Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мустафа Джэмілеў: Вызваленьне Крыму — гэта толькі пытаньне часу


Мустафа Джэмілеў.

Мустафа Джэмілеў.

У аўторак, 15 лістапада, камітэт Генэральнай асамблеі ААН разгледзіць рэзалюцыю аб парушэньнях правоў чалавека ў акупаваным Расеяй Крыме. У сьнежні рэзалюцыю вынесуць на галасаваньне Генэральнай асамблеі ААН.

Практычным увасабленьнем дакумэнту можа быць маніторынгавая місія, якая будзе кантраляваць сытуацыю з парушэньнем правоў чалавека ў Крыме, кажуць ва ўкраінскай дэлегацыі, якая прыбыла ў офіс ААН для падтрымкі дакумэнта. У складзе дэлегацыі — народны дэпутат, лідэр крымскіх татараў Мустафа Джэмілеў. У эфіры «Галасу Амэрыкі» ён распавёў, чаго чакае ад рэзалюцыі і ад Арганізацыі абʼяднаных нацый у цэлым.

— У рэзалюцыі, якую павінен разгледзець трэці камітэт Генэральнай асамблеі ААН, гаворыцца аб грубых парушэньнях правоў чалавека на акупаваных тэрыторыях у Крыме. Сярод патрабаваньняў — допуск міжнародных маніторынгавых арганізацый, якія маглі б даць ацэнку бягучай сытуацыі ў галіне правоў чалавека. Спадзяюся, што гэтая рэзалюцыя будзе прынятая, а ў наступным месяцы, у сьнежні, будзе разглядацца Генэральнай асамблеяй ААН.

Наша задача — зрабіць так, каб як мага больш краінаў падтрымалі гэтую рэзалюцыю. Хаця разумеем, што ёсьць краіны, у той ці іншай ступені залежныя ад Расейскай Фэдэрацыі, а ёсьць краіны, дзе сытуацыя з правамі чалавека падобная да той, якую мы назіраем цяпер у Крыме — скажам, Паўночная Карэя — цяжка спадзявацца, што яна падтрымае нашу рэзалюцыю. Большасьць краінаў, якія ня хочуць канфрантацыі або пагаршэньня адносін з Расеяй, відавочна проста ўстрымаюцца. Так ці інакш, я думаю, рэзалюцыя будзе прынятая.

— Калі місія ААН запрацуе, якой, як Вы думаеце, будзе яе склад і фармат працы? Чаго чакаеце ад гэтай місіі?

— З моманту акупацыі, а сёньня 659-ы дзень акупацыі, свабодныя місіі на акупаваныя тэрыторыі, як правіла, не дапускалі. Або дапускалі такія групы, такія дэлегацыі, зь якімі была папярэдняя дамоўленасьць аб тым, што яны напішуць прымальныя для Расейскай Фэдэрацыі нейкія выніковыя дакумэнты. Я вельмі спадзяюся, што місія ААН усё ж будзе дапушчана, але асаблівай упэўненасьці ў гэтым няма. Калі гэтая місія будзе дапушчана, то сцэнар будзе такім: яны сустракаюцца, як правіла, з прадстаўнікамі акупацыйнай улады, калябарантамі, якія распавядаюць, як шчасьліва жывуць цяпер на акупаваных тэрыторыях. А выказаць іншы пункт гледжаньня там вельмі небясьпечна. Там прыйдзецца вельмі старанна працаваць, гэта праца не аднаго і ня двух-трох дзён.

— Сусьветныя лідэры і ўкраінскія палітыкі ў цэлым сыходзяць ад адказу на пытаньне, калі Крым вернецца ва Ўкраіну: кажуць пра гады, дзесяцігодзьдзі. Што Вы думаеце з гэтай нагоды, калі Крым можа вярнуцца ва Ўкраіну?

— Расея — непрадказальная краіна: можа сёньня ўвечары, можа праз тыдзень, а можа чорт ведае калі — на ўсё воля Алаха. Але, як правіла, агрэсія заканчваецца ў той краіне, якая ажыцьцяўляе гэтую агрэсію. Я думаю, мы абавязкова вызвалім Крым — ня толькі Крым, але ўсе тэрыторыі, акупаваныя Расеяй і тымі фармаваньнямі, якія яна стварае на ўсходзе нашай краіны. Але пытаньне аб тэрмінах залежыць ня толькі ад самой Украіны — мы, вядома, будзем прыкладаць усе намаганьні — але і ад сусьветнай супольнасьці, ад дзеяньняў вядучых краінаў.

Размовы, якія цяпер вядуцца пра тое, што, маўляў, трэба зьняць санкцыі, бо гэта наносіць эканамічную шкоду, выказваюць, на маю думку, вельмі недальнабачныя краіны і палітыкі: калі цяпер не прыняць рашучых мер супраць агрэсара, то расплата будзе вельмі вялікі і дарагой. Не толькі ў фінансавым пляне, але і ў дачыненьні да чалавечых жыцьцяў. Мы разьлічваем на дальнабачных палітыкаў.

— Пакуль Вы ў Нью-Ёрку, ці была ў Вас магчымасьць, ці можа Вы зьбіраецеся пагутарыць з людзьмі з атачэньня новаабранага прэзыдэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа? У яго былі даволі рэзкія заявы па Крыме.

— Так, сапраўды, Трамп заяўляў пра тое, што ён нібыта чуў, што ў Крыме быў рэфэрэндум і жыхары Крыму нібыта самі захацелі быць пад акупацыяй. Але я думаю, што гэта празь недасьведчанасьць спадара Трампа. Думаю, яго атачэньне яго праінфармуе. Рэспубліканская партыя заўсёды падтрымлівала Ўкраіну больш, чым Дэмакратычная, таму асаблівага пэсымізму ў нас няма. Пакуль сурʼёзных сустрэч з людзьмі з атачэньня новаабранага прэзыдэнта не было, але мы плянуем. У нас у асяродзьдзі Рэспубліканскай партыі ёсьць вельмі ўплывовыя людзі, у тым ліку Маккейн, які вельмі добра ведае сытуацыю — мы будзем мець сустрэчы і даносіць наш пункт гледжаньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG