Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь аднавіла дыпляматычную прысутнасьць у Швэцыі


Мiнiстар замежных спраў Уладзімер Макей (справа) і пасол Швэцыі ў Беларусі Марцін Обэрг.
Мiнiстар замежных спраў Уладзімер Макей (справа) і пасол Швэцыі ў Беларусі Марцін Обэрг.

Пра гэта паведаміў міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей 18 лістапада падчас сустрэчы з амбасадарам Швэцыі ў Беларусі Марцінам Обэргам.

16 лістапада ў Стакгольме прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў беларускі дыплямат у якасьці Часовага паверанага ў справах Беларусі ў Швэцыі.

Падчас сустрэчы Макей і Обэрг абмеркавалі пэрспэктыўныя кірункі разьвіцьця супрацоўніцтва Беларусі і Швэцыі, узаемадзеяньне па лініі Беларусь — ЭЗ, а таксама актуальныя пытаньні рэгіянальнага парадку дня, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

Стасункі паміж Беларусьсю і Швэцыяй абвастрыліся пасьля «плюшавага дэсанту» 4 ліпеня 2012 году. Некалькі грамадзянаў Швэцыі праляцелі на лёгкім самалёце ўглыб тэрыторыі Беларусі і скінулі з самалёта плюшавых мядзьведзікаў з надпісамі за свабоду слова ў Беларусі.

Амбасада Швэцыі ў Менску была зачыненая 30 жніўня 2012 году. Тады спыніла працу і амбасада Беларусі ў Стакгольме. Дыпляматычнаму канфлікту папярэднічала рашэньне беларускіх уладаў не працягваць акрэдытацыю швэдзкаму амбасадару Стэфану Эрыксану, якога абвінавацілі ў дэструкцыйнай дзейнасьці. У адказ швэдзкія ўлады заявілі, што ня прымуць новага амбасадара Беларусі, і параілі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм.

Вясной 2013 году беларускі бок задаволіў просьбу швэдзкага боку і акрэдытаваў у Менску Часовага паверанага ў справах Швэцыі ў Беларусі.

Новым амбасадарам Швэцыі ў Беларусі быў прызначаны Марцін Обэрг.

У студзені Марцін Обэрг заявіў пра значнае паляпшэньне адносінаў паміж Менскам і Стакгольмам, асабліва калі параўноўваць з 2012 годам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG