Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Buddha Bar ў Краснаярску аштрафавалі за абразу пачуцьцяў вернікаў


Buddha Bar у Краснаярску

Buddha Bar у Краснаярску

Рэстаран Buddha Bar у Краснаярску аштрафавалі на 30 тысяч расейскіх рублёў за абразу пачуцьцяў вернікаў, абавязалі зьмяніць назву і прыбраць выявы Буды. Пра гэта напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку жонка ўладальніка ўстановы Натальля Мязіна.

Раней са скаргай у пракуратуру зьвярнулася жыхарка Пецярбургу, якая палічыла малюнак Буды ў інтэр’еры, а таксама назву ўстановы абразай пачуцьцяў вернікаў. Пачалася пракурорская праверка з удзелам рэлігіязнаўцаў і дацану (будысцкага манастыра-ўнівэрсытэту) ў Бураціі.

На сайце change. org апублікаваная пэтыцыя супраць рэстаранаў Buddha Bar ў многіх гарадах Расеі.

У пачатку лістапада пракуратура Кемераўскай вобласьці выявіла парушэньні ў рэстаране Buddha Bar ў Новакузьнецку. Як вынікае з заключэньня ведамства, выкарыстаньне статуі Буды ў якасьці прадмету інтэр’еру начнога клюбу прызнана абразьлівым для рэлігійных пачуцьцяў будыстаў. Уладальнікам рэстарана загадалі на працягу месяца ліквідаваць парушэньні. У Цюмені пасьля пракурорскай праверкі ўладальнік установы абяцаў правесьці рамонт і перайменаваць ўстанову.

Рэстараны пад шыльдай Buddha Bar разьмешчаныя ў розных гарадах сьвету. У 2010 годзе бар у Джакарце (Інданэзія) быў зачынены пасьля сэрыі акцый пратэсту мясцовых жыхароўбудыстаў, якія выступалі супраць выкарыстаньня рэлігійнай сымболікі ва ўстанове, у якой падаюць алькаголь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG