Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штогод вучыцца за мяжу зьяжджае ўдвая больш студэнтаў, чым прыяжджае ў Беларусь

  • БелаПАН

Такія дадзеныя дасьледаваньня навукоўцаў Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту, якія дацэнт БДУ Людміла Факеева прадставіла на міжнароднай канфэрэнцыі «Міграцыя і дэмаграфічнае разьвіцьцё Рэспублікі Беларусь і сумежных краін» 15 лістапада ў Менску. Паводле яе, выкарыстоўваліся розныя адкрытыя дадзеныя, у тым ліку статыстыка ЮНЕСКА.

Штогод зь Беларусі зьяжджае на навучаньне каля 35 тысяч чалавек, а прыяжджае каля 15 тыс. Адмоўнае сальда студэнцкай міграцыі назіраецца на працягу апошніх 15 гадоў, адзначыла Факеева.

Большасьць беларускіх студэнтаў вучыцца ў Расейскай Фэдэрацыі, Польшчы і Літве. «У фарміраваньні выязнога турызму дамінуюць краіны-суседзі, вядучая роля належыць фактару геаграфічнай блізкасьці краін і лінгвістычнай», — сказала дацэнт БДУ.

Уязны паток фарміруюць студэнты з Цэнтральнай і Ўсходняй Азіі, роля краін-суседак менш значная. Большасьць замежных студэнтаў — грамадзяне Туркмэністану, Расейскай Фэдэрацыі. Колькасьць грамадзян Кітаю сярод студэнтаў-замежнікаў набліжаецца да 10%, паведаміла Факеева.

«Вучэбная міграцыя спрыяе разьвіцьцю і ўмацаваньню палітычных, эканамічных, навукова-тэхнічных кантактаў Беларусі з краінамі — пастаўшчыкамі студэнцкіх мігрантаў. Навучальныя мігранты ня толькі прыносяць фінансавы прыбытак, але і спрыяюць стварэньню пазытыўнага вобразу Беларусі ў сьвеце», — падкрэсьліла Факеева.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG