Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп прапанаваў пасаду дарадцы па нацыянальнай бясьпецы Майклу Фліну. Хто гэта


Майкл Флін прыбывае на сустрэчу з Дональдам Трампам у ягоную штаб-кватэру ў Trump Tower

Майкл Флін прыбывае на сустрэчу з Дональдам Трампам у ягоную штаб-кватэру ў Trump Tower

Абраны прэзыдэнт Дональд Трамп прызначыць на пасаду памочніка па нацыянальнай бясьпецы генэрала запасу Майкла Фліна, паведамляюць дасьведчаныя крыніцы са спасылкай на асобаў з атачэньня Трампа.

Генэрал Майкл Флін быў начальнікам вайсковай выведкі ў Аўганістане. Потым да 2014 году ён узначальваў Галоўнае выведнае ўпраўленьне Міністэрства абароны, але пад ціскам быў вымушаны сысьці ў адстаўку, верагодна, праз сваё нэгатыўнае стаўленьне да ісламу, якое ён публічна дэкляраваў на слуханьнях у Кангрэсе. Ён таксама адмоўна ацэньваў ядзернае пагадненьне, падпісанае шэрагам дзяржаваў з Іранам.

Прэса прыводзіць словы Фліна, што «іслам — гэта палітычная ідэалёгія, зь якой бацькі-заснавальнікі Амэрыкі не хацелі мець нічога агульнага».

У час апошняй прэзыдэнцкай кампаніі Майкл Флін рабіў рэзка нэгатыўныя заявы пра Гілары Клінтан, заклікаючы яе зьняць сваю кандыдатуру, бо, выкарыстоўваючы неабаронены асабісты паштовы сэрвэр для службовай перапіскі, яна падвяргала рызыцы нацыянальную бясьпеку ЗША.

Флін таксама неаднаразова станоўча адгукаўся пра Расею і асабіста пра Пуціна. Ён прыяжджаў у Маскву ў сьнежні мінулага году на банкет з нагоды 10-годзьдзя заснаваньня тэлеканалу Russia Today.

Прызначэньні ў апарат Белага дому, нават на вышэйшыя пасады, у адрозьненьне ад прызначэньняў міністраў, не патрабуюць ухваленьня Сэнату.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG