Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Армэніі пацьвердзіў, што ў краіне разьмешчаныя расейскія «Іскандэры»


Прэзыдэнт Армэніі Сэрж Саргсьян пацьвердзіў, што ягоная краіна разьмясьціла на сваёй тэрыторыі расейскія ракетныя комплексы «Іскандэр».

Паводле яго, гэта было «вымушанай мерай», накіраванай на захаваньне стабільнасьці ў рэгіёне.

«Гэта была вымушаная мера, каб нейкім чынам збалянсаваць вайсковую сытуацыю ў нашым рэгіёне. Не сакрэт, што Азэрбайджан на працягу апошніх некалькіх гадоў рэгулярна набываў найноўшае ўзбраеньне. Мы ня маем такіх магчымасьцяў, як Азэрбайджан, я маю на ўвазе фінансавыя магчымасьці, але мы ўвесь час стараемся збалянсаваць сытуацыю, знаходзячы проціядзьдзе. Я думаю, што ў дадзеным выпадку „Іскандэр“ зьяўляецца менавіта такім проціядзьдзем» — сказаў Саргсьян.

«Вядома, гонка ўзбраеньняў — гэта нядобрая сытуацыя, і мы ня хочам ісьці на гэта, але што рабіць, калі табе кожны дзень пагражаюць вайной, фізычным зьнішчэньнем. Ты павінен рабіць адпаведныя крокі» — дадаў прэзыдэнт Армэніі.

«Іскандэр» — апэратыўна-тактычны ракетны комплекс. Упершыню ён быў публічна прэзэнтаваны ў жніўні 1999 году. Яго асноўнае прызначэньне — зьнішчэньне сыстэмаў проціпаветранай абароны і проціракетнай абароны суперніка, а таксама аб’ектаў, якія яны ахоўваюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG