Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На перамовах Лукашэнкі і Пуціна найперш будуць палітычныя тэмы, — Сурыкаў


Аляксандар Сурыкаў

Аляксандар Сурыкаў

Падчас перамоваў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Маскве на першым месцы будуць палітычныя тэмы.

Пра гэта заявіў журналістам амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў.

«Думаю, што на першым месцы будуць усё ж такі палітычныя тэмы з улікам сытуацыі ў сьвеце, а гаспадарчыя размовы, якія ва ўсіх на слыху, — нафтагазавыя і гэтак далей — гэта не галоўная тэма гэтай сустрэчы. Але яна таксама, напэўна, будзе прысутнічаць».

Амбасадар таксама пракамэнтаваў прэс-канфэрэнцыю Лукашэнкі прадстаўнікам расейскіх рэгіянальных СМІ.

«На мой погляд, яна нават менш крытычная, чым усе папярэднія. Сытуацыя ў сьвеце такая, што ёсьць над чым задумацца і дзе-нідзе мякчэць — там, дзе была вастрыня. Некаторыя нюансы зьнешнепалітычныя, магчыма, у сьвеце паўстануць, у тым ліку ў сувязі з выбарчымі кампаніямі ў ЗША, Францыі, ФРГ. Таму сёньняшні пэрыяд — ня час для вострых адчуваньняў».

Гаворачы пра разьвіцьцё супрацоўніцтва ў фармаце СНД, амбасадар адзначыў, што падзяляе заклапочанасьць Лукашэнкі эканамічнымі праектамі.

«Адзін зь іх — гэта пояс Шаўковага шляху. Яго неабходна як мага хутчэй рэалізаваць. Ён сурʼёзна змацуе ў тым ліку частку краін СНД. І неабходна думаць пра далейшыя сумесныя праекты. Маецца на ўвазе энэргетыка, прамысловая вытворчасьць і г. д.», — цытуе БелТА Сурыкава.

Падчас прэс-канфэрэнцыі 17 лістапада Лукашэнка паведаміў, што ягоная сустрэча з Уладзімерам Пуціным, хутчэй за ўсё, адбудзецца 22 лістапада.

Паводле Лукашэнкі, у Беларусі і Расеі ёсьць «шмат праблемаў, якія азмрочваюць нашы адносіны». «Новага, на жаль, нічога не зрабілі, больш нэгатыву», — дадаў ён.

Паводле Лукашэнкі, Беларусь «вельмі залежыць ад расейскага рынку». «На расейскім рынку адбыўся сурʼёзны абвал, і мы страцілі за 9 месяцаў каля 3 млрд даляраў. Значна ўпаў таваразварот. Адзіная сьветлая пляма — гэта што ў фізычных абʼёмах мы прырастаем».

Паводле Лукашэнкі, эканамічная сытуацыя ў кіраўнікоў Беларусі і Расеі «ужо выклікае раздражнёнасьць, што мы ня можам выйсьці з гэтага піке і аднавіць эканоміку».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG