Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея дазволіла Ўкраіне дапытаць Януковіча. У рэжыме відэаканфэрэнцыі


Допыт экс-прэзыдэнта Ўкраіны ў справе аб забойстве актывістаў Майдану пройдзе ў рэжыме відэаканфэрэнцыі 25 лістапада, паведамляе Інтэрфакс-Украіна.

Януковіча дапытаюць у якасьці сьведкі ў справе аб абвінавачаньні пяці былых супрацоўнікаў спэцпадразьдзяленьня «Бэркут» у забойствах актывістаў Майдану, паведаміў ягоны адвакат Віталь Сярдзюк.

«Сьвятошынскі суд [Кіеву] атрымаў гэтае апавяшчэньне, і цяпер справа за Сьвятошынскім судом, каб належным чынам арганізаваць відэаканфэрэнцыю» — адзначыў адвакат.

Ад канца лістапада 2013 году да сярэдзіны красавіка 2014 году, падчас акцый пратэсту ў Кіеве і рэгіёнах, загінулі 106 чалавек, больш за тысячу чалавек зьвярнуліся па мэдыцынскую дапамогу. Улады Ўкраіны распачалі крымінальную справу па факце масавых забойстваў мірных грамадзянаў, у сувязі з чым Януковіч і шэраг іншых службовых асобаў былі абвешчаныя ў вышук.

У лістападзе 2015 году ў Генпракуратуры Ўкраіны заявілі, што рашэньне аб разгоне Эўрамайдану ў ноч на 30 лістапада 2013 году прыняў асабіста былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч. Сам Януковіч лічыць, што да сілавога разгону і сьмерці дэманстрантаў на Майдане датычныя некаторыя прадстаўнікі цяперашняй улады ў краіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG