Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьнясіленыя дзеці «сацыяльнай дзяржавы»


Наста Захарэвіч.

Наста Захарэвіч.

Калі 50 дзяцей, што жывуць на дзяржаўным забесьпячэньні, павольна паміраюць ад голаду, бо адказным дзяржаўным асобам няма да іх аніякай справы, — гэта катастрофа нацыянальнага маштабу. І ні за якімі статыстыкамі, дзірамі ў бюджэтах і прафэсійнымі выгараньнямі немагчыма схаваць гэтую жудасную беларускую рэальнасьць, у якой няма месца дзецям з «нулявым прагнозам прыходу да нормы».

Пяцьдзесят дзяцей (і гэта толькі ў адным інтэрнаце), якія адчуваюць боль, справядліва злуюцца і дэманструюць злосьць даступнымі ім сродкамі, ускалыхнулі нас так, як нішто, здавалася, не магло б ускалыхнуць. Як соцыюм, мы столькі нацярпеліся і столькі адчаю пабачылі, што сарказм і іронія закладзеныя ў нас генэтычна. Але тут немагчыма жартаваць, бо гэтая гісторыя нібыта агаляе самае сэрца беларускай сацыяльнай арыентаванасьці — яе бесчалавечную цынічнасьць.

У глыбіні душы мы працягваем верыць, што ўва ўсім гэтым павінна быць хоць нейкая справядлівасьць і здаровы сэнс.

Нягледзячы на тое, што выплаты беспрацоўным складаюць каля 20 рублёў на месяц, а калі патрабуецца больш-менш сур’ёзнае абсьледаваньне, мэдыцына ў большасьці выпадкаў перастае быць бясплатнай, дзесьці ў глыбіні душы мы працягваем верыць, што ўва ўсім гэтым павінна быць хоць нейкая справядлівасьць і здаровы сэнс. Мы суцяшаем сябе высновамі кшталту «хто хоча працаваць, заўжды знойдзе працу» і «трэба заўжды мець адкладзеныя грошы на форс-мажорныя сытуацыі». Але ж задача сацыяльнай абароны ў тым, што яна павінна абараняць. І калі міністарка працы і сацыяльнай абароны кажа, што мы павінны «круціцца» і працаваць на некалькіх працах адначасова, то гэта значыць, што міністэрства трэба ліквідаваць, сыстэму падаткаў кардынальна зьмяняць, а Марыяне Шчоткінай асабіста не плаціць больш за пражытачны мінімум на новым працоўным месцы.

Але сыстэма працягвае працаваць па-старому, нягледзячы ні на што. І асноўная прычына такога становішча — адчуваньне поўнай беспакаранасьці, уласьцівае беларускім чыноўніцам і чыноўнікам. Яны ўпэўнены, што ім усё сыдзе з рук, і гэтая ўпэўненасьць, на жаль, мае сур’ёзныя падставы. Галоўнае — правільна аформіць дакумэнты, а няма дакумэнту — няма праблемы.

Я не зьдзіўлюся, калі праз пару дзён дырэктар дому-інтэрнату заявіць, што таксама не ведаў пра існаваньне праблемы.

Ірына Дудка, намесьніца старшыні Камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Менгарвыканкаму, сьцьвярджае, што ў Камітэце нічога ня ведалі пра «інтэрнатаўскіх дзяцей», і вінаваціць у гэтым найперш Аляксея Моматава — таго самага пэдыятра, які адважыўся зрабіць усю гэтую гісторыю публічнай. А разгортваецца гісторыя такім чынам, што я не зьдзіўлюся, калі праз пару дзён дырэктар дому-інтэрнату заявіць, што таксама не ведаў пра існаваньне праблемы. Прынамсі, ён ужо сьцьвярджае, што артыкул «В 27 лет Артём весит как 3-летний ребёнок» поўны хлусьні.

Вось што яшчэ цікава: няўжо ў інтэрнаце не бывае праверак? Няўжо нават на сьвяты туды не завітваюць з падарункамі «высокапастаўленыя асобы»? Няўжо гэта магчыма, каб гадамі ніхто нічога не ведаў? Я адмаўляюся верыць у тое, што ў Менскі інтэрнат за ўвесь час прыяжджалі толькі аўстрыйцы, якія ў 2014 годзе прывезьлі партыю энтэральнага харчаваньня, дастатковую, каб адзін месяц даваць гэтае харчаваньне ўсім, каму яно неабходна.

Дык што ж адбывалася насамрэч? Усе гэтыя людзі, якія прывозілі ў інтэрнат падарункі на Новы год і Раство, яны ня бачылі зьнясіленых дзяцей? Ці бачылі і думалі, што практычна поўная адсутнасьць мяккіх тканак паміж косткамі і скурай — гэта норма? Ці дырэктар і падначаленыя казалі, што такая зьнясіленасьць — аб’ектыўнае наступства хваробы, і стан ніяк нельга палепшыць?

У мяне асабіста адчуваньне, што гэта ўсё — вялікі экспэрымэнт, праграма «Розыгрыш»...

У мяне асабіста адчуваньне, што гэта ўсё — вялікі экспэрымэнт, праграма «Розыгрыш», і вось-вось хтосьці расьсьмяецца і скажа «выдыхайце ўжо, вас здымала схаваная камэра». Што фотаздымкі акажуцца малюнкамі ў жанры гіпэррэалізму, чынавенства — нанятымі акторкамі і акторамі, што выйдзе аўтарка ці аўтар экспэрымэнту і скажа «усім дзякуй, мы ў вас не памыліліся, грошы, пераведзеныя на закупку харчаваньня, вернем на працягу трох дзён». Але куды больш імаверна, што ў хуткім часе мы «ўсёй грамадой» будзем шукаць новае месца працы маладому неабыякаваму пэдыятру.

Як бы ні разгортвалася гэтая гісторыя далей, дзеці ў ёй ужо перамаглі, і рана ці позна вінаватыя адкажуць за свае злачынствы. А калі ўжо мы за суткі знайшлі 13 тысяч даляраў, то і працу маладому неабыякаваму пэдыятру, ў выпадку чаго, знойдзем.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG