Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гвалт — тое, што нам блізка


Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

«Да ладна, Насьця, нармальныя мы,» — казаў мне ўсьмешлівы малады АМАПавец. Звалі яго Віталь. Мы неяк дзіўна, але ненадоўга апынуліся ў адной кампаніі. Хлопец як хлопец: любіў пажартаваць, але быў нешматслоўны. Быў слабы на выпіўку і більярд.

Гэты хлопец адслужыў у вядомай вайсковай частцы № 3214, пад кіраўніцтвам самога Паўлічэнкі і пасьля, як шмат хто з тых, хто там служыў, пайшоў у АМАП. Зьнешне хлопец цалкам звычайны, меў толькі адно вельмі яскравае адхіленьне — час ад часу зьбіваў сваю дзяўчыну. Бяз дай прычыны, пасьля лішняй пляшкі, калаціў сваю сяброўку, разам зь якой жыў. А пасьля нібы нічога і не здарылася: «Да ладна, ня лезьце, я завяжу».

Я ня памятаю, ці пісала сяброўка заявы ў міліцыю (я ўжо і не задаюся пытаньнем, чаму яны працягвалі быць разам пасьля такога), але праваахоўныя органы дакладна мелі справу з гэтым хлопцам. Некалі ягоная дзяўчына распавядала, як аднойчы да яе на Нямізе падышоў хлопец спытацца: «Якая гадзіна?», а Віталь, які адыходзіў ад шапіка, бязь лішніх словаў адразу разьбіў хлопцу твар. «Раўнівы вельмі...» — апраўдвала дзяўчына свайго гора-бойфрэнда.

Зьнешне ён падаваўся някепскім чалавекам і вочы долу нібыта з сорамам апускаць умеў.

Мне тады было гадоў 16, і я яму наўпрост казала, што па ім плача турма, дзе ён мусіць быць не канваірам з дубінкаю, але арыштантам з рукамі за сьпінай. Ён казаў, сарамліва пазіраючы мне ў вочы: «Завяжу, вось пабачыш». Зьнешне ён падаваўся някепскім чалавекам і вочы долу нібыта з сорамам апускаць умеў. Сказаў мне некалі тады: «Я вырашыў, Насьця, што буду бульбай гандляваць, але ў АМАП болей не вярнуся».

З той кампаніяй лёс мяне болей ня зводзіў, а вось зь Віталікам неяк сустрэліся праз пару гадкоў у Першамайскім РАУСе. Чорная куртка, штаны на байцы, чорная шапачка ды высокія кірзачы. «О, Віталя, я бачу ты зноў дома!» — не стрымалася я. І зноў: той жа добра знаёмы сарамлівы позірк, вочы долу.

Ён павітаўся і адышоў, пакуль я вырашыла нейкія пытаньні зь міліцэйскай дзяжурнай службай, хутчэй за ўсё, каб перадаць ежу і цёплыя рэчы для затрыманага на той час Зьмітра Хведарука. Відаць, ад пачуцьця няёмкасьці перада мной, Віталь пазьней усё ж падышоў, каб сказаць, што затрыманага хлопца не вызваляць і мы яму нічым не дапаможам. «Гэта і без цябе ясна, Віталь. Ідзі да сваіх». Болей мы зь ім не бачыліся.

З гэтым АМАПаўцам — больш не бачыліся. Але выпадак, калі брутальна зьбілі майго мужа пасьля адкрыцьця помніка Леніну каля МТЗ прыгадаў мне гэтае знаёмства. Раней, калі «сілавікі» дзейнічалі жорстка пры затрыманьнях альбо ў РАУСах ці аўтобусах пасьля акцыяў, мы неяк сьпісвалі гэта на загады. Маўляў, магчыма яны ўнутры пухнатыя коцікі, а тут — ім проста загадалі. А цяпер пераконваюся, што не.

Для АМАПу гвалт — гэта ня проста праца, гэта фактычна як хобі.

І на зьбіцьцё Зьмітра загаду ніхто не даваў: ён занадта публічная пэрсона, і без увагі журналістаў жорсткасьць ня пройдзе, а цяпер гэта палітычна ня мае сэнсу. Зьбіцьцё і зьдзек для супрацоўнікаў АМАПу — гэта звычка, нармальны сродак камунікацыі. Для АМАПу гвалт — гэта ня проста праца, гэта фактычна як хобі. «Гвалт — тое, што нам блізка» — можна было б распаўсюджваць рэклямныя брашуркі з такім слоганам.

Гісторыя Віталіка дэманструе, што адмовіцца ад гвалту такім людзям практычна нерэальна, бо практыка беспакаранасьці робіць яго паўсюдным: дома, на вуліцы, на працы. Яны больш ня могуць інакш. Таму я ня веру, што ім патрэбныя загады. Ім проста сыстэма дала зялёнае сьвятло на ўсё тое беззаконьне, якое яны чыняць.

Ня факт, што самі ахвяры пасьля не апынуцца за кратамі, нібыта за гвалт супраць людзей у пагонах!

Шмат, шмат пытаньняў... Як у краіне ў цэнтры Эўропы, якая спрабуе хаця б зьнешне паляпшаць свой імідж, дазваляюць такія міліцэйскія бясчынствы, пра якія мы чытаем у стужцы навінаў? Зьбітыя міліцыяй жанчыны, падлеткі, журналісты, раварысты... І ня факт, што самі ахвяры пасьля не апынуцца за кратамі, нібыта за гвалт супраць людзей у пагонах!

Прыкметамі «адлігі» ды «дэмакратызацыі» у вачах міжнародных структураў, мела б быць ня толькі адсутнасьць палітвязьняў у краіне, але яшчэ і ўзровень (рэальны ўзровень!) даверу насельніцтва да праваахоўнікаў.

А Віталіку я зычу посьпехаў. Таму што калі ў гэтай краіне пачнуцца рэформы, шмат каму са зьнешне ўпэўненых у сабе маладых людзей са шклянымі вачыма, якія нясьпешна патрулююць вуліцы нашых гарадоў, давядзецца шукаць новую працу. А некаторым — добрага адваката.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG