Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве не выключаюць правакацыяў на гадавіну Рэвалюцыі годнасьці


Плошча незалежнасьці, Кіеў, 24 Лістапада 2013 году
Плошча незалежнасьці, Кіеў, 24 Лістапада 2013 году

Падчас правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Кіеве да трэцяй гадавіны Рэвалюцыі годнасьці ўзровень тэрарыстычнай пагрозы застаецца падвышаным. Пра гэта на старонцы ў Facebook паведаміў дарадца міністра ўнутраных спраў Заран Шкірак.

«21-22 лістапада, у пэрыяд сьвяткаваньня 3-яй гадавіны Рэвалюцыі годнасьці, падчас правядзеньня масавых мерапрыемстваў узровень тэрарыстычнай пагрозы ў сталіцы застаецца падвышаным. На жаль, паводле апэратыўнай інфармацыі, расейскія спэцслужбы і ўнутраныя антыдзяржаўныя, дэструктыўныя сілы не пакідаюць намераў ажыцьцяўленьня правакацыяў у сьвяты для кожнага патрыёта Ўкраіны дзень», — напісаў Заран Шкірак.

Паводле яго словаў, МУС сумесна з СБУ праводзіць контартэрарыстычныя меры па недапушчэньні і прадухіленьні правакацыяў і магчымых тэрактаў у месцах масавага збору людзей. Рух транспарту ў цэнтры сталіцы будзе абмежаваны.

«Ня выключана, што для ажыцьцяўленьня правакацыйных дзеяньняў можа выкарыстоўвацца патрыятычная рыторыка і лёзунгі. Будзьце ўважлівыя. Зрэшты, праваахоўнікі цалкам гатовыя да любых выклікаў і не дапусьцяць рэваншу антыдзяржаўных сілаў», — дадаў дарадца кіраўніка МУС.

Ён адзначыў, што да аховы грамадзкага парадку 21-22 лістапада ў Кіеве будзе прыцягнута 6000 праваахоўнікаў, а ў цэлым па Ўкраіне — 15000.

На гэтым тыдні ўрад зацьвердзіў плян мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і сьвяткаваньні Дня годнасьці і свабоды 21 лістапада, які пачалі сьвяткаваць у 2014 годзе.

21 лістапада 2013 году ва Ўкраіне пачаўся эўрамайдан — пасьля таго, як урад Мікалая Азарава вырашыў спыніць падрыхтоўку да падпісаньня Дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Пратэсты працягваліся да лютага 2014 году. Сілавікі некалькі разоў спрабавалі разагнаць удзельнікаў пратэстаў.

Паводле зьвестак Генпракуратуры, усяго падчас эўрамайдану пацярпелі 2,5 тысячы чалавек, 104 зь іх загінулі — большасьць загінулі ў лютым 2014 году. Пасьля загінулых удзельнікаў акцыяў пратэсту сталі называць Нябеснай сотняй. Паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў, з 18 лютага па 2 сакавіка 2014 падчас выкананьня службовых абавязкаў у цэнтры Кіева загінулі таксама 17 сілавікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG