Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску жанчыны захапілі трамвай і прымусілі кіроўцу адвезьці іх на патрэбны прыпынак


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Пасажыркі адмовіліся выходзіць з транспартнага сродку, пакуль кіроўца не выканае іхных патрабаваньняў. А менавіта, пакуль не адвязе іх на патрэбны прыпынак па маршруце, а не ў дэпо, куды кіраваўся трамвай.

Пра здарэньне стала вядома пасьля таго, як інфармацыя пра «захоп трамвая» трапіла ў сацыяльныя сеткі. Паводле відавочцаў, з праспэкта Люднікава ў раён вуліцы Гагарына даволі доўга не хадзіў транспарт праз аварыю на трамвайных рэйках. А калі наступствы аварыі зьліквідавалі, то трамваі пайшлі не маршрутам, а ў дэпо. Чатыры жанчыны, якія зьмерзлі на прыпынку ў марным чаканьні, наважыліся на «захоп»: увайшлі ў вагон і запатрабавалі, каб іх везьлі туды, куды ім трэба. Перад гэтым яны патэлефанавалі ў дэпо і выказалі свае абурэньні.

Кіроўца трамвая спрабавала спрачацца і нават пагражала выклікаць міліцыю. Але інцыдэнт скончыўся мірна: абураных спадарынь адвезьлі ўсё ж на вуліцу Гагарына, як яны патрабавалі.

Прозьвішчаў «захопніц» ніхто не зафіксаваў. А камэнтары ў сацсетках сьведчаць пра тое, што бальшыня жыхароў Віцебска на іхным баку. Людзі згадваюць дэклярацыйныя заявы пра «сацыяльна арыентаваную дзяржаву» і абураюцца тым, што насамрэч пра надзённыя патрэбы беларусаў чыноўнікі і ўрад дбаюць надта мала.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG