Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальная футбольная зборная амаль страціла шанцы на выхад у фінальную частку Чэмпіянату сьвету. Два балы ў чатырох гульнях — вынік, што называецца, ня надта.

Прад пачаткам адборачнага цыклю Фэдэрацыя футболу нарэшце акрэсьлілася з брэндам нацыянальнай каманды. Пасьля некалькіх тураў інтэрнэт-галасаваньня брэнд «Белыя Крылы» быў прызнаны ў якасьці неафіцыйнай назвы беларускай зборнай.

Перад першым матчам адбору са зборнай Францыі БФФ правяла адкрытую трэніроўку зборнай з абраным брэндам.

Натхнёная новым вобразам нацыянальная каманда Беларусі на барысаўскім стадыёне зацята білася зь безумоўным фаварытам нашай групы і дамаглася нічыёй.

Наступным быў Люксэмбург. Здавалася, што старт можа быць выдатны. Але...

Выпушчаная з рук на апошніх хвілінах перамога над Люксэмбургам, паразы ад Нідэрляндаў і абсалютна нефартовай для нас Баўгарыі, зрабілі турнірную сытуацыю даволі цяжкай.

І пачалося, інтэрнэт загудзеў нэгатывам — трэнэра ў адстаўку, гульцоў памяняць, крылы ня белыя, а драўляныя.

Пры ўсім пры тым, што зборная выдатна гуляла ў шэрагу таварыскіх гульняў, ды нават у прайгранай з буйным лікам гульні ў Галяндыі спрабавала менавіта гуляць, але ня мучыцца.

Гэткая рэакцыя заўзятараў зразумелая й збольшага чаканая. Так ва ўсім сьвеце. Але на ўсім прасьцягу інтэрнэтных форумаў я не пабачыў допісаў айчынных аматараў футболу, што маўляў — усё, буду заўзець за Расею (Польшчу, Нямеччыну і г.д.).

Бо па-першае, гэта твая каманда. Па-другое, зборная яшчэ не памерла, адбор ня скончаны, хоць і прывідныя, але шанцы ёсьць.

Што будзе заўзець за Расею, абвесьціў толькі прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту — А.Р.Лукашэнка.

Мяне, як заўзятара, даўно ня дзівяць ягоныя заявы.

Мяне не хвалюе й не цікавіць кантэкст, у якім гэта было прамоўлена (збор расейскіх журналістаў, чаканьне расейскага крэдыту, жаданьне спадабацца расейскаму заўзятару і электарату), бо я разумею галоўнае — чалавеку, які вызнае савецкія прынцыпы жыцьця, вельмі няўтульна пад «Белымі Крыламі», таму пры першай магчымасьці ён і да яго падобныя ўцякаюць пад крылы больш ім зразумелыя, няхай і іншага корлеру.

Гэта той самы эстэтычны канфлікт, як і ў аўтара «Зямлі пад белымі крыламі» (адкуль уласна і ўзяты гэты брэнд для зборнай) Уладзімера Караткевіча з усёй савецкай сыстэмай.

Але йдзе новая генэрацыя, якая гатовая нікуды не ўцякаць з-пад «Белых Крылаў», бо ніякія іншыя ім ня трэба.

Чэмпіён у кік-боксе Віталь Гуркоў заявіў, што «каманда пад Белымі Крыламі» — гэта трэнд. Гэта трэнд адраджэньня культуры, мовы, гісторыі, самасьвядомасьці.

Можна дадаць, і нашага спорту ў тым ліку. Усё мусіць атрымацца, крылы адразу не вырастаюць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG