Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Нястрымны папуліст": цікавыя факты пра затрыманага за хабар старшыню Бабруйскага гарвыканкаму


Андрэй Каваленка

Андрэй Каваленка

Старшыня Бабруйскага гарвыканкаму Андрэй Каваленка сёньня быў затрыманы міліцыяй у момант атрыманьня ім хабару. Свабода сабрала некаторыя цікавыя факты пра затрыманага.

Родам з Расеі

Андрэй Каваленка нарадзіўся ў 1970 годзе ў паселішчы Раздольле Калінінградзкай вобласьці Расеі. У юнацтве апынуўся ў Беларусі. Скончыў Гомельскі тэхнічны ўнівэрсытэт і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце. Працаваў дырэктарам Быхаўскага водаканалу, намесьнікам кіраўніка ўпраўленьня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэту, намесьнікам старшыні Бабруйскага гарвыканкаму.

Папярэдняга старшыню Бабруйскага гарвыканкаму Дзьмітрыя Бонахава ціха зьнялі 13 жніўня 2014 году, а потым прызначылі дырэктарам Бабруйскага мясакамбінату. Новым старшынём гарвыканкаму тады стаў былы намесьнік Бонахава Андрэй Каваленка.

Не зьбярог парк

Пры Каваленку ў Бабруйску на вуліцы Менскай высеклі парк дзеля пабудовы гіпэрмаркету.

Парк быў санітарнай зонай між мікрараёнам і найбуйнейшымі бабруйскімі заводамі, але яго зьнесьлі, хоць вольнага месца для такой будоўлі хапае ў горадзе. Бабруйчане пісалі скаргі ва ўсе інстанцыі, неаднаразова праходзілі грамадзкія абмеркаваньні, на якіх жыхары выказваліся супраць высяканьня парку — Каваленка апраўдваўся тым, што «рашэньне было прынятае раней, пры папярэднім кіраўніку». Улады былі пагадзіліся абавязаць замоўцу крыху перанесьці аб’ект і правесьці кампэнсацыйную пасадку дрэў, але ў хуткім часе парк быў зьнішчаны, а новых дрэў няма дагэтуль.

Езьдзіў у Італію і Кітай

Пры Каваленку Бабруйскі гарвыканкам актыўна займаўся міжнароднымі дачыненьнямі. У 2015-м, нягледзячы на пачатковыя пляны адмены, усё ж правялі міжнародны фэстываль «Вянок дружбы», да таго штогадовы, і толькі потым дзеля эканоміі вырашылі праводзіць яго раз на два гады.

Сёлета Бабруйскі шынны камбінат атрымаў новае абсталяваньне з Кітаю — камплекты гідраўлічных прэсаў коштам 15 мільёнаў эўра для вытворчасьці гіганцкіх шынаў памерам R63; раней такія ў Беларусі не вырабляліся, а для пэўных мадэляў «БелАЗаў» закупляліся за мяжой. Сам Каваленка ў складзе дэлегацыі Магілёўскай вобласьці ў кастрычніку езьдзіў зь візытам у кітайскую правінцыю Цзянсу. Таксама як кіраўнік Бабруйску быў у Італіі, дамаўляўся пра пабудову ў горадзе новага сьмецьцепераапрацоўчага заводу.

Прычыніўся да праблем футболу

На пачатку 2016 году бабруйскія ўлады далі дазвол на прыход у мясцовы футбольны клюб «Белшына», заснавальнікам якога зьяўляецца бабруйскі гарвыканкам, расейскіх інвэстараў — нягледзячы на іхную невядомасьць, няясныя пляны. Расейцы за першыя тыдні амаль цалкам разагналі каманду, трэнэрскі штаб і гульцоў, запрасілі аргентынскіх і афрыканскіх юнакоў. Асноўная мэта інвэстарамі і ўладамі не афішавалася, але называлася: зарабляць на продажы гульцоў. Але гэтага не атрымалася, летам расейцы, што так і не далі на разьвіцьцё клюбу сваіх грошай, ціха сышлі з клюбу, а каманда, якая ў мінулым сэзоне змагалася за мэдалі, цяпер займае апошні радок за 2 туры да канца чэмпіянату Беларусі.

Любіў расказваць пра свае посьпехі

Бабруйчанам Андрэй Каваленка запомніўся як нястрымны папуліст. На фэстывалі «Вянок дружбы» на парадзе творчых калектываў ён ішоў у першым шэрагу, нядаўнюю сустрэчу з прадстаўнікамі мясцовых СМІ ён прызначыў на мастацкай выставе. У любую прамову мог уставіць расповеды пра свае посьпехі і ўсенароднае прызнаньне. Любімымі фразамі кіраўніка былі: «Я вазьму на асабісты кантроль» ды «Адказваць будуць перада мной». У прыватнасьці, летам Каваленка «ўзяў на асабісты кантроль» капітальны рамонт вуліцы Гогаля — адной з асноўных бабруйскіх транспартных магістраляў — і даў дарожнікам два тыдні. Рамонт ня скончаны дагэтуль. У горадзе пастаянна «неставала грошай» на рамонт дарог — і адначасова ставіліся пампэзныя ўязныя знакі коштам да мільярду рублёў ды «помнікі» ў выглядзе самалётаў ды артылерыйскіх гарматаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG