Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ўпершыню пасьля масавых акцыяў пратэсту ў 2013-2014 годзе, якія прывялі да зьмены ўлады, людзі зноў выйшлі на вуліцы. Арганізатары заяўлялі, што ў пратэстах возьмуць удзел да 50 тысяч грамадзян. Аднак, паводле праваахоўнікаў, пратэставалі ня больш як 6 тысяч асоб.

Абышлося без правакацыяў і сутыкненьняў. Хаця ў часе ўзмоцненых захадаў бясьпекі паліцэйскія выявілі некалькі чалавек, якія прыйшлі пратэставаць з траўматычнай зброяй. Іх не затрымалі, бо зброя была зарэгістраваная, але на акцыі не пусьцілі.

Генэральная пракуратура, Нацыянальны банк, Вярхоўная Рада — няпоўны пералік тых месцаў, дзе сёньня адбыліся акцыі пратэсту. Удзел у іх бралі ўкладнікі збанкрутаваных банкаў, чарнобыльцы, пэнсіянэры, кіяўляне і жыхары іншых гарадоў. Часам яны блыталіся ў сваіх патрабаваньнях да ўлады, але часьцей адказвалі аднолькава: «Мы выйшлі супраць банкаўскага бязьмежжа», «Дайце нам эўра хаця б па 8 (грыўняў — РС)».

Адны не прыхоўвалі, што бяруць удзел у акцыях за грошы, іншых прывезьлі ў Кіеў бясплатна. «Я лічуся на працы, мне грошы за гэты дзень налічаць у заробак», — сказаў жыхар Чаркашчыны.


За некалькі дзён да плянаваных акцыяў у сацыяльных сетках ствараліся адмысловыя групы для забесьпячэньня масавасьці. У іх адкрыта ўказваўся кошт удзелу ў пратэстах — ад 130 грыўняў і вышэй. Што праўда, пасьля завяршэньня акцыяў, нягледзячы на спробы журналістаў адсачыць месцы, дзе мелі б адбывацца грашовыя разьлікі, гэтага так і не ўдалося дакумэнтальна зафіксаваць.

Улады ж падрыхтаваліся да шырока разрэклямаванай акцыі пратэсту ня толькі надзвычайнымі захадамі бясьпекі — тэрмінова ў парлямэнт быў перададзены і ўхвалены законапраект, які прадугледжвае мэханізм выплаты кампэнсацый грамадзянам, якія страцілі свае дэпазыты з-за банкруцтва банкаў.

Паралельна спэцслужбы папярэдзілі, што ўсеўкраінская акцыя пратэсту банкаўскіх укладнікаў ёсьць першым, але не апошнім, пунктам расейскага пляну «Шатун» для дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне. Наступны пратэст прызначаны на 17 лістапада супраць падвышэньня тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Паводле спэцслужбаў, пратэсты маюць «перарасьці ў блякаваньне ўрадавых структураў і масавыя беспарадкі».

«Рука Крамля» ці вынік дзейнасьці ўкраінскіх уладаў?

Ва Ўкраіне павялічваецца незадаволенасьць грамадзян сацыяльна-эканамічным становішчам. Але, паводле сацыялягічных апытаньняў, яна яшчэ не дасягнула крытычнай адзнакі, пры якой грамадзяне стыхійна выходзяць на вуліцы. У той жа час палітычныя сілы традыцыйна намагаюцца выкарыстоўваць гэтыя настроі на сваю карысьць — зараз практычна ўсе, за выключэньнем праўладных партый — «Салідарнасьці» Пятра Парашэнкі і Народнага фронту Арсенія Яцанюка — выступаюць за правядзеньне пазачарговых парлямэнцкіх выбараў.

«Плян „Шатун“ прыдумалі піяр-тэхнолягі, каб навешваць ярлыкі „агент Суркова“ на ўсіх, хто крытыкуе ўладу... Хоць, калі разабрацца, то сапраўдныя агенты Суркова — гэта якраз цяперашнія ўкраінскія карупцыянэры. Менавіта яны крадуць у краіны, аслабляючы Ўкраіну перад тварам расейскага ворага», — перакананы народны дэпутат, былы журналіст Сяргей Лешчанка, які абіраўся ў парлямэнт па сьпісу Блёку Пятра Парашэнкі.

У фракцыі «Народны фронт» перакананыя, што дэстабілізацыя сытуацыі можа паўплываць на рашэньне Эўразьвязу аб прадстаўленьні Ўкраіне бязьвізавага рэжыму ды нэгатыўна адаб’ецца на курсе нацыянальнай валюты. «І карцінка для расейскіх СМІ будзе, вядома, вельмі добрая, маўляў, «кіеўская хунта не спраўляецца з народам і ня можа ўтрымаць уладу», — мяркуе дэпутат Ігар Лапін.

Лідэр партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка мяркуе, што сёньняшнія акцыі пратэсту прадэманстравалі, што апэрацыя «Шатун» — фэйк. «Ніякай апэрацыі „Шатун“ не існуе, ніякага подкупу людзей не існуе. Яны прыехалі сюды абараняць свае правы», — перакананая апазыцыянэрка.

«Расея ня ёсьць арганізатарам, але можа скарыстацца гэтымі тэндэнцыямі для агрэсіўнага канфлікту. Спэцслужбы могуць. Ахвяры сярод пратэстоўцаў. Ну, і некаторыя арганізатары могуць быць зьвязаныя з Расеяй. Плюс — магчымыя правакацыі сутыкненьняў з праваахоўнікамі, каб потым выкарыстаць эфэкт у інтарэсах Крамля. Менавіта так я бачу: арганізоўваюць нашыя (украінскія палітыкі — РС), а карыстаецца сытуацыяй — Расея», — мяркуе ўкраінскі палітоляг Уладзімер Фясенка.

Паводле яго, ініцыятары пратэстаў разьлічваюць стварыць штучны палітычны крызыс: недавер да ўлады ва Ўкраіне прысутнічае, але гэта пэрманэнтны стан украінскага грамадзтва, і гэты недавер не азначае, што ўрад і парлямэнт — недзеяздольныя і іх трэба замяняць неадкладна.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG