Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар выведкі ЗША прагназуе працяг агрэсіі Расеі супраць Украіны і NATO


Джэймс Клапэр на слуханьні ў камітэце Кангрэсу, Вашынгтон, 17 лістапада 2016 году

Джэймс Клапэр на слуханьні ў камітэце Кангрэсу, Вашынгтон, 17 лістапада 2016 году

Дырэктар нацыянальнай выведкі ЗША Джэймс Клапэр прагназуе, што Расея працягне сваю агрэсіўную палітыку супраць Украіны і саюзу NATO.

Як сказаў Клапэр на слуханьні ў камітэце Палаты прадстаўнікоў па справах выведкі, Расея, на яго думку, будзе захоўваць прысутнасьць на ўсходзе Ўкраіны.

«Зразумела, што Расея хоча захаваць уплыў у такім традыцыйным рэгіёне „вялікай Расеі“, як Украіна ... Думаю, цяперашняя напаўпатовая сытуацыя будзе працягвацца», — лічыць Джэймс Клапэр.

Ён таксама дадаў, што ня бачыць магчымасьці зьмены агрэсіўнай пазыцыі Расеі ў дачыненьні да краінаў-чальцоў NATO у сувязі з плянамі абранага будучага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа палепшыць адносіны Вашынгтона і Масквы.

А што да Сырыі, сказаў Джэймс Клапэр, нядаўняе прыбыцьцё ў Міжземнае мора непадалёк ад сырыйскага берага адзінага расейскага авіяноснага карабля сьведчыць пра тое, што «Расея там застанецца».

Адносіны ЗША і большасьці вядучых краінаў сьвету з Расеяй рэзка пагоршыліся пасьля агрэсіі Масквы супраць Украіны ў Крыме, а потым на частцы Данбасу. Пасьля гэтага Расея прыкметна ўзмацніла супрацьстаяньне з саюзам NATO, а таксама ўмяшалася ў грамадзянскую вайну ў Сырыі на баку кіроўнага рэжыму Дамаску, што прывяло да далейшага пагаршэньня гэтых адносінаў.

Трамп і падчас выбарчай кампаніі, і ўжо пасьля абраньня выказваўся за паляпшэньне адносінаў з Расеяй і выступіў з цэлым шэрагам заяваў, якія далі падставы крытыкам казаць пра яго прарасейскую пазыцыю. Зь іншага боку, палітолягі кажуць, што палітычная сыстэма ЗША ня дасьць ніводнаму чалавеку, нават на пасадзе прэзыдэнта, рэзка зьмяніць курс краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG