Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёва абавязалі за тыдзень сплаціць штраф. Іначай апішуць маёмасьць


Рыгор Кастусёў (зьлева) і Віталь Рымашэўскі на Дні Волі-2016

Рыгор Кастусёў (зьлева) і Віталь Рымашэўскі на Дні Волі-2016

Намесьніку старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву далі тыдзень на аплату штрафу ў 420 рублёў. Калі палітык ня выканае гэта патрабаваньне, то судовыя выканаўцы апішуць маёмасьць.

Аштрафаваў Рыгора Кастусёва на 20 базавых велічыняў Савецкі суд Менску за сьвяткаваньне Дня волі. Пазьней Менскі гарадзкі суд пакінуў гэты вырак у сіле.

Сёньня да фронтаўца ў ягоную кватэру ў Шклове наведаліся судовыя выканаўцы, але пакуль адтэрмінавалі апісаньне маёмасьці. Аказалася, што яму не даслалі дакумэнты на аплату штрафу.

«Як высьветлілася, судовыя выканаўцы ўжо прыходзілі да мяне ня раз і перад сёньняшнім візытам яны пасьпелі зрабіць запыты ў банкі, ці ёсьць у мяне рахункі. Тое ж зрабілі ў дзяржаўную аўтаінспэкцыю па маёй машыне. А таксама дазналіся, якая ў мяне ёсьць маёмасьць. Спраўдзілі, якія я маю тэлефоны», — сказаў Свабодзе Рыгор Кастусёў.

Палітык мяркуе заплаціць штраф, бо іначай, тлумачыць ён, улады могуць забараніць яму выезд за мяжу. А гэта недапушчальна з улікам ягонай пасады ў партыі. Таксама судовыя выканаўцы могуць абмежаваць яму магчымасьць карыстацца ўласным аўтамабілем.

Кастусёў кажа, што ня мае жаданьня разьвітвацца з маёмасьцю. Судовыя выканаўцы, адзначыў палітык, найперш зьвярнулі ўвагу, патрапіўшы ў кватэру, на кампутар.

Рыгора Кастусёва судзілі за Дзень волі некалькі разоў. Спачатку Савецкі суд Менску пакараў палітыка 30 базавымі велічынямі. Гарадзкі суд Менску, у якім фронтавец абскардзіў вырак, пастанавіў перагледзіць рашэньне раённага суда. Урэшце Кастусёва пакаралі штрафам у 20 базавых велічыняў, і гарадзкі суд пакінуў вырак у сіле.

Сваёй віны адзін з арганізатараў дазволенага Менскім гарвыканкамам сьвяткаваньня Дня Волі не прызнае. Ён заяўляе, што заўвагаў з боку праваахоўных органаў да ўдзельнікаў шэсьця і яго асабіста не было.

Рыгор Кастусёў кажа, што ўлада, караючы апазыцыянэраў, зарабляе грошы, «але зарабляе дужа брудна».

«Тое, як шукалі маю віну, як быў аформлены пратакол (з мноствам памылак), ды і цяпер, не даслаўшы мне дакумэнтаў, што я мушу плаціць і куды плаціць, пацьвярджае, што ўзровень кампэтэнцыі людзей, якія працуюць на адказных дзяржаўных пасадах, дужа нізкі. Гэты ўзровень нізкі ўва ўсіх галінах дзяржаўнай улады, таму ўладу трэба мяняць», — заяўляе фронтавец.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG