Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзецях усё меней сацыяльнай патрэбы: дэмографы спрагназавалі скарачэньне насельніцтва Беларусі


Дасьледаваньне «Стан і пэрспэктывы дэмаграфічнага разьвіцьця ў Рэспубліцы Беларусь» беларускага НДІ працы, зробленае пры падтрымцы Фонду ААН у галіне народанасельніцтва, прэзэнтавалі ў Менску 17 лістапада. Пра дасьледаваньне распавядае БелаПАН.

Мінус паўмільёна беларусаў

Да 2030 году дэмографы пралічылі чатыры прагнозы: аптымістычны, сярэдні (мэтавы, як у дзяржпраграмах), пэсымістычны і інэрцыйны (без уліку міграцыі). Усе апроч аптымістычнага кажуць, што насельніцтва Беларусі будзе скарачацца.

Паводле інэрцыйнага прагнозу, зь цяперашніх 9,505 млн насельніцтва Беларусі да 2030 году скароціцца да 8,964 млн. Сярэдні прагноз — да 9,458 млн, ніжні — 9,083 млн, высокі — 9,543 млн.

Згодна сярэдняму (дзяржпраграмнаму) прагнозу, асноўнымі дэмаграфічнымі выклікамі і крыніцамі пагрозаў дэмаграфічнай бясьпецы краіны стануць дэпапуляцыя, інтэнсіўнае старэньне насельніцтва, скарачэньне колькасьці насельніцтва ў працаздольным узросьце, тэндэнцыі трансфармацыі інстытуту сям’і, нераўнаважнае разьмеркаваньне насельніцтва па краіне.

Дырэктарка НДІ Тацяна Міронава таксама зьвярнула ўвагу на неспрыяльную полаваўзроставую структуру насельніцтва Беларусі, узровень нараджальнасьці, што не забясьпечвае простае ўзнаўленьне насельніцтва, зьніжэньне сацыяльнай патрэбы ў дзецях у краіне.

Менск высмоктвае людзей

Скарачэньне насельніцтва цяпер характэрнае для ўсіх рэгіёнаў Беларусі апроч сталіцы — Менску, куды «скіраваны міграцыйны вэктар».

Насельніцтва скарацілася ў Віцебскай вобласьці, што тлумачаць «больш моцным фактарам старэньня насельніцтва і больш маштабным міграцыйным адтокам насельніцтва». Найменей страцілі Берасьцейская і Гомельская вобласьці — 6,6% і 7,9% насельніцтва за апошнія 17 год, астатнія рэгіёны — у сярэднім 10%.

У Менску цяпер жыве 20% насельніцтва Беларусі, у 1999 годзе было 16%. Доля працаздольнага насельніцтва яшчэ большая: у Менску 22% жыхароў Беларусі ў працаздольным узросьце. Таксама ў Менску 18% жыхароў Беларусі, старэшых за працаздольны ўзрост.

Сталі пазьней жаніцца, радзей разводзіцца, меней паміраць

За апошнія 15 год сярэдні ўзрост першага шлюбу ў Беларусі вырас на 2,5 года ў мужчынаў і на 2,7 — у жанчынаў. Летась мужчыны жаніліся ў сярэднім у 27,5 год, жанчыны ішлі замуж к 25,5. Каля 75% беларусаў першы раз бяруцца шлюбам у 20-29 год, што яшчэ ня так кепска: у Аўстрыі, Даніі, Нямеччыне ці Швэцыі, напрыклад, першы шлюб у сярэднім адбываецца пасьля 30.

Разводзіцца тым часам сталі радзей: за 2000-2015 гады колькасьць разводаў зьнізілася на 20%, да 33 тысяч разводаў на год. У сельскай мясцовасьці колькасьць разводаў упала на 44%. Пік разводаў даводзіцца на 30-34 гады для мужчынаў, 25-29 год для жанчынаў. Дасьледчыкі адзначаюць, што ў 2015 годзе праз разводы без аднаго з бацькоў засталіся 24,5 тысячы дзяцей.

Узроўні сьмяротнасьці тым часам скарачаюцца ва ўсіх узроставых групах — як у горадзе, так і на вёсцы. Агульны каэфіцыент сьмяротнасьці цяпер самы нізкі з 1993 году. Асабліва зьніжаецца сьмяротнасьць ва ўзросьце да 5 год.

Аднак, хаця сьмяротнасьць мужчынаў упала з 2000 году на цэлых 10%, разрыў у сярэдняй працягласьці жыцьця мужчынаў з жанчынамі складае цэлых 10,3 года (у Эўропе — 5,5). Прагназаваная працягласьць жыцьця з 2002 году вырасла больш як на 5 год, у беларускіх мужчынаў на 2015 год яна складала 68,6 года, жанчынаў — 78,9.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG