Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эксгумацыя ахвяраў авіякатастрофы пад Смаленскам: у некаторых трунах — сьмецьце, недакуркі, органы іншых людзей


У Польшчы пачаліся масавыя эксгумацыі парэштак ахвяраў авіякатастрофы пад Смаленскам. Пракуратура заяўляе пра магчымыя памылкі пры апазнаньні загінулых у Расеі ў красавіку 2010 года, апазыцыя абвінавачвае ўлады ў «палітычных гульнях з выкарыстаньнем трунаў».

У Кракаве ў ноч на 15 лістапада былі эксгумаваныя парэшткі прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага і ягонай жонкі Марыі, якія загінулі ў авіякатастрофе пад Смаленскам вясной 2010 года. Эксгумацыя праходзіла ў прысутнасьці супрацоўнікаў пракуратуры, сьвятароў і блізкіх: брата загінулага прэзыдэнта Яраслава Качынскага і дачкі прэзыдэнцкай пары — Марты Качыньскай.

Лех і Марыя Качыньскія былі пахаваныя ў сьвятым для палякаў месцы — у саборы на кракаўскім Вавэлі, дзе спачывае прах польскіх каралёў, Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касьцюшкі, Юзафа Пілсудзкага.

Дасьледаваньне астанкаў прэзыдэнцкай пары будзе праводзіцца чатыры дні ў Ягелёнскім унівэрсытэце групай з 14 экспэртаў з розных краінаў. Затым у экспэртаў будзе чатыры месяцы, каб вынесьці вэрдыкт — ці насамрэч на Вавэлі былі пахаваныя целы Леха і Марыі Качыньскіх.

Да гэтага часу, з чэрвеня 2011 да лістапада 2012 года, ваенная пракуратура дасьледавала пахаваньні дзевяці ахвяраў смаленскай катастрофы. Выявілася, што ў шасьці магілах спачываюць парэшткі ня тых людзей. Напрыклад, у магіле легенды «Салідарнасьці» Ганны Валентыновіч быў пахаваны іншы чалавек.

Пры першых эксгумацыях капітан ваеннай пракуратуры Анджэй Віхерскі заявіў: «Супрацоўнікі варшаўскай акруговай вайсковай пракуратуры пры ўдзеле вайсковай жандармэрыі і экспэрта судова-мэдычнай экспэртызы і ў прысутнасьці сваякоў дасталі з магілы парэшткі адной з ахвяраў смаленскай катастрофы. Адначасова была праведзена эксгумацыя яшчэ адной ахвяры катастрофы. Раней супрацоўнікі пракуратуры старанна вывучылі мэдычную дакумэнтацыю, атрыманую з Расейскай Фэдэрацыі, пасьля чаго было прынятае рашэньне аб эксгумацыі. У нас ёсьць сумненьні, ці тыя людзі спачываюць у магілах. Прычына сумненьняў у тым, што, нягледзячы на правільнае апазнаньне целаў сваякамі, расейскі бок іх затым пераблытаў».

На бліжэйшы год заплянавана эксгумацыя 83 целаў. Пракуратура Польшчы, якая вядзе расьсьледаваньне прычынаў катастрофы пад Смаленскам, зноў заяўляе, што ў апазнаньні целаў ахвяраў у Расеі ў красавіку 2010 года польскія экспэрты не прымалі ўдзелу, і таму няма ўпэўненасьці ў тым, што гэты працэс быў праведзены як належыць.

Месца авіякатастрофы

Месца авіякатастрофы

Рашэньне пракуратуры выклікала неадназначную рэакцыю ў Польшчы, перш за ўсё сярод сваякоў ахвяраў авіякатастрофы. Большасьць зь іх прымірыліся зь неабходнасьцю эксгумацыі, аднак ня ўсе. На сёньняшні дзень блізкія сямі загінулых абскардзілі рашэньне пракуратуры, заявіўшы, што просяць пакінуць прах іх мужоў, жонак, сыноў і дачок у спакоі.

Удавец загінулай пад Смаленскам Іаланты Дэрэш Павал сказаў польскаму тэлеканалу TVN: «Я не хачу дапусьціць эксгумацыі астанкаў маёй жонкі... Гэта парушае яе спакой і можа прывесьці да велізарных пакутаў маёй сямʼі. Эксгумацыя мае палітычны кантэкст. Гаворка ідзе перш за ўсё аб пошуку сьлядоў выбуху на борце самалёта».

Амбудсмэн Адам Боднар: «Гэта асаблівая сытуацыя, калі трэба прымаць пад увагу ня толькі і выключна інтарэсы сьледзтва, але і паважлівае стаўленьне да парэшткаў. Культ павагі да памерлых заўсёды разглядаўся як асабістая каштоўнасьць, якая падлягае абароне».

Дэпутат парлямэнта Анджэй Мэляк, брат якога — Стэфан Мэляк — загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам, прытрымліваецца іншага меркаваньня:

«Тое, пагадзіўся нехта на эксгумацыю альбо не, не зьяўляецца вырашальным словам. Важна ўсталяваць праўду — ці ляжаць у магілах нашы блізкія. Дзевяць магіл праверылі, і выявілася, што ў шасьці зь іх ляжаць ня тыя парэшткі. Пракуратура была абавязана праверыць гэта непасрэдна пасьля іх транспарціроўкі ў Польшчу ў 2010 годзе. Але гэта не было зроблена — спэцыяльна ці не, ня ведаю. Ведаю толькі, што самых простых дасьледаваньняў ніхто не правёў. Ёсьць шэсьць памылак, над целамі нашых блізкіх зьдзекаваліся. Іх пахавалі як жывёлаў, у чорных мяшках. Нас пераконвалі, што ўсё будзе так, як хочуць семʼі. Больш за 60 ахвяраў былі ў такім стане, што іх можна было апрануць, я сам перадаваў вопратку для свайго брата. Аказалася, аднак, што ў магілах было сьмецьце — брудныя пальчаткі, органы іншых людзей, недакуркі... І праз столькі гадоў мы зноў павінны прайсьці праз гэты боль. Я кажу за сябе — хачу памерці спакойна, ведаючы, што ў магіле, да якой я прыходжу, малюся, ускладаю кветкі, спачывае мой брат Стэфан».

А вось што сказаў журналістам прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда:

«Такі закон дзейнічае вельмі даўно. У розных сытуацыях, калі былі сумневы, праводзіліся эксгумацыі для таго, каб як мага дакладней разабрацца ў справе, сабраць як мага больш доказаў і ўсталяваць праўду. Гэта, вядома, вельмі непрыемная сытуацыя, але [да гэтага часу] не было для гэтага адпаведнай палітычнай атмасфэры».

Цяпер палітычная атмасфэра ёсьць. Эксгумацыі будуць працягвацца да восені наступнага года і, як лічаць экспэрты і правага, і левага накірунку, іх вынікі будуць важнай тэмай для абмеркаваньня ў краіне.

Цяперашнія польскія ўлады надаюць расьсьледаваньню прычынаў смаленскай катастрофы вельмі сурʼёзнае значэньне, і гэта ў найбліжэйшай будучыні наўрад ці зьменіцца.

Авіякатастрофа пад Смаленскам адбылася 10 красавіка 2010 года. У Варшаве кожны месяц 10-га чысла ля прэзыдэнцкага палаца зьбіраецца мноства людзей на чале зь лідэрам кіруючай цяпер у Польшчы партыі «Права і справядлівасьць» Яраславам Качыньскім, братам загінулага прэзыдэнта, каб аддаць даніну памяці ахвярам трагедыі.

Лідэр кіроўнай партыі "Права і Справядлівасьць" Яраслаў Качыньскі, брат загінулага прэзыдэнта

Лідэр кіроўнай партыі "Права і Справядлівасьць" Яраслаў Качыньскі, брат загінулага прэзыдэнта

10 лістапада, кажучы аб расьсьледаваньні прычын авіякатастрофы, Яраслаў Качыньскі падкрэсьліў, што праўда павінна стаць агульнавядомай і што па-сапраўднаму незалежная Польшча павінна яе ведаць і як належыць аддаць даніну памяці загінуўшым: «Гэта, як і ўсё, што зьвязана з гісторыяй, калісьці павінна сысьці ў мінулае. Але гэта будзе магчыма толькі тады, калі наша місія будзе скончана».

10 красавіка 2010 года ў аэрапорце Паўночны пад Смаленскам пацярпеў катастрофу самалёт прэзыдэнта Польшчы. У катастрофе загінулі 96 чалавек — прэзыдэнт і ягоная жонка, экіпаж і прадстаўнікі польскай палітычнай, творчай і ваеннай эліты.

У Польшчы спэцыяльная камісія прыйшла да высновы, што прычынай катастрофы былі памылкі пілётаў і дрэнная падрыхтоўка да палёту. Аднак многія палякі ў гэта ня вераць. Цяперашнія ўлады прынялі рашэньне стварыць новую камісію. Разглядаецца сярод іншага і вэрсія выбуху на борце самалёта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG