Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дзяржаўнасьць бяз мовы і сваіх герояў. Што кажуць прыхільнікі «русского мира» пра гісторыю і сучаснасьць Беларусі


Актыў сэмінару за круглым сталом

Актыў сэмінару за круглым сталом

«Гісторыя расейскай дзяржаўнасьці — гэта гісторыя расейскага войска», — у Магілёве пагаварылі пра гістарычныя асновы беларускай і расейскай дзяржаўнасьці. Сэмінар для студэнтаў з такой назвай зладзіла арганізацыя «Русь маладая», вядомая сваёй прарасейскай арыентацыяй.

На працягу трох гадзінаў экспэрты і выступоўцы ні слова не прамовілі па-беларуску, пра Беларусь яны казалі толькі ў кантэксьце інтэграцыйных праектаў з Расеяй. Месцам правядзеньня сэмінару стаў Беларуска-Расейскі ўнівэрсытэт у Магілёве. Карэспандэнт Свабоды пабываў на сэмінары, паслухаў выступы, пагутарыў з арганізатарамі, а таксама з тымі экспэртамі, якіх не запрасілі, каб даць альтэрнатыўны погляд на тэмы, што абмяркоўваліся.

Цітарэнка: мова ВКЛ — «западнорусский язык»

Падаючы сваю вэрсію вытокаў беларускай дзяржаўнасьці, прадстаўнік інфармацыйна-аналітычнага парталу арганізацыі «Русь маладая» Даніла Цітарэнка пакінуў па-за ўвагай дзейнасьць вядомых беларускіх асьветнікаў сярэднявечча. Аўдыторыя, большасьць якой складалі студэнты-першакурсьнікі Беларуска-Расейскага ўнівэрсытэту, не пачулі ад яго імёнаў Эўфрасіньні Полацкай, Францішка Скарыны, Сымона Буднага.

Цітарэнка толькі аднойчы згадаў мову Вялікага Княства Літоўскага, назваўшы яе «западнарусским языком», адзначыўшы, што яго называюць яшчэ старабеларускім і стараўкраінскім.

Даніла Цітарэнка (трэці зьлева пасьля дзяўчат)

Даніла Цітарэнка (трэці зьлева пасьля дзяўчат)

«Ёсьць погляд, што гэтая мова была агульнаразмоўнай для ўсяго Вялікага Княства, аднак насамрэч яна заставалася толькі мовай вялікакняскай канцылярыі», — заяўляў прамоўца.

У гутарцы з журналістам Свабоды Цітарэнка паспрабаваў гаварыць па-беларуску, але неўзабаве вымушаны быў прызнаць, што ў яго не хапае слоўнікавага запасу.

Адказваючы на пытаньне, якое месца адводзіцца беларускай мове ў інтэграцыйных праектах Беларусі і Расеі, Цітарэнка не пагадзіўся, што нацыянальная мова і культура — галоўныя прыкметы нацыянальнай ідэнтычнасьці. Ён спаслаўся на досьвед шматмоўнай Швэйцарыі:

«Мова, можа, калісьці і была фактарам ідэнтычнасьці, але цяпер гэта спрэчнае пытаньне. Як культурны фэномэн і культурная зьява мова мае застацца, але цяпер яна апынулася пад пагрозай зьнікненьня. У інтэграцыйных працэсах беларуская мова ня мусіць ушчамляцца, але ні ў якім разе ёй нельга надаваць нейкае гіпэртрафаванае значэньне».

Трусаў: для Расеі ў яе стасунках зь Беларусьсю роля беларускай мовы фальклёрная

На свой сэмінар прыхільнікі «русского мира» не запрасілі тых навукоўцаў, хто мае іншую пазыцыю адносна гістарычных і сучасных рэаліяў беларускай і расейскай дзяржаўнасьці.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, камэнтуючы для Свабоды гэты сэмінар і агучанае там перад студэнтамі, зазначыў, што роля беларускай мовы ў інтэграцыйных праектах афіцыйнага Менску і Масквы фальклёрная:

Алег Трусаў

Алег Трусаў

«Такая ж самая роля ў чукоцкай, марыйскай, мардоўскай і шмат якіх іншых моваў. Выключэньне — хіба што татарская мова. Татарстан колькі разоў ужо намагаўся выйсьці са складу Расеі і выйшаў бы, каб не знаходзіўся ўсярэдзіне яе тэрыторыі. Усе астатнія народы сутыкаюцца з шалёнай русыфікацыяй і асыміляцыяй».

Цітарэнка: толькі БССР

Тым часам Даніла Цітарэнка, які назваў гісторыю сваім хобі, працягваў выкладаць сваё бачаньне вытокаў беларускай дзяржаўнасьці.

На гісторыкаў, якія даводзяць, што першай беларускай дзяржавай 20 стагодзьдзя была БНР, ён накінуў ярлык «гісторыкаў нацыяналістычнага толку». Першай беларускай дзяржавай, казаў ён, была БССР, якая ня стала «ворагам усім наўкола».

«Ураду БССР меў армію і ўсе неабходныя інстытуты ўлады, а Рада БНР нават не паспрабавала арганізаваць супраціў, калі кайзэраўскія войскі, згодна зь Брэсцкім мірам, пакінулі Менск», — агучыў адзін з довадаў аматар гісторыі.

Трусаў: БССР як супрацьвага БНР

Алег Трусаў, уступаючы ў завочную спрэчку з «Румолам», зазначае:

БНР ад пачатку абвяшчалася як несавецкая дзяржава, і больш за тое, яна не зьбіралася ўступаць ні ў якія альянсы з Расеяй. Яна настойвала на поўнай незалежнасьці ад Расеі. Каб не было БНР, то гаворкі пра БССР ніякай не вялося б.

«БНР ніколі ня будзе прызнаная прыхільнікамі беларуска-расейскай інтэграцыі як першая беларуская дзяржава ХХ стагодзьдзя.

БНР ад пачатку абвяшчалася як несавецкая дзяржава, і больш за тое, яна не зьбіралася ўступаць ні ў якія альянсы з Расеяй. Яна настойвала на поўнай незалежнасьці ад Расеі. Каб не было БНР, то гаворкі пра БССР ніякай не вялося б. Бальшавікі вымушаныя былі стварыць БССР у супрацьвагу БНР», — падсумаваў Алег Трусаў.

На выступ Цітарэнкі студэнты рэагавалі гутаркамі пра свае праблемы. Некаторыя гадалі, якія бонусы атрымаюць, прыйшоўшы на сэмінар. Шэптам адзін аднаму пераказвалі, што чакаюць залікаў па вучобе.

«Савецкая ўлада дала многае беларусам. Упершыню былі афіцыйна падтрыманыя мова, гісторыя і культура, — працягваў выступаць Даніла Цітарэнка. — Беларусь з аграрнай тэрыторыі ператварылася ў моцную індустрыяльную рэспубліку. Беларусы пачалі масава атрымліваць адукацыю, нават вышэйшую, пры гэтым на беларускай мове».

Прамоўца не нагадваў, чым скончылася савецкая беларусізацыя. Пра выбітую Сталіным беларускую нацыянальную інтэлігенцыю Цітарэнка прамаўчаў.

Беларусь мае права застацца незалежнай

Нечакана, прыгадваючы найноўшую гісторыю, адзначыў, што беларусы зноў атрымалі незалежнасьць у 1991 годзе. Зь яго выступу цяжка было зразумець, калі ж гэтую незалежнасьць яны страцілі.

У Беларусі, на думку Цітарэнкі, вялікая будучыня, але пры адной умове: сяброўскіх ды партнэрскіх дачыненьняў з суседзямі, але найперш з Расеяй. Тут ён прыгадаў інтэграцыйныя праекты з Расеяй.

На пытаньне журналіста Свабоды, ці здолее Беларусь захаваць свой сувэрэнітэт, рэалізуючы з Расеяй шчыльныя інтэграцыйныя праекты, Цітарэнка адказаў: «Я лічу, што Беларусь мае права застацца незалежнай».

Абсалютысцкае «рускае царства» і «літоўскі палон»

Гісторыя расейскай дзяржаўнасьці — гэта гісторыя расейскага войска, казаў далей Даніла Цітарэнка. Ён спаслаўся на выказваньне расейскага самадзержца Аляксандра ІІІ: «У Расеі два надзейныя сябры— расейская армія і расейскі флёт». Сваю моц Маскоўскае княства праявіла ў сярэдзіне 17 стагодзьдзя, казаў Цітарэнка. Як прыклад ён прыгадаў трынаццацігадовую вайну, але прамінуў увагай яе наступствы для Беларусі.

«Гэтая вайна паказала ўсю слабасьць фэадальнай рэспублікі Рэчы Паспалітай і ўсю моц абсалютысцкага рускага царства», — казаў аматар гістарычнага мінулага.

Гісторык Анатоль Сідарэвіч на просьбу журналіста Свабоды завочна нагадаў Цітарэнку пра беларускі погляд на вайну 1654-1667 гадоў.

Анатоль Сідарэвіч

Анатоль Сідарэвіч

«У асобных раёнах усходняй Беларусі быў зьнішчаны кожны другі жыхар. Было зьнішчана беларускае мяшчанства гэтак званым „літоўскім палонам“. У Масковію былі вывезеныя тысячы майстроў-рамесьнікаў. Беларусь такім чынам панесла незьлічоныя ахвяры альбо забітымі, альбо вывезенымі ў няволю. Наступствы тае вайны Беларусь адчувае дагэтуль», — адзначыў Сідарэвіч.

Недавер як прыкмета інтэграцыі Менску і Масквы

Пра інтэграцыйныя «посьпехі» афіцыйнага Менску і Масквы казаў палітычны аглядальнік Белтэлерадыёкампаніі Андрэй Крывашэеў. У сваёй прамове ён больш спасылаўся на ацэнкі інтэграцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Андрэй Крывашэеў (зьлева)

Андрэй Крывашэеў (зьлева)

«На першым этапе будаўніцтва саюзнай дзяржавы мы былі задужа рамантычнымі, зазіраючы ў будучыню нашмат далей, чым маглі яе рэалізаваць», — цытаваў Крывашэеў кіраўніка беларускай дзяржавы.

Згадаў журналіст дзяржаўнага СМІ і гандлёвыя войны саюзьнікаў, але тут жа пасьпяшаўся ўдакладніць, што такое азначэньне сытуацыі — «журналісцкае клішэ».

«Па вялікім рахунку ў эканоміцы мы не ваюем. Так, ёсьць супярэчнасьці, якія час ад часу выходзяць на ўзровень вышэйшых службовых асобаў, у тым ліку і прэзыдэнтаў», — казаў ён.

«Ці стрымлівае гэта разьвіцьцё і беларускага дзяржаўнага праекту, і нашай саюзнай дзяржавы? — запытаўся Крывашэеў у самога сябе і тут жа адказаў: — Так, безумоўна. Гэта спараджае недавер».

Інтэграцыя толькі на ўмовах Крамля

Эканаміст Яраслаў Раманчук у сэмінары ў Беларуска-Расейскім унівэрсытэце ня ўдзельнічаў. Пра інтэграцыйныя праекты Расеі зь Беларусьсю кажа: яны існуюць, пакуль Крэмль дазваляе іх.

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«Толькі на ўмовах Крамля можа існаваць нейкая інтэграцыя», — адзначыў эканаміст.

Ён настойвае, што мінулі часы, калі Беларусь атрымлівала шматмільярдныя гранты ад Расеі. Цяпер беларуская эканоміка мае вялікія праблемы.

«Пакуль Лукашэнка спрабуе гуляць у тую гульню, якая з гледзішча Крамля скончылася, таму колькасьць канфліктаў паміж дзьвюма краінамі будзе павялічвацца», — спрагназаваў Яраслаў Раманчук.

«Пуцін ня ёсьць адзіным носьбітам „русского мира“ і агрэсіўнай імпэрскасьці. На гэтую хваробу хварэе ўся расейская эліта, — дадае эканаміст. — Таму, хто б ня быў на чале Беларусі ў найбліжэйшай яе будучыні, давядзецца праводзіць палітыку нэўтралізацыі такога падыходу да інтэграцыі».

Студэнты прамаўчалі

Тым часам на сэмінары студэнцкую большасьць яго арганізатарам разварушыць на дыскусію не асабліва ўдавалася. Блізу трох дзясяткаў студэнтаў, пасаджаныя па-за круглым сталом, адмоўчваліся. Была зробленая выснова, што пасіўнасьць — гэта характэрная пазыцыя беларусаў.

Будынак Беларуска-Расейскага ўнівэрсытэту

Будынак Беларуска-Расейскага ўнівэрсытэту

У праграме сэмінару заключным пунктам значылася падвядзеньне вынікаў. Якіх вынікаў сэмінар дасягнуў, засталося няясным. Праз тры гадзіны размоў аўдыторыя ўмомант апусьцела.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG