Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Les feuilles mortes» ад Іў Мантана, Данчыка, Эрыка Клэптана і іншых


Вось яшчэ адна песенька, якая не пакідае мяне цягам усяго жыцьця.

Я ўжо ня помню, калі пачуў яе ўпершыню. Было гэта напэўна вельмі даўно. І хутчэй за ўсё я пачуў яе ўпершыню ў англамоўнай вэрсіі. Таму што і яна, як шмат што, прэзэнтаванае ў нашай «Музыкалцы», стала сусьветна вядомай не ў арыгінальнай вэрсіі, а ў пазьнейшых выкананьнях.

Мэлёдыя «Les feuilles mortes» («Мёртвае лісьце») была напісаная француска-вугорскім кампазытарам Жазэфам Касма ў 1945 годзе на словы вядомага францускага паэта Жака Прэвэра. У той час Касма пісаў музыку для францускіх фільмаў, а Прэвэр — сцэнары. У 1946 годзе Марсэль Карнэ зьняў стужку «Брамы ночы», і песьню «Les feuilles mortes» засьпяваў у ёй выканаўца галоўнай ролі Іў Мантан.

Два гады пазьней фільм Карнэ паказалі ў ЗША. Фільм ня вельмі каб спадабаўся амэрыканцам, але песьня ўсіх захапіла. Вядомы амэрыканскі тэкставік і кампазытар-песеньнік Джоні Мэрсэр напісаў ангельскія словы песьні, і з таго часу пачалася яе сусьветная вядомасьць пад загалоўкам «Autumn Leaves» («Асеньняя лістота»).

Тэкст песьні даволі просты, нават банальны.

The falling leaves drift by my window
The falling leaves of red and gold
I see your lips the summer kisses
The sunburned hands I used to hold.


Прыблізна:

Асеньняя лістота нясецца за маім акном
Асеньняя лістота чырвона-залатая
Я бачу твае вусны якія летам цалаваў
Апаленыя сонцам рукі якія я трымаў.


У ангельскім тэксьце Мэрсэра мне найбольш падабаецца якраз гэтая першая страфа. А ў францускім тэксьце Прэвэра наймацней кранае рэфрэн:

C’est une chanson qui nous ressemble
Toi, tu m’aimais et je t’aimais
Et nous vivions tous les deux ensemble
Toi qui m’aimais, moi qui t’aimais

Mais la vie sépare ceux qui s’aiment
Tout doucement, sans faire de bruit
Et la mer efface sur le sable
les pas des amants désunis.


Зноў жа прыблізна:

Гэтая песьня нагадвае нас з табой
Ты кахала мяне, а я кахаў цябе
І мы ўдваіх жылі адным жыцьцём
Ты кахала мяне, а я кахаў цябе

Але жыцьцё разлучае закаханых
Амаль незаўважна, бязь лішняга шуму
І мора сьцірае зь пяску
Сьляды разлучаных каханкаў.


Песьню «Autumn Leaves» выконвалі сотні сьпевакоў і музыкаў. Яна стала адным з найбольш вядомых джазавых стандартаў. Тут мы прыгадаем толькі найбольш славутыя выкананьні музычных волатаў.

Выкананьне Іў Мантана, недзе з пачатку 1950-х гадоў:

Выкананьне Нэт Кінг Коўла:

Выкананьне Эвы Кэсіды:

Выкананьне Эрыка Клэптана:

Выкананьне Майлса Дэйвіса:

Выкананьне Стэна Гетца:

Выкананьне Чэта Бэйкера і Пола Дэзманда:

Ну і ўрэшце разыначка — выкананьне песьні «Autumn Leaves» нашым Данчыкам, які яе сьпявае па-беларуску і па-француску. Беларускія словы напісаў Мацьвей Смаршчок. Яны заслугоўваюць таго, каб іх тут працытаваць поўнасьцю:

Паўз вокны клён лісьцё цярушыць
А вецер гоніць плоймы хмар
Мне сьніцца вуснаў тваіх соладзь
І летні рук тваіх загар

Ты адыйшла, і адзінота
Засьціла сонца маіх дзён
Цябе я помню, дарагая
Калі лісьцё раняе клён.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG