і яна прызнае, што ў пачатковым пэрыядзе прэзыдэнцтва Трампа можа наступіць пэўнае збліжэньне ЗША і Расеі: «Трамп, хутчэй за ўсё, адмовіцца ад падтрымкі ЗША для сырыйскіх паўстанцаў і дазволіць Пуціну ўмацаваць расейскага саюзьніка прэзыдэнта Сырыі Башара Асада, каб абедзьве краіны маглі аб’яднаць свае сілы супраць Ісламскай дзяржавы. Трамп можа нават прызнаць анэксію Крыму і зьняць санкцыі супраць Расеі за яе ўмяшаньне ў справы Ўкраіны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG