Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баі за Мосул: «пустынны постапакаліпсіс»


На поўначы Іраку працягваецца бітва за ключавы горад Мосул, якую называюць найбуйнейшай вайсковай апэрацыяй на тэрыторыі краіны зь 2003 году, калі быў скінуты дыктатар Садам Хусэйн.

Вызваліць Мосул ад баевікоў «Ісламскай дзяржавы» адначасова спрабуюць ўрадавыя войскі, курдзкія фармаваньні «Пэшмэрга», падтрыманыя Іранам шыіцкія аддзелы і мясцовыя апалчэнцы. Баі за Мосул будуць працягвацца, відавочна, яшчэ доўга — радыкальныя ісламісты адмаўляюцца здавацца і рыхтуюцца абараняць кожны квартал захопленага імі гораду, у якім застаюцца каля паўтары мільёнаў жыхароў.

Руіны зьнішчанага храму рэлігійнай групы какаі.
Руіны зьнішчанага храму рэлігійнай групы какаі.

Стратэгічны наступ на Мосул, у якім удзельнічаюць каля 60 тысяч байцоў — ірацкія салдаты, курды, шыіты і мясцовыя суніцкія плямёны, пры падтрымцы авіяцыі заходніх краін — пачаўся 17 кастрычніка. На поўначы Іраку цяпер таксама дзейнічаюць каля 8 тысяч вайскоўцаў краін НАТО, больш за палову зь іх — амэрыканцы. Мосул, паводле непацьверджаных зьвестак, абараняюць ад 5 да 10 тысяч баевікоў «Ісламскай дзяржавы».

Руіны старажытнага гораду Німруд, нядаўна вызваленага ад баевікоў.
Руіны старажытнага гораду Німруд, нядаўна вызваленага ад баевікоў.

Украінскі журналіст Юрый Мацарскі вярнуўся зь месца баёў за Мосул. У інтэрвію Радыё Свабода ён расказвае пра свае ўражаньні ад гэтай вайны.

РС: Вы пісалі, што ўсё, што адбываецца на поўначы Іраку, нагадвае сэрыю старых фільмаў 80-х гадоў пра «Шалёнага Макса» з Мэлам Гібсанам. І што, усе тыпажы «пустыннага постапакаліпсісу» там ёсьць?

Мацарскі: Так, сапраўды. Хоць бы курдзкае апалчэньне — у іх няма нейкай статутнай уніформы, няма агульнага ўзбраеньня. Гэта людзі, апранутыя хто ў што, узброеныя хто чым. Гэта можа быць і нейкі старажытны кітайскі аўтамат Калашнікава, і сучаснай кулямёт, дастаўлены кімсьці з заходніх саюзьнікаў, немцамі або амэрыканцамі. Акрамя таго, іх тэхніка, гэта таксама вельмі важны момант! У краіне вялікая колькасьць вайсковай тэхнікі, якую амэрыканцы пакінулі яшчэ ў пачатку 2000-х, яе перадавалі ўладам або арміі Іраку, а часам непасрэдна «Пэшмэрга». Акрамя таго, ёсьць вялікая колькасьць тэхнікі зь ліку той, што была перададзена арміі Іраку, а пасьля захопленая баевікамі «Ісламскай дзяржавы» і цяпер зноў адбітая — арміяй альбо «Пэшмэрга». Дык вось, уся гэтая тэхніка часта з «калгасным цюнінгам», што называецца. На яе навешана ўсё, што толькі магчыма, нейкія жалезныя лісты, краты, каб абараніць ад аскепкаў, ад куль і гэтак далей. Гэта нешта зусім неверагоднае! Нейкія матрацы, старая мэбля, мэталічныя дзьверы, зьнятыя невядома адкуль. І такога роду грузавікі і пікапы возяць на фронт адно папаўненьне за адным.

Ірацкія ўрадавыя вайскоўцы і падручнік, выдадзены «Ісламскай дзяржавай».
Ірацкія ўрадавыя вайскоўцы і падручнік, выдадзены «Ісламскай дзяржавай».

РС: А як адрозьніваюцца гэтыя сілы ўнутрана?

Мацарскі: Вельмі, і то ўсе — калі мы гаворым і пра курдзкае апалчэньне, і пра іракскую армію, і пра заходніх саюзьнікаў. Галоўны спрэчны момант — каму потым будзе належаць Мосул! Рэч у тым, што само апалчэньне «Пэшмэрга» пакуль яшчэ не пускаюць у горад саюзьнікі. Мосул яшчэ не вызвалены, горад па-ранейшаму ўтрымлівае «Ісламская дзяржава», але туды час ад часу заходзіць спэцназ ірацкай арміі. І што адразу прыкметна, калі ты прыяжджаеш на перадавую — наступ курдзкага апалчэньня, наступ іракскай арміі і наступ шыіцкай міліцыі адбываюцца паралельна. То бок, гэта ня тыя сілы, якія наступаюць разам, адзіным фронтам, не! За кожнай з гэтых сіл замацаваны пэўны ўчастак фронту, і на ім яны ваююць.

У раёне, кантраляваным атрадам «Пэшмэрга».
У раёне, кантраляваным атрадам «Пэшмэрга».

Мне ўдалося на перадавой пагаварыць з камандзірам аднаго з аддзелаў «Пэшмэрга», якія ідуць заўсёды наперадзе, наступаюць на пазыцыі «Ісламскай дзяржавы». І я ў яго пытаўся, ці ёсьць каардынацыя паміж гэтымі рознымі сіламі? Ён адказаў, што, будучы кіраўніком аддзелу зь некалькіх сотняў чалавек на перадавой, ён не ўступае наогул ні ў які кантакт з ірацкай арміяй! Хоць яны бачаць адзін аднаго, часткі «Пэшмэрга» і часткі ірацкай арміі знаходзяцца ў візуальным кантакце адзін з адным, але тым ня менш, яны не перамаўляюцца. Уся каардынацыя, як мне растлумачыў гэты камандзір, адбываецца на ўзроўні адміністрацыі прэзыдэнта ірацкага Курдыстану. Вось ужо там сам асабіста Масуд Барзані нейкім чынам кантактуе і з Багдадам, і, мяркуючы па ўсім, з Вашынгтонам, і зь іншымі сталіцамі дзяржаў, якія адпраўляюць на поўнач Іраку сілы, каб перамагчы «Ісламскую дзяржаву».

Машына шыіцкага атраду каля Мосулу.
Машына шыіцкага атраду каля Мосулу.

РС: Што станецца зь дзясяткамі тысяч людзей, якія ўцякаюць, як я разумею, адусюль і ад усіх? Пакуль яны ў лягерах уцекачоў, а потым?

Мацарскі: Ёсьць некалькі катэгорый людзей, якія знаходзяцца ў лягерах для ўцекачоў. І ў першую чаргу варта адзначыць тых, хто сам меў наўпроставае дачыненьне да «Ісламскай дзяржавы» і цяпер спрабуе выбрацца з штораз цясьнейшага кольца аблогі. Іх вялікая колькасьць, мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра тысячы чалавек. Тых, хто ўцякае цяпер з былых ці ўсё яшчэ акупаваных тэрыторый, не пускаюць у гарады, і яны застаюцца ў лягерах. З тымі людзьмі, якія маглі мець дачыненьне да радыкальных ісламістаў, цяпер працуе маса спэцслужбаў, у тым ліку заходніх, каб неяк іх адфільтраваць, выявіць усе магчымыя кантакты і не дапусьціць іх пранікненьня ў мірныя гарады або ўжо вызваленыя. У другую чаргу гэта — мірныя жыхары з тых тэрыторый, якія цяпер вызваляюцца ад улады «Ісламскай дзяржава».

Пахаваньне дзіцяці, забітага абстрэлам баевікоў.
Пахаваньне дзіцяці, забітага абстрэлам баевікоў.

Ёсьць катэгорыя людзей, якія найменш абароненыя, якім абавязкова патрэбна дапамога, прычым тэрмінова! Гэта былыя рабы, у першую чаргу рабыні, «Ісламскай дзяржавы». Гэта няшчасныя жанчыны, якія правялі па 2-2,5 году ў рабстве, часта гэта было рабства сэксуальнае. Яны былі захопленыя разам са сваімі мужамі і дзецьмі, потым іхных мужоў забілі, дамы разбурылі. Яны цяпер жывуць у лягерах, не разумеючы, куды яны змогуць вярнуцца, чым яны змогуць займацца ў тых вёсках і гарадах, адкуль яны родам. У іх няма мужоў, якія іх забясьпечвалі, няма дамоў, у якія можна вярнуцца. Гэта велізарная праблема.

Дзяўчына-языдка, вызваленая з палону баевікоў.
Дзяўчына-языдка, вызваленая з палону баевікоў.

Цалкам чытаць інтэрвію тут.

Амэрыканскі бронеаўтамабіль непадалёк ад Мосулу.
Амэрыканскі бронеаўтамабіль непадалёк ад Мосулу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG