Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае ў «справе Магніцкага»: знойдзеныя «адмытыя» мільёны


Значкі з партрэтам Сяргея Магніцкага і надпісам «Патрабуем справядлівасьці» на вечарыне памяці Магніцкага ў Маскве.
Значкі з партрэтам Сяргея Магніцкага і надпісам «Патрабуем справядлівасьці» на вечарыне памяці Магніцкага ў Маскве.

Сем гадоў таму, 16 лістапада 2009 году, у маскоўскім сьледчым ізалятары «Матроская Цішыня» памёр юрыст фонду Hermitage Capital Сяргей Магніцкі. Яго абвінавачвалі ў датычнасьці да ўхіленьня ад выплаты падаткаў у фондзе міжнароднага фінансіста Ўільяма Браўдэра. Сам Магніцкі заўсёды сьцьвярджаў, што сапраўднай прычынай арышту былі ягоныя заявы аб карупцыі ў расейскіх урадавых колах.

У Фэдэральнай службе выкананьня пакараньняў (ФСВП) пастараліся схаваць абставіны, пры якіх наступіла сьмерць. Здагадка, што 37-гадовы аўдытар загінуў у выніку жорсткага абыходжаньня і неаказаньня мэдычнай дапамогі, афіцыйна не прызнана. Гэта далёка не адзінкавы выпадак недазволеных, вельмі негуманных спосабаў пакараньня «нязручных» вязьняў. Гэтак жа супрацоўнікі турэмнага ведамства цяпер адмаўляюць прымяненьне катаваньняў у дачыненьні да палітвязьня Ільдара Дадізна. Магніцкі быў больш чым нязручны. Ён даказваў, што з бюджэту Расеі па-ашуканску выведзена 230 мільёнаў даляраў.

Праваабаронца Юлій Рыбакоў называе Сяргея Магніцкага «вязьнем сумленьня»:

Магніцкі — гэта ахвяра таго клубка жулікаў і афэрыстаў (як у Расеі, так і, цалкам магчыма, за мяжой), якія «пілавалі» наш бюджэт.

— Магніцкі — гэта ахвяра таго клубка жулікаў і афэрыстаў (як у Расеі, так і, цалкам магчыма, за мяжой), якія «пілавалі» наш бюджэт. Іншымі словамі, раскрадалі сродкі, якія належаць грамадзтву і народу. Гэты няшчасны чалавек — ахвяра клубка карысьлівасьці нахабства і нягодніцтва. У турме ён апынуўся абсалютна бяспраўным, як і большасьць людзей, якія сёньня знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі або пад сьледзтвам.

На працягу чатырох гадоў я быў членам Камісіі па кантролі месцаў пазбаўленьня волі пры Грамадзкай палаце. Да гэтага, будучы дэпутатам Дзяржаўнай думы, я таксама займаўся такім кантролем. Яшчэ раней я і сам за ўдзел у дысыдэнцкай дзейнасьці пабываў у «месцах ня вельмі аддаленых». На жаль, я павінен канстатаваць, што, як і раней, чалавек, які сёньня трапляе ў гэтую сыстэму, цалкам пазбаўлены магчымасьці абараняць уласныя правы. І, на жаль, ніякія камісіі, нават тыя, у якіх я ўдзельнічаў, ня ў стане абараніць яго, паколькі гэта закрытая сыстэма, гэта дзяржава ў дзяржаве. Ніякага дачыненьня да абароны правоў чалавека і законнасьці гэтая сыстэма не мае, — такія высновы Юлія Рыбакова.

Сяргей Магніцкі
Сяргей Магніцкі

Член Маскоўскай Хэльсынскай групы Валеры Баршчоў наведаў месца зьняволеньня Сяргея Магніцкага неўзабаве пасьля гібелі юрыста:

— Я тады быў старшынём Грамадзкай назіральнай камісіі гораду Масквы. На жаль, адвакаты трымаліся тактыкі неагучваньня сытуацыі з Магніцкім, мяркуючы, што, калі яны ня будуць прыцягваць грамадзкую думку, калі ня будзе масавай рэакцыі, ім будзе лягчэй вырашыць праблему. Але гэта была сурʼёзная памылка.

Пра тое, што ён у СІЗА падвяргаўся жорсткім катаваньням, мы, на жаль, даведаліся толькі на наступны дзень пасьля ягонай сьмерці — і адразу ж пайшлі ў сьледчы ізалятар. У СІЗА прыйшоў начальнік УФСВН Масквы генэрал Давыдаў. Там былі вельмі ўстрывожаныя нашым візытам.

Адразу стала ясна, што гэта адкрытая, бессаромная фальсыфікацыя. Пасьля гэта пацьвердзіла і праверка ФСВП.

У першы ж дзень мы ўбачылі грубыя парушэньні. Пачалі з дакумэнтаў. Паколькі ў мяне былі копіі зваротаў са скаргамі Магніцкага, я хацеў паглядзець, ці зарэгістраваныя яны. Мне кажуць: «У нас няма ніякіх скаргаў Магніцкага». Я кажу: «А ў мяне ёсьць. Яго почыркам напісаныя скаргі, пазначаны даты. Дайце журнал». Далі журнал. Аказалася, ён перапісаны адной рукой у адзін час. Адразу стала ясна, што гэта адкрытая, бессаромная фальсыфікацыя. Пасьля гэта пацьвердзіла і праверка ФСВП.

У гэты момант лекар Літвінава, якая разумела, што на ёй ляжыць адказнасьць за сьмерць Магніцкага, хацела нешта сказаць, але яе ўзялі за плечы і павялі ад нас.

Мы пайшлі па камэрах. Там знаходзіліся людзі, якія сядзелі яшчэ разам з Магніцкім. У камэрах умовы былі адкрыта катавальныя. Мы наведалі і тую камэру, якую апісваў Магніцкі: калі вада паднялася з туалета і заліла памяшканьне, яны з напарнікам забраліся на другі ярус. Агіднае відовішча ўяўлялі гэтыя камэры!

Яго сьмерць празь дзьве гадзіны не была відавочнай.

Мы паглядзелі запіс, дзе зафіксавана, як адʼяжджаў Магніцкі. Ён быў вельмі сурʼёзна хворы, яго мучылі прыступы. Тым ня менш у аўтазак ён ішоў сваімі нагамі і нёс цяжкія сумкі. Яго сьмерць празь дзьве гадзіны не была відавочнай. А вось калі мы прыйшлі ў «Матроскую Цішыню», куды яго прывезьлі, запісы там ня выявілася. І сьледчы Ламаносава сказала, што яна таксама ня бачыла гэтага запісу. То бок запіс быў зьнішчаны. Было неабходна высьветліць, што ж адбылося за той час, пакуль яго везьлі ў аўтазаку.

Мы там сустрэліся з лекаркай Гаўс — гэта адна з галоўных вінаватых у сьмерці Магніцкага. Доўгі час яе выгароджвалі. Але менавіта яна вырашыла аддаць яго васьмі ахоўнікам. Нам жа яна заявіла: «Я стала зь ім гаварыць, а ён падняў кушэтку і стаў ёю размахваць». Я кажу: «Давайце падыдзем да гэтай канапы і паспрабуем яе падняць». Яе падняць немагчыма. Яна прымацаваная, як патрабуюць правілы СІЗА. І калі мы з вамі ня можам яе падняць, то ўжо хворы Магніцкі тым больш размахваць ёю ня быў здольны. І гэта яна выклікала псыхіятрычную брыгаду з хуткай дапамогі, а Магніцкага аддала васьмі ахоўнікам, якія яго і забілі.

Вось што вельмі важна: я хачу падзякаваць лекарам-псыхіятрам хуткай дапамогі. Гэтых мэдыкаў цэлую гадзіну не пускалі да пацыента, хоць іх выклікала сама лекарка Гаўс. Іх пусьцілі толькі тады, калі Сяргей Магніцкі быў ужо мёртвы. Ён ляжаў у камэры, побач былі кайданкі. Дык вось, яны патэлефанавалі ў офіс хуткай дапамогі, і там былі зафіксаваныя рэальныя абставіны, пры якіх наступіла сьмерць, а ня тыя хлусьлівыя, што апынуліся ў справаздачах, — нібыта яго аднесьлі ў палату, ён у палаце быў яшчэ доўгі час, і там праводзіліся рэанімацыйныя мерапрыемствы. Нічога падобнага! Ні ў якой палаце ён ня быў, яго забілі ў гэтай камэры! І малайцы тыя лекары, якія дапамаглі нам зафіксаваць гэты факт, — кажа Валерый Баршчоў.

Маці Сяргея Магніцкага Натальля каля труны на пахаваньні сына.
Маці Сяргея Магніцкага Натальля каля труны на пахаваньні сына.

Гібель Сяргея Магніцкага не засталася незаўважанай. У ЗША ўвялі санкцыйны сьпіс, у які ўнесьлі імёны расейскіх службовых асобаў, якія, на думку Вашынгтону, маюць дачыненьне да таго, што адбылося. Фінансавыя і візавыя санкцыі цалкам адчувальныя, і іх існаваньне пастаянна выклікае раздражненьне Крамля. Так званы «Законапраект Магніцкага» быў вылучаны на разгляд Кангрэсу па ініцыятыве Камісіі ЗША па супрацоўніцтву і бясьпецы ў Эўропе. Член гэтай камісіі Кайл Паркер тлумачыць, чым была выклікана цікавасьць заканадаўцаў да падзеяў у іншай краіне:

— Калі мы гаворым пра такія рэчы, як карупцыя і неабходнасьць выконваць законы, мы не апэруем нейкімі абстрактнымі паняцьцямі. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра рэальнага чалавека і пра канкрэтную справу. Выкананьне ўзятых любой краінай на сябе абавязаньняў пачынаецца з канкрэтных спраў. Расея па сваёй волі ўзяла на сябе абавязаньні ў галіне правоў чалавека, а наша краіна зьяўляецца ўдзельніцай тых жа самых дамоўленасьцей. І да тых часоў, пакуль мы бачым, як у Расеі цынічна спрабуюць гэтую справу замяць, мы працягнем аб гэтым гаварыць, — кажа Кайл Паркер.

Акцыя грамадзянскіх актывістаў у Маскве ў гадавіну сьмерці Магніцкага 16 лістапада 2015 году.
Акцыя грамадзянскіх актывістаў у Маскве ў гадавіну сьмерці Магніцкага 16 лістапада 2015 году.

Пра справу Сяргея Магніцкага не далі забыцца і супрацоўнікі фонду Hermitage Capital. З гадамі грошы, выкрадзеныя расейскімі чыноўнікамі з дапамогай заблытаных падатковых махінацый, сталі ўсплываць у розных краінах. Адно з апошніх паведамленьняў прыйшло з Канады. У кастрычніку гэтага года там былі выяўленыя 14 мільёнаў даляраў зь меркаваных незаконных даходаў, якія маюць дачыненьне да тых самых 230 мільёнаў, пра якія казаў Магніцкі. Па словах адвакатаў Hermitage Capital, грошы былі пераведзеныя ў Канаду з афшорных рахункаў на Кіпры. Гэтыя рахункі зьвязаны з арганізаванай злачыннай групоўкай на чале з Дзьмітрыем Клюевым, які падвергся санкцыям у ЗША ў сувязі з яго дачыненьнем да справы Магніцкага. Амэрыканская пракуратура расьсьледуе справу ўладальніка «Унівэрсальнага банку зьберажэньняў» Дзьмітрыя Клюева, які лічыцца кіраўніком арганізаванай злачыннай групы, якая ўчыніла ўказаны крадзеж, і які быў раней унесены ў санкцыйны сьпіс ЗША за яго ролю ў «справе Магніцкага». Пра гэта стала вядома ў сувязі з дэбатамі ў канадзкім парлямэнце па далучэньні да так званых «санкцый Магніцкага» з боку Канады.

Самы ж гучны скандал атрымаўся, калі Цэнтрам па дасьледаваньні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці былі апублікаваныя «панамскія дакумэнты», зь якіх вынікала, што частка грошай, выкрадзеных з бюджэту Расейскай Фэдэрацыі ў выніку схемы зь вяртаньнем падаткаў, раскрытай Сяргеем Магніцкім, у 2008 годзе асела на рахунку панамскай кампаніі Overseas International Media, якая належала адзінаму ўладальніку — асабістаму сябру Уладзімера Пуціна віялянчэлісту Сяргею Ралдугіну.

Кіраўнік Hermitage Capital Уільям Браўдэр кажа, што сума, якая асела на рахунку кампаніі Ралдугіна, — ня самая буйная частка выкрадзеных сродкаў. Але красамоўная:

Цяпер робіцца зразумела, што гэтыя атрыманыя злачынным шляхам грошы прыйшлі да людзей, якія вельмі высока. Да людзей, блізкіх да Пуціна.

— Нас заўсёды зьдзіўляла тае акалічнасьць, што ўрад Расеі практычна ў поўным складзе аддае перавагу псаваньню адносінаў са Злучанымі Штатамі і Эўропай, замест таго, каб ахвяраваць некалькімі паліцыянтамі сярэдняга ўзроўню. Хоць усе абставіны забойства Магніцкага, яго сьмерці ўжо вядомыя. Мы ніяк не маглі зразумець, чаму яны занялі такую жорсткую абарончую пазыцыю, чаму яны так упарта працівяцца. Мы падазравалі, што ёсьць нейкі «дах», што нехта на вельмі высокім узроўні гэта пакрывае. Але цяпер робіцца зразумела, што гэтыя атрыманыя злачынным шляхам грошы прыйшлі да людзей, якія вельмі высока. Да людзей, блізкіх да Пуціна.

Тыя, хто адмывае грошы, перапраўляюць грошы праз некалькі краінаў, некалькі кампаніяў і некалькі банкаў. Робіцца гэта, па-першае, для таго, каб заблытаць сьляды, а па-другое, каб згуляць на тым, што некаторыя краіны не супрацоўнічаюць адна з другой у праваахоўнай вобласьці. Яны спадзяюцца на тое, што калі яны перамесьцяць грошы з рахунку на рахунак 4 ці 5 разоў, то на 6-м рахунку гэтыя грошы будуць ужо як бы «чыстыя» — у тым сэнсе, што ніхто ўжо ня здолее асачыць назад ланцужок праходжаньня капіталу. Але, да няшчасьця для тых, хто адмывае грошы, да няшчасьця для гэтых злачынцаў, грошы пакідаюць нязмыўны сьлед. Ён ніколі не зьнікае, запісы застаюцца назаўжды. Уся інфармацыя засталася і будзе даступная.

Яны думалі, што злачынства ім сышло з рук. А насамрэч яно назаўсёды пакінула сьлед.

Цяпер мы знайшлі прыблізна 200 мільёнаў. Яны разышліся па 11 краінах.

Цяпер мы знайшлі прыблізна 200 мільёнаў. Яны разышліся па 11 краінах. На падставе нашага расьсьледаваньня мы накіроўвалі скаргі ў праваахоўныя органы, у шэрагу краінаў ужо адкрытыя справы, вядуцца крымінальныя расьсьледаваньні. Амаль 43 мільёны даляраў замарожаныя на рахунках — у Швэйцарыі, у Францыі і ў іншых краінах. Будуць названы новыя асобы, выкрытыя новыя сувязі, новыя сьляды таго, хто стаў уладальнікам «сродкаў Магніцкага», хто мае дачыненьне да яго забойства, хто атрымаў грошы, — абяцае Ўільям Браўдэр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG