Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьяўляецца ўзрост абмежавальным фактарам для фізычнай актыўнасьці? Ці можна ў пажылым цi сталым узросьце пачаць займацца фізкультурай, калі на працягу жыцьця вы ёй займаліся?

Згодна з сучаснымі ўяўленьнямі, забесьпячэньне годнага, якаснага жыцьця павінна абавязкова суправаджацца заняткамі фізычнай культурай, прычым пачынаць займацца ня позна ў любым узросьце, у любым стане здароўя, нават калі чалавек вымушаны весьці ляжачы лад жыцьця, напрыклад, пасьля перанесенага мазгавога інсульту.

Той, хто даглядае за такімі хворымі, добра ведае, што ў чалавека, які вядзе вымушаны маларухомы лад жыцьця, часта назіраюцца дэпрэсія, абыякавасьць да жыцьця, павышаецца ўспрымальнасьць да розных інфэкцый, назіраюцца болі ў суставах. Добрай парадай у такім выпадку можа стаць парада займацца пасільнай для хворага чалавека фізычнай актыўнасьцю.

Выпадак з практыкі. Пацыент ва ўзросьце 67 гадоў пасьля перанесенага мазгавога інсульту са значна зьніжанымі магчымасьцямі руху левых рукі і нагі (на мэдычнай мове — значна выражаны левабаковы гэміпарэз) скардзіўся на дрэнны настрой, а сваякі казалі пра яго залішнюю раздражнёнасьць да іх, чаго раней не было, бо хворы вызначаўся мяккім, лагодным характарам. Пры размове з пацыентам мы зьвярнулі ўвагу на тое, што ён скардзіўся, што раней любіў рухацца, хадзіў на рыбалку, даглядаў свой гарод, а зараз «нічога з гэтага ня можа, а ляжыць у ложку як бервяно». Мы параілі пацыенту, сярод іншага, займацца магчымай для яго фізычнай актыўнасьцю — рухаць правымі рукой і нагой, рабіць магчымыя рухі ў канцовінах, якія пацярпелі ад інсульту, а таксама займацца дыхальнай гімнастыкай. Сваякі набылі для яго дзіцячы паветраны шарык, які ён надзімаў тры разы празь пяціхвілінныя інтэрвалы — і гэтак 5 — 6 разоў на дзень. Празь некалькі тыдняў мы заўважылі паляпшэньне эмацыйнага фону, зьнізіліся праявы дэпрэсіі, сам пацыент адзначыў наяўнасьць большай бадзёрасьці і паляпшэньне агульнага стану.

Навуковае абгрунтаваньне нават вельмі невялікай фізычнай актыўнасьці для ляжачага хворага заключаецца ў тым, што паляпшаецца забесьпячэньне кіслародам і патрэбнымі рэчывамі галаўнога мозгу, унутраных органаў, у больш натуральным рэжыме пачынаюць працаваць сардэчна-судзінная і дыхальная сыстэмы.

Практычная парада. Калі вы маеце справу са старым чалавекам або ляжачым хворым, ніколі ня позна для прадухіленьня дэпрэсіі і паляпшэньня агульнага стану пачынаць лёгкія, даступныя, але вельмі неабходныя фізычныя практыкаваньні, напрыклад, дыхальную гімнастыку шляхам надзіманьня дзіцячага паветранага шарыка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG