Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 20 лістапада 2016: «Возера радасьці» ў Горадні; «Medieval Classic Rock» у Менску


Гурт «Стары Ольса» на сцэне
Гурт «Стары Ольса» на сцэне

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

Майстэрня экскурсій «Менскі велашпацыр» арганізуе экскурсійны шпацыр па Кальварыйскіх могілках. Збор удзельнікаў каля цэнтральнай брамы могілак. Пачатак экскурсіі а 10.30.

У Горадні ў Прасторы «DOM 46» (вул. Лелявеля, 46) адбудзецца прэзэнтацыя раману Віктара Марціновіча «Возера радасьці». Пачатак а 17.00.

У ДК «МАЗ» у Менску адбудзецца прэзэнтацыя альбому «Medieval Classic Rock» гурту «Стары Ольса». Пачатак а 19.00.

У гісторыі:

1648 — вялікім князем ВКЛ і польскім каралём абралі Яна Казіміра (сына караля Жыгімонта III Вазы).

1899 — нарадзіўся беларускі пісьменьнік, перакладчык і крытык Міхась Клімковіч, першы старшыня Саюзу пісьменьнікаў БССР (1934-1939), аўтар тэксту Дзяржаўнага гімну БССР.

1901 — нарадзіўся беларускі празаік, драматург, перакладчык і крытык Міхась Зарэцкі. Рэагаваў часопіс «Маладняк» (1926-1927), быў адным з ініцыятараў стварэньня літаратурнага аб’яднаньня «Полымя». У 1929-м быў выключаны з камуністычнай партыі за «праявы нацыянал-дэмакратызму». У 1936-м арыштаваны. 29 кастрычніка 1937 году расстраляны.

1930 — Янка Купала спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам.

1948 — нарадзілася беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц. Загінула ў 1988 годзе, выкінуўшыся з акна сваёй менскай кватэры.

У памяці:

1910 — памёр расейскі пісьменьнік Леў Талстой.

1925 — памёр польскі пісьменьнік і публіцыст Стэфан Жаромскі.

1950 — памёр расейскі і беларускі публіцыст, крытык, журналіст і літаратар Леў Клейнбарт. Дасьледнік тэндэнцыяў і кірункаў беларускага літаратурнага руху. Першы біёграф Янкі Купалы.

Цытата:

«Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё зь любві,
Нават самая простая ява.
І тады душой не крыві
На дарозе жыцьця шырокай.
Пачынаецца ўсё зь любві —
Першы посьпех і першыя крокі.
Прыручаюцца салаўі,
І зьмяняюцца краявіды
Пачынаецца ўсё зь любві —
Нават ненавісьць і агіда...
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё зь любві.
А інакш і жыць немагчыма.»

Яўгенія Янішчыц

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG