Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Гомельшкло» падманула супрацоўніка, каб не афішаваць траўму, атрыманую на вытворчасьці


Аляксей Лёля

Аляксей Лёля

19 лістапада 2016 году — апошні дзень працы ў машыніста пнэўматранспарту ААТ «Гомельшкло» Аляксея Лёлі. Кіраўніцтва не працягнула кантракт пасьля таго, як мужчына атрымаў траўму на вытворчасьці, але, паслухаўшыся начальніка, сказаў, што «гэта адбылося дома».

23 сакавіка Аляксей Лёля, быўшы на працы, аглядаў на чацьвёртым паверсе абсталяваньне для прасейваньня тэхналягічнай соды, якая выкарыстоўваецца падчас вырабу шкла. Мужчына сьцьвярджае, што, калі спускаўся, спатыкнуўся і нага трапіла ў прахон каля элеватара. Аляксей Лёля ўпаў і моцна выцяўся левым бокам.

Пра няўдалы спуск Аляксея даведаўся ўвесь участак. Але ў той дзень Аляксей, трымаючыся часам за бок, маніторыў праз мабільную сыстэму вытворчы працэс. Адтуліны каля элеватара, куды ён зваліўся, праз два тыдні заварылі ліставым жалезам.

«Я папярэдзіў майстра, — кажа Аляксей, — што трываць ужо бессэнсоўна, трэба ісьці ў мэдыцынскі пункт. І пайшоў. І тут мяне даганяе намесьніца начальніка цэху (яна ж старшыня цэхкаму і грамадзкі інспэктар па ахове працы) Вольга Чарнякова. Тлумачыць, што мяне выклікае начальнік цэху, хоча пагутарыць. Ну, я і паслухаўся, вярнуўся».

Начальнік цэху Крыўко, як сьцьвярджае Лёля, параіў яму ехаць адразу ў шпіталь хуткай мэдыцынскай дапамогі — там і апаратура, і лекары кваліфікаваныя. Сваю аўтамашыну прапанаваў, сам за руль сеў.

«Па дарозе з Касьцюкоўкі ў гарадзкі шпіталь, — згадвае Лёля, — начальнік цэху настойліва раіў сказаць, што бок пашкодзіў дома, траўма бытавая. А то, маўляў, і памесячных прэмій не атрымаю, і працяг кантракту ўвосень будзе пад пытаньнем. Парадкі ж на заводзе строгія. Я таксама прыкінуў: дзе яшчэ зараблю свае 5-7 мільёнаў? Паверыў начальніку. Дый прызвычаіўся ўжо — дзесяць гадоў на „Гомельшкле“. Так і сказаў пры аглядзе хірургу, што дома ўпаў».

ААТ «Гомельшкло»

ААТ «Гомельшкло»

З траўмапункту хуткай дапамогі Аляксея Лёлю накіравалі на кансультацыю ў таракальнае аддзяленьне абласнога тубэркулёзнага шпіталю — хірург па рэнтгенаўскім здымку ня мог дакладна ўстанавіць, дзьве рабрыны зламаныя ці адна.

Назаўтра, 24 сакавіка, Аляксей на працу ня выйшаў — праз паліклініку па месцы жыхарства стаў лячыць зламаную рабрыну амбуляторна. Пры запаўненьні гісторыі хваробы таксама сказаў, што траўму атрымаў дома.

Пакуль Аляксей Лёля быў на бальнічным і траціўся на лекі, вырашыў, што трэба дамагацца прызнаньня траўмы вытворчай — з кампэнсацыяй за часовую непрацаздольнасьць.

Камісія па працоўных спрэчках ААТ «Гомельшкло», куды машыніст Лёля зьвярнуўся, адмовілася складаць акт формы Н-1пра няшчасны выпадак на вытворчасьці. Кажуць, не было такога.

Трэцяе аддзяленьне гарадзкога аддзелу Сьледчага камітэту адмовілася распачынаць крымінальную справу паводле заявы пра траўму, зрабіўшы выснову, што прычынай яе стала «грубая неасьцярожнасьць» самога машыніста. Гарадзкая пракуратура накіравала скаргу Лёлі ў рэгіянальнае ўпраўленьне Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы, але тая таксама не знайшла падстаў зьвязаць траўму з вытворчасьцю.

Суд Чыгуначнага раёну Гомелю таксама адхіліў пазоў Аляксея Лёлі да «Гомельшкла» — у заводзкі мэдпункт машыніст не зьвяртаўся, у шпіталі хуткай мэдыцынскай дапамогі і ў паліклініцы казаў, што траўму атрымаў дома. Цэхавы напарнік у судзе заяўляў, што ня бачыў, як Аляксей упаў, і нічога ня чуў, бо ў цэху з прычыны рамонту было шумна. Іншыя рабочыя даводзілі, што ён нібыта скардзіўся на «старую, раней атрыманую траўму». Начальнік цэху Ігнат Крыўко патлумачыў суду: «Лёля папрасіў дапамагчы ў дастаўцы ў шпіталь — цярпеў боль ад ранейшай траўмы. Як было не дапамагчы!»

Гомельскі праваабаронца, рэгіянальны інспэктар Незалежнага прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка тлумачыць, што «Гомельшкло» «абвяло вакол пальца» свайго супрацоўніка, таму што прадпрыемству нявыгадна афіцыйна фіксаваць няшчасныя выпадкі на вытворчасьці празь віну працадаўцы.

Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

«Аляксей сам сабе „запраграмаваў“ на такі вынік. Абвялі вакол пальца. Наймальніку нявыгадна афішаваць няшчасныя выпадкі на вытворчасьці і з фінансавага, і адміністрацыйнага боку, а тым больш калі гэтыя выпадкі ня маюць нейкіх выразных наступстваў — калецтва, інваліднасьці. Два з паловай гады таму „Гомельшкло“ не хацела нават добраахвотна сплочваць кампэнсацыю ўдаве сьмяротна траўмаванага на вытворчасьці рэзчыка шкла.

У сытуацыі з Аляксеем Лёлем мяне турбуе ня толькі тое, што, магчыма, яго сапраўды напалохалі нейкімі адміністрацыйнымі санкцыямі, але і тое, што калегі па працы ад яго адмахнуліся — яны і „ня бачылі, і ня чулі“. Так ствараецца глеба для маніпуляцый, ушчамленьня законных правоў наёмных работнікаў», — лічыць Судаленка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG