Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купала прыйшоў на пахаваньне Купалы


Уладзімер Някляеў распавядае пра Купала, які прыйшоў на сваё пахаваньне
Уладзімер Някляеў распавядае пра Купала, які прыйшоў на сваё пахаваньне

Уладзімір Някляеў расказаў у Горадні, што заканчвае аповесьць пра Янку Купалу.

Народны паэт там «не зусім жывы». Аповесьць пачынаецца з таго, што Купала прачынаецца ў гатэлі «Масква» і ідзе ў Саюз пісьменьнікаў на сваё пахаваньне, кажа аўтар.

Уладзімеру Някляеву заўсёды было мала Купалы, створанага паводле савецкіх лякалаў. Існуюць дзьве кніжкі ўспамінаў, але ў іх нібы артыкулы з газэт. Якім ён быў насамрэч — незразумела. «Жывога чалавека няма». Як працаваць з такім матэрыялам? Калі браць пад увагу толькі надрукаванае пра Янку Купалу, сапраўднага творчага жаданьня напісаць свой твор не ўзьнікае. Таму што на паверхні цікавай, каб аўтару ўзяцца за пяро, а чытачу потым разгарнуць кнігу, выглядае толькі таямніца сьмерці, кажа Някляеў і дадае: а больш ніякіх па сутнасьці таямніц.

Што сёньня рабіць з Янкам Купалам, для якой прозы ён прыдатны і ў якім выглядзе? Уладзімер Някляеў падняў яго з традыцыйнага ўзроўню БССР і перанес у вышэйшыя сфэры, зрабіў суразмоўцамі найлепшых паэтаў, Сталіна, Берыю.

Што датычыць сьмерці народнага паэта, яго гібелі, то існуюць тры вэрсіі. Але любая зь іх, калі яе пакінуць адну, яна рэзка звужае гэту таямніцу, мяркуе Някляеў: «Так палёт Купалы доўжыцца, а так — можа спыніцца. Я лічу — хай яно застаецца так, як ёсьць. Але права любога мастака выдумляць». А ўвогуле любая таямніца, яна большая за разгадку, перакананы Ўладзімер Някляеў. Тым больш, што нельга называць прозьвішчы тых, хто мог быць вінаватым у сьмерці Купалы, ня маючы дакумэнтальнага пацьверджаньня (хаця савецкія дакумэнты, бывае, рэч неадназначная). А справа аб ягонай гібелі дагэтуль засакрэчаная. Проста так пад грыфам не трымаюць з 1942 году.

Адзін чалавек піша фантазійны твор аб знакамітым паэце, іншы аўтар выдаў кніжку пра яго ў сэрыі «100 выдатных дзеячоў». Гісторык Анатоль Тарас, які напісаў яе, перакананы, што Купалу забілі супрацоўнікі НКВД, такое мелі заданьне. Ён спасылаецца на пэўныя сьведчаньні. Дарэчы, узгадвае і Барыса Сачанку і Ўладзімера Някляева, кожны зь якіх рабіў сваё пісьменьніцкае дасьледаваньне сьмерці Янкі Купалы.

Гэтае здарэньне дагэтуль на вуснах. Уключаю дзяржаўнае радыё, нехта памяркоўна даводзіць, што ніякага забойства не было, Купала сам забіўся насьмерць. Доказы? Афіцыйны дакумэнт: дадзеных, што сьмерць гвалтоўная ці добраахвотная — ня высьветлена. Значыць, выпадковасьць. Выпіваў разам зь іншымі пісьменьнікамі, прыйшоў да іх «нападпітку» быўшы ўжо. Выйшаў у канцы і ўсё. І ніхто нічога ня бачыў.

Аргумэнт тых, каго задавальняе вэрсія аб няшчасным выпадку: Берыі, а таксама Сталіну, якому пайшла копія, брахаць бы ня сталі… Але пісаў яшчэ сам Купала ў «Тутэйшых» — можна думаць адно, гаварыць другое, а рабіць трэцяе. А чацьвёртае, дадамо ад сябе, — пісаць.

Уладзімер Някляеў раней у студыі «Свабоды», распавядаючы аб сваім дасьледаваньні, прывёў цытату з таго славэтнага дакумэнту: «28 июня в 22 часа 30 минут в гостинице «Москва» упал в лестничную клетку и разбился насмерть поэт Белоруссии Луцкевич Иван Доминикович». І пракамэнтаваў пытаньнямі: «Што «спецсообщается» пра Янку Купалу — зразумела. Толькі чаму ён Луцкевіч, а не Луцэвіч? Памыліліся? У данясеньні на імя Берыі з копіяй Сталіну?..» Якой можа быць тады, думаецца нам, цана такіх папер?

Беларускаму народу, зразумела, не да Купалы. Як не да мовы, не да нацыянальных каштоўнасьцяў, не да зьместу свайго імя. А калі зойдзе гутарка выпадкова, ва ўсіх пытаньнях задавальняе менавіта памяркоўны адказ, толькі ён не выклікае раздражненьня ці варожасьці. Афіцыйны адказ, зразумела. Такога ж кшталту, як данясеньне Берыі з копіяй Сталіну. Глядзіце праўдзе ў вочы: мова свая народу да лямпачкі, закрыць беларускія школы, куды дзеці пайшлі пры Шушкевічу, ніхто не змушаў, ніякага гвалту не было. І самагубствам гэта называць — глупства. Нічога такога не было. Усё атрымалася само сабой. Вы што, дакумэнтам ня верыце? Чорным па белым напісана. «Написанному — верить».

Быў Купала і няма. Што такое паэт, калі краіна будуе пажарным тэмпам ГУЛАГ? Калі стаханаўцы з НКВД сьпяшаюцца забясьпечыць яго народанасяленьнем? Здаецца сёньня, любіў народ паэта толькі ў газэтах. І што такое паэт, калі «Идет война народная, священная война». Што там «Правда» напісала? Зваліўся зь лесьвіцы? Не пашанцавала. А каму на вайне шанцуе? 1942 год, браткі.

Што там шапталіся ў ягоную адсутнасьць, якія даносы пісалі, чаму зь ім так зрабілі? Няма адказаў. Вось і давялося Купалу на сваё пахаваньне схадзіць: можа што ўдасца пачуць, больш падобнае да праўды, магло падумацца яму, калі зашпільваў пінжак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG