Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Судовы канвэер» за пікеты салідарнасьці з Пальчысам, штрафы па 500 даляраў


У Маскоўскім раённым судзе штраф 30 базавых велічынь атрымаў актывіст Віктар Кулак. Актывіст паведаміў карэспандэнту Свабоды, што на ягоным працэсе выступаў сьведка, якога ніхто з пікетоўцаў ня бачыў на месцы «парушэньня».

«Сьведкам аказаўся міліцыянт, якога каля Менскага гарадзкога суду ў той дзень ніхто з нас не бачыў. Пратакол на мяне складаў зусім іншы супрацоўнік. Але судзьдзя Віктар Казак заняў бок гэтага сьведкі. Я ж не прызнаваў віны і казаў, што выйшаў на акцыю, бо маю права, якое мне гарантуе Канстытуцыя Беларусі», — сказаў Віктар Кулак.

Штраф 50 базавых велічынь атрымаў і адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў. Актывіста судзілі адразу паводле двух пратаколаў, складзеных на акцыях салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам. Таксама Маскоўскі суд асудзіў актывістку Юлю Фралову, якая на працэс не зьявілася.

Адначасова ў Першамайскім судзе быў асуджаны да штрафу ўдзельнік пікетаў салідарнасьці з Пальчысам актывіст Леанід Кулакоў. Ён атрымаў штраф 50 базавых велічынь — гэта 1050 рублёў, альбо больш за 500 даляраў. На актывісьце цяпер «вісіць» да дзесяці буйных штрафаў, якія ён аплочваць ня мае магчымасьці. Аўтамабіль Кулакова, на якім ён зарабляў на жыцьцё як таксіст, дагэтуль арыштаваны.

Усяго падчас пікетаў салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам, паводле Паўла Севярынца, было складзена больш за 70 пратаколаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG