Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 19 лістапада 2016: «Тутэйшы дызайн» у Менску; дзень нараджэньня Міхала Баброўскага


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

У Культурніцкай прасторы «Тартак» (Менск, вул. Магілёўская, 2) пройдзе прэзэнтацыя зборніка «Песьні тралейбусных рагуляў» Уладзіслава Гарбацкага. Пачатак а 16.00.

У менскім Палацы мастацтва адбудзецца прэзэнтацыя каталёгу «Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы» Беларускага саюза дызайнэраў. Пачатак а 17.00.

У кавярні «Ўтопія 60» (Менск, пр. Леніна, 3) пройдзе сустрэча зь Сяргеем Пукстам, кампазытарам, музыкам, паэтам і перакладчыкам. Пачатак а 19.00.

У гісторыі:

1190 — падчас Трэцяга крыжовага паходу ў Палестыне быў заснаваны Тэўтонскі ордэн (поўная назва: Ордэн тэўтонскіх рыцараў шпіталя Сьв. Марыі ў Ерусаліме).

1784 — у вёсцы Волька на Падляшшы нарадзіўся Міхал Баброўскі, славіст і ўсходазнавец, філёзаф, уніяцкі і праваслаўны сьвятар, які спрыяў узьнікненьню беларусазнаўства, першы беларускі скарыназнаўца, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту. Адкрыў і апісаў «Супрасьлеўскі кодэкс», найбольш значны стараславянскі кананічны рукапіс.

1908 — У вёсцы Шані на Пружаншчыне нарадзіўся Мікола Засім, беларускі паэт.

1942 — савецкія войскі пачалі контрнаступ пад Сталінградам.

У памяці:

1557 — памерла Бона Сфорца, польская каралева і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта І Старога. Бона Сфорца шмат зрабіла для разьвіцьця беларускіх земляў і дзеля збліжэньня Беларусі з Заходняй Эўропай. З ініцыятывы каралевы Боны была праведзеная вялікая аграрная рэформа.

2007 — памёр Язэп Сажыч, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, у 1982-1997 гадах старшыня Рады БНР.

2008 — памёр Алег Лойка, беларускі паэт, пісьменьнік і літаратуразнаўца.

Цытата:

«Ніхто са мной так радасьці ня дзеліць,

Як жаўранак, і ціхі васілёк,

I ветрык, што дымкі з дамоў кудзеліць,

I лес, што кліча пошумам здалёк.

Ніхто са мной і гора так не дзеліць,

Як зоры ў векавечнай вышыні,

Лугі пад беласьнежнаю пасьцеляй,

Дарогі ў задуменьні жытніх ніў.

Сьпявай, жаўрук!.. Квітней, мая валошка!..

Шумі, мой бор, да болю дарагі!..

Найменшая кузюрынка і мошка,

Вітайце, як найбольшыя багі!

Апальвай, сонца, плечы мне і грудзі,

Віхор, у твар адкрыты вечна дзьмі!..

Пакуль дзяліць мы з вамі радасьць будзем,

Пакуль дзяліць мы з вамі гора будзем,

Паэтамі мы будзем і людзьмі!»

Алег Лойка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG