Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жывем на савецкіх дражджах


Мэнэстрэль у Горадні
Мэнэстрэль у Горадні

Як я жыву? Што стварае фон жыцьця? Колькі ў ім беларускага? Зусім няшмат. Калі сесьці склаўшы рукі, застанецца мізэр.

Шмат СССР. Здавалася б, 2016 год. Але гэта шчырая праўда. Уключыш радыё — канцэрты савецкай песьні кожны дзень. Раздражняе. Колькі можна? Дайце глыток Эўропы, мы ў Эўропе жывем, не ў СССР!

Выходзіш на вуліцу. Кабета з акардэонам. Грае-грае-грае. Усе шлягеры за семдзесят гадоў савецкай улады. Грае добра. Але чаму? Навошта? Чаму ў гістарычнай забудове, дзе здараюцца групы турыстаў, ім ствараюць савецкую атмасфэру? Хто адкажа? «Горад-музэй», каралеўскія часы. Гэтым нібы завабіць сьвядома спрабуюць. А прыяжджаюць замежнікі — лейся песьня савецкая ўсьцяж вуліцы. «Расьцьвіталі яблыні і грушы» і гэтак далей.

Выканаўца, аднак, як можна здагадацца, не мясцовая. Да яе часам падыходзіць супольнік. Ён, бывае, ідзе ўздоўж вуліцы з працягнутай рукою. Нібы ўсе павінны зьвяртаць неадкладна ўвагу і класьці грошы. Праходзіш міма, чуеш незадаволены з ноткамі пагрозы голас: Дачакаецеся, і ў вас вайна будзе, а як вы думалі.

Можна зрабіць выснову: людзі з Данбасу ўцяклі. Але з чаго там пачалося (апроч іншага)? З узьвінчваньня савецкіх настрояў. І што цяпер там? Яшчэ адзін кавалак СССР, як і наша рэспубліка, толькі — на ваенным становішчы. Выходзіць, людзі ўцякаюць ад СССР, але несьвядома імкнуцца захаваць пры сабе кінутае самімі ў тым далёкім жахлівым «ДНР»-«ЛНР», ствараючы вулічную атмасфэру ў чужой ім Горадні. Атмасфэру савецкага гораду, не турыстычнага.

Што да сваіх вулічных музыкаў, мясцовых, то яны непараўнаўча больш адэкватныя. Я ўзгадваў раней адно трыё зь вялікай балалайкай. Але рэпэртуар яны маюць цалкам эўрапейскі, савецкіх песень хіба пару толькі. Бывае часамі саксафаніст. Зразумела, мэлёдый сталінскіх часоў ці брэжнеўскіх ён ня мае зусім.

Стары гітарыст, якога, праўда, даўно ня бачыў, не цураўся савецкіх шлягераў, але тым жа часам і польскія, бывала, брынькаў, «Чэрвонэ гітары». Маладзёны з гітарамі маюць у рэпэртуары суцэльны рускі рок, быццам трапіў ты ў Тамбоў. Аднаму асабліва падабаецца бясконца паўтараць «Я на цебе как на вайне» (песьня вядомага ў Расеі выканаўцы, у якога, на жаль, дрэнна адначасова з голасам і слыхам). А вось скрыпач наш вулічны маладзец, у яго ўсяго патроху. «Эх, яблычак», палянэз Агінскага, габрэйская мэлёдыя. Адно раздражняе, што навязьлівы напарнік з капелюшом не дае праходу мінакам.

Ратуе Горадню мэнэстрэль з флейтай. У гістарычнай забудове ён адзіны да месца на ўсе сто працэнтаў. Сярэднявечны строй, капялюш, мэлёдыі. Такога як убачаць турысты, дык сапраўды павераць, што горад меў калісьці напраўду каралеўскія часы. Ды што турысты, нам самім прыемна, што такі ў нас музыка ў апошні час паявіўся.

Але-але, савецкага не перамагчы аднаму мэнэстрэлю. Сьвята гораду восеньскае і на турыстычнай вуліцы — савецкія рэтра-аўтамабілі. Праўда, нейкім чынам мэрсэдэс бяз даху трапіўся паміж імі, аднак з савецкім сьцягам. І я сваім вачам не паверыў, калі, на хуткасьці спыніўшыся, заруліў у агульны шэраг даўні польскі «малюх», міні-фіят, якімі некалі абяцаў забясьпечыць палякаў Герэк.

Машыны-машынамі, але раўла на ўсю Іванаўскую «рэтра-музыка»: «Сегодня мы не на параде, мы к коммунизму на пути!» і ўсё ў тым жа духу. Брыдка, я нават ня стаў здымкі рабіць. Ну што гэта за сьвята Горадні?

Але, сябры мае, вам і ня сьніліся гарадзенскія танцы. Ёсьць у горадзе месца масавага адпачынку — лесапарк Пышкі. Паміж жылымі кварталамі і Нёмнам, дзе ўтульны лясны пляж. Была ўжо восень. Але цёплы час, на пляжы нават купальшчыкі былі. Ад дарогі да ракі асфальтаваная пешаходная сьцяжына. Сотні і сотні людзей. А пасярэдзіне —танцпляцоўка для пэнсіянэраў. І яны туды з усяго гораду сьпяшаюцца. Часам у такіх дзіўных шатах, быццам з фільмаў Кустурыцы. І на ўвесь лес равуць савецкія песьні. «Любовь, комсомол и весна», «Будет людям счасьте, счастье на века, у советской власти сила велика!». Гадзінамі равуць дынамікі. Людзі прыбываюць і прыбываюць.

Я вяртаўся з Пышкоў крыху ў прыгнечаным настроі. Не чакаў, шчыра. Месца вельмі папулярнае, але ня мог сабрацца. Сабраўся… Якія высновы? Ясна, нядрэнна, што старыя стараюцца не закісаць, што там, як выглядае, месца спатканьняў і знаёмстваў. Але праз гэтых людзей мы засталіся жыць у кавалку СССР, Беларусь не пайшла ў Эўропу. Не-не, яны бескарысьлівыя, ім нічога асабіста ня трэба: сьціплая пэнсія і «абы не было вайны». Ніякіх залатых гор. І каб памерці, каму як пашанцуе — праз год ці праз дваццаць, але каб у тэлевізары быў вечна Лукашэнка.

На астатняе ім пляваць. Ня дзіва, што моладзі, хоць гэта ня парк для пэнсіянэраў, амаль няма, толькі мамы з малымі дзецьмі. А дыскатэка не змаўкае. Forever young! USSR!

Застаецца хіба што пакланіцца ў думках мэнэстрэлю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG