Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Айсэдора Дункан, белы сабака і тоўстая кадрыля


Ілюстрацыйнае фота аўтарства Ігара Гусакова.

Ілюстрацыйнае фота аўтарства Ігара Гусакова.

Фінальным акордам Віцебскай артыстычнай восені стане Міжнародны фэстываль сучаснай харэаграфіі, што традыцыйна адбываецца напрыканцы лістапада.

Гэта адна з найбольш відовішчных і вартых увагі падзей, упісаных у інтэлектуальную афішу горада.

Мадыльяні, Моцарт і беларускія танцы

Сёлета ХХІХ Міжнародны фэстываль сучаснай харэаграфіі пачнецца 22 лістапада на менскай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэру і балету пастаноўкай Раду Паклітару «Жызэль». Пад музыку Адольфа Адана на мове сучаснай харэаграфіі прагучыць гісторыя гаротнай дзяўчыны, якая, прадзіраючыся скрозь бездань выпрабаваньняў, спрабуе адшукаць сябе, сваё каханьне, і пры гэтым ня страціць чалавечнасьці. На наступны дзень балет у выкананьні ўкраінскай танцавальнай кампаніі «Кіеў-мадэрн балет» убачаць віцябляне. Прэм’еру пакажуць пасьля ўрачыстага адкрыцьця фэстывалю. Заканчэньнем дня стане вечарына для ўдзельнікаў фэстывалю, якая, па словах арганізатараў, будзе аформлена ў беларускім стылі. Для забавы гасьцям прапануюць развучыць беларускую кадрылю.

Беларуская кадрыля

У Беларусі папулярны салённы танец з Эўропы займеў распаўсюд зь сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя, пад уплывам мясцовых традыцый стаўшы часткай нацыянальнай харэаграфіі. Падчас кадрылі пары разьмяшчаюцца па квадраце або радамі, у пэўны момант адбываецца абмен ці пераход партнэраў. Арыгінальнасьці і самабытнасьці беларускай кадрылі надае спалучэньне ў ёй вядомых раней традыцыйных і новых танцаў. Па структуры беларуская кадрыля можа быць прамой, касой, кругавой, а па колькасьці ўдзельнікаў — тоўстай ці тонкай. Уласная назва кадрылі гаворыць аб мясцовасьці яе бытаваньня — Смаргонская, Турэйская, Лядкоўская, Дэмбраўская. Апошняя, дарэчы, неўзабаве будзе ўключана ў дзяржаўны сьпіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцей краіны. Якую кадрылю будуць таньчыць на фэстывальнай вечарыне, застаецца інтрыгай. Аднак, мяркуючы па колькасьці ўдзельнікаў і гасьцей, відавочна, яна будзе тоўстай.

Мона Ліза, маленькая сьмерць ды іншае

На сёлетні фэстываль чакаюцца танцавальныя кампаніі зь Беларусі, Нарвэгіі, Расеі, Украіны, Чэхіі, Францыі. У праграме — майстар-клясы, лекцыі, выставы. Асобныя балеты і спэктаклі будуць пастаўленыя ўпершыню. Так, прэм’ера спэктаклю «Ахматмадзі» у выкананьні францускай танцавальнай трупы адбудзецца 24 лістапада на сцэне Коласаўскага тэатру. Гэта гісторыя ўзаемаадносінаў скульптара Амадэа Мадыльяні і паэткі Ганны Ахматавай на пачатку іх творчага шляху. Кожны зь іх паступова стане культавай асобай, разам — аднымі з самых містычных творцаў ХХ стагодзьдзя.

Чарговую прэм’еру на фэстываль вязуць і яго сталыя ўдзельнікі: спэктакль «Сын спадара П’еро з Вінчы/Мона Ліза» пакажуць акторы пермскага тэатру «Балет Яўгена Панфілава» 26 лістапада. Праз тэхніку сучаснага танца прагучаць разважаньні аб сувязі аўтара і твору, будзе паказаны багаты ўнутраны сьвет Леанарда да Вінчы і нечаканае пераўвасабленьне яго гераіні.

Падчас фэстывалю варта наведаць пастаноўку нарвэскага харэографа Ю Стромгрэна. Спэктакль-сумнеў «Там» — гэта гісторыя чатырох дысыдэнтаў з былога Савецкага Саюзу, якія, патрапіўшы на мяжу паміж Усходам і Захадам, стаяць перад выбарам: працягваць шлях наперад альбо вярнуцца назад, да добра вядомай рэчаіснасьці.

У апошні дзень фэстывалю гледачу прапануюць два балеты чэскага харэографа Іржы Кіліяна, пакладзеныя на музыку Моцарта «Шэсьць танцаў», аб закулісным жыцьці тэатру, і прысьвечаная пажадлівым адносінам мужчыны і жанчыны «Маленькая сьмерць».

Кітайскі прафэсар і галоўная інтрыга

Летась на міжнародным конкурсе падчас фэстывалю за званьне ляўрэата змагаліся выключна беларускія калектывы. Сёлета экспэртны савет разгледзеў першапачаткова 68 заяваў ад танцавальных кампаній і дапусьціў да ўдзелу ў конкурсе больш за 30 калектываў зь Беларусі, Латвіі, Літвы, Кітаю, Польшчы, Расеі, Украіны, Швэцыі і Эстоніі. Галоўнае патрабаваньне да ўдзельнікаў — адпавядаць паняцьцю «сучаснай харэаграфіі». Жанр харэаграфічных пастановак, іх колькасьць, тэму і працягласьць асобнага твору ўдзельнікі вызначаюць самастойна. Пры ўмове, каб агульная працягласьць конкурснай праграмы не перавышала 25 хвілін.

Другі тур мае фармат закрытага паказу ў прысутнасьці міжнароднага журы, якое сёлета ўзначаліць прафэсар Пэкінскага харэаграфічнага інстытуту Сяо Сухуа. Для вядомага балетмайстра сёлетні конкурс стане 50-м па ліку, які ён будзе судзіць. Пачэснае месца сярод экспэртнай рады зойме сусьветна вядомая танцорка фламэнка гішпанка Эва Ербабуэна. Падчас фэстывалю адна з самых улюбёных акторак-танцорак вядомага нямецкага харэографа Піны Баўш правядзе для жадаючых прафэсійныя трэнінгі. Другі тур міжнароднага конкурсу, адпаведна праграме, адбудзецца на сцэнах канцэртнай залі «Віцебск» і Коласаўскага тэатру 24 і 25 лістапада.

Галоўны і заключны тур адбываецца публічна. Падчас фіналу конкурсу 26 лістапада стануць вядомы імёны ляўрэатаў, якія атрымаюць грашовыя прэміі. Інтрыга конкурснай праграмы сёлета будзе надзвычай цікавай. Дырэктарка фэстывалю Марына Раманоўская адзначыла надзвычай высокі ўзровень падрыхтоўкі сёлетніх канкурсантаў, якія зьяўляюцца выпускнікамі школаў і акадэмій Масквы, Піцера, Лёндану, Амстэрдаму ды іншых эўрапейскіх гарадоў.

IFMC і Віцебск: пад знакам белага сабакі

Гісторыя Міжнароднага фэстывалю сучаснай харэаграфіі пачалася ў 1987 годзе, калі ў Віцебск па запрашэньні дырэктаркі фэстывалю Марыны Раманоўскай прыехалі прыхільнікі брэйк-дансу з усяго Савецкага Саюзу. Брэйкеры ня толькі станчылі на віцебскай сцэне, але і пазнаёмілі горад з мастацтвам графіці, размаляваўшы сьцены гатэлю, куды іх пасялілі. Дарэчы, і сёньня ў Віцебску працуюць маладыя і таленавітыя графіцісты, якія аздабляюць гарадзкія сьцены партрэтамі знакамітых людзей Беларусі і сьвету.

Нефармальная моладзь штогод прыяжджала ў Віцебск на імпрэзу, якая паступова ператварылася ва ўсесаюзны фэстываль папулярнага танца пад запамінальнай, згодна модзе на гараскопы, назвай «Белы сабака». На думку астролягаў, створаным пад знакам белага сабакі праектам гарантаваныя посьпех і доўгатэрміновая пэрспэктыва. У выпадку з гэтым фэстывалем астранамічны прагноз быў беспамылковым.

Айсэдора Дункан і грэцкія танцы над Дзьвіной

У 1992 годзе фэстываль атрымлівае новае імя — Міжнародны фэстываль сучаснай харэаграфіі (International Festival of Modern Choreography, IFMC).Сюды едуць танцоры з самастойных краіна былога Саюзу. Годам пазьней мастак і дызайнэр Аляксандр Гаўрылаў распрацоўвае для IFMC фірмовы лягатып, што да гэтай пары ўпрыгожвае фэстывальныя афішы і зьяўляецца адным з пазнавальных сымбаляў гораду. Гэта старажытнагрэцкі знак мэандар, які сымбалізуе бясконцасьць. Мэандар IFMC, які ў адрозьненьне ад строгага грэцкага сымбалю мае невыразны контур, падкрэсьлівае думку аб свабодзе мастака, свабодзе ўспрыманьня. Сымбаль невыпадковы і таму, што моцны ўплыў на разьвіцьцё харэаграфіі гораду зрабіла Айсэдора Дункан, якая ў сваёй творчасьці зьвярталася да прынцыпаў танца элінскай эпохі. Заснавальніца свабоднага танцу выступіла ў Віцебску праз некалькі гадоў пасьля прэм’еры ў горадзе «Супрэматычнага балету» Ніны Каган. З тае пары ў Віцебску пачынаюць адкрывацца экспэрымэнтальныя плястычныя студыі, якія ўшаноўвалі імя танцоркі-наватаркі.

У наступным годзе IFMC споўніцца трыццаць. За гэты час фэстываль змог атрымаць вядомасьць, стаць адным з сымбаляў гораду і ня страціць прэстыж, штогод напрыканцы лістапада зьбіраючы ўдзельнікаў з усяго сьвету і гледачоў з усёй Беларусі.

Яна Шыдлоўская

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG