Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знаёмая распавяла пра свой першы візыт у Вільню ў 1970-я.

— «Мы былі зусім маладзенькія дзяўчаты-другакурсьніцы і першы раз у жыцьці самастойна ехалі ў іншы горад. Былі ўтрох. Нам распавялі, што ў Вільні прыгожыя вузкія старыя вулачкі, на якіх ёсьць сымпатычныя кавярні, непадобныя да менскіх. І што ў іх гатуюць вельмі смачную сапраўдную каву.

Лета, сьпёка, мы гуляем і раптам бачым паўскляпеньне са старымі каванымі дзьвярыма. Заходзім. Перад намі драўляныя сталы і крэслы ручной работы, інтэр'ер са старадаўніх прадметаў, карціны. Пасярод усёй прыгажосьці стаіць малады мужчына з аголеным торсам. Мы думаем, «відаць, у іх у Прыбалтыцы так нармальна сустракаць наведнікаў».

Мужчына ўсьміхаецца і пытае, што нам патрэбна? Мы глядзім на яго, саромеемся, але просім кавы. Ён садзіць нас за стол, колькі хвілін гатуе каву ў турцы. Разам з намі п'е. Распытвае, хто мы і адкуль. І тут з размовы вынікае, што наш суразмоўца — мастак, а мы знаходзімся ў яго прыватнай майстэрні!»

У гэтай гісторыі невядомая нацыянальнасьць гасьціннага мастака. Ці быў ён сынам жмудзкіх сялян, якія перасялілісяса свайго рыбацкага пасёлку. Ці ягоны бацька —паляк з падвіленскага хутару — быў удзельнікам Арміі Краёвай і нават бачыў самога Сяргея Пясэцкага. А можа мастак быў нашчадкам тых нешматлікіх габрэяў, якія перажылі акупацыю. Ці ягоныя сваякі прыехалі сюды пасьля вайны інжынэрамі ці вайскоўцамі з РСФСР.А можа ягоныя бацькі пазнаёміліся ў Віленскай беларускай гімназіі! А сам мастак мог правесьці экскурсію па беларускай Вільні, невядомай большасьці беларусаў як у 1970-я, гэтак і цяпер.

Цягам 2016 году я не аднойчы на розных рэсурсах бачыў артыкулы з агульнай тэмай «Вільня больш непатрэбная!». Маўляў, ёсьць у Менску свая вуліца з кавярнямі «ня горш, чым у іх». «Джынса», — сказаў мой прыяцель. «Джынса» — у сэнсе заказны рэклямны матэрыял, закамуфляваны пад журналісцкі артыкул.

Невядомым мне рэклямістам зь лёзунгам «Вільня больш непатрэбная!» я ня буду казаць пра Вільню як калыску беларускай цывілізацыі. Пра адчуваньне бясьпекі, якое ўзьнікае адразу, калі ўяжджаеш на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі, нібы выпадаеш з абсягу радараў «Вялікага Брата». Ня буду казаць пра самы блізкі да Менску некрануты разбурэньнямі архітэктурны ансамбаль і пра суплёт моваў і культураў у адным месцы.

Той самы суплёт, які зьнік у Менску спачатку праз сталіншчыну, пасьля праз гітлераўшчыну і быў забэтанаваны паваеннай татальнай русіфікацыяй. Калі Менск ператварыўся ў кацёл, дзе вынішчалася хоць якая адметнасьць людзей, якія прыяжджалі ствараць горад нанова. А атрымалася — зьнішчаць сябе як індывідуальнасьць. Калі беларус у беларусе ўжо ня бачыў свайго хоць па якой прыкмеце, ды хоць па моўнай.

Я скажу толькі, што цяпер душа Менску хаваецца па завугольлях, прыціснутая безгустоўнымі навабудамі і варварскімі рэканструкцыямі старых камяніц. Што людзям, каб адчуць сябе вольна, трэба паўпартызанскімі шляхамі адваёўваць на пэўны час культурную прастору, ведаючы, што ў кожны момант прастора можа сьціснуцца і зьнікнуць.

«Навошта табе Вільня — пі тут!» — гэта пра вельмі невялікі адсотак мэтавай аўдыторыі.

Вільня 1970-х была ў горшай сытуацыі, чым Менск у 2016. Таталітарны СССР ніхто не адмяняў. Партыя кіравала, а межы былі зачыненымі. Але ўсё пачынаецца знутры, з унутранай разьняволенасьці.

Я так і ўяўляю сабе гэты момант. Прачынаесься раніцай, а дыктатуры ў Беларусі няма. Усе адразу стануць унутрана разьняволенымі? Упэўнены, што не. Зьнешні фактар толькі зьнешні. Хіба дыктатура замінае быць чалавечным у камунікацыі? А чалавечным — значыць, індывідуальным. Індывідуальнасьці бракуе ў менскай публічнай прасторы.

Пачынаць трэба ўжо сёньня. І, магчыма, нейкім віленскім дзяўчатам-другакурсьніцам распавядуць пра чароўны горад Менск, дзе з турыстамі адбываюцца неверагодныя цёплыя і ўсьмешлівыя гісторыі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG