Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве пратэсты і ўзмоцненыя захады бясьпекі


Перакрыты Храшчацік, 14 лістапада

Перакрыты Храшчацік, 14 лістапада

Праваахоўныя органы Украіны ад шостай раніцы перакрылі для руху цэнтральную вуліцу Кіева Храшчацік і часткова Інстытуцкую вуліцу, па якіх маюць прайсьці ўдзельнікі акцыі пратэсту — падманутыя банкаўскія ўкладнікі.

Акцыю ладзяць выхадцы з Партыі рэгіёнаў — Вадзім Рабіновіч і Яўген Мураеў. Яны зьбіраюцца пікетаваць Нацыянальны банк з патрабаваньнем адстаўкі яго кіраўніцы Валерыі Гонтаравай «за развал нацыянальнай фінансавай сыстэмы і рабаваньне ўкладнікаў».

У Нацыянальнай паліцыі кажуць, што паступіла каля 10 заявак на правядзеньне акцый з удзелам, паводле розных ацэнак, ад 5 да 50 тысяч чалавек:

«Такім чынам, у сувязі з магчымай тэрарыстычнай пагрозай паліцыя Кіева пераходзіць на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы».

Праваахоўнікі ўсталявалі мэталашукальнікі, праводзяць агляд і праверку дакумэнтаў і рэчаў грамадзян. Задзейнічаны сапёры і кінолягі.

11 лістапада Служба бясьпекі і Служба вонкавай выведкі Ўкраіны на падставе апэратыўных матэрыялаў заявілі пра распрацаваныя Расеяй пляны маштабнай дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне.

Паводле ўкраінскіх спэцслужбаў, старт актыўных дзеяньняў заплянаваны на 15 лістапада — з усеўкраінскай акцыі пратэсту банкаўскіх укладнікаў.

«З 17 лістапада асноўны акцэнт акцыяў пратэсту плянуецца перамясьціць на пытаньне падвышэньня тарыфаў. „Пратэст“ мае перарасьці ў блякаваньне ўрадавых структураў, пашырэньне прэтэнзіяў і патрабаваньняў да ўлады», — адзначалася ў супольнай заяве СБУ і вонкавай выведкі.

Украінскія спэцслужбы зафіксавалі выезды асобных арганізатараў акцыяў у Расею для атрыманьня фінансаваньня і інструкцыяў для правядзеньня акцыяў.

«Пры гэтым вораг разьлічвае і на эфэктыўнасьць выкарыстаньня ўсьляпую актыўнасьці шэрагу грамадзкіх і палітычных рухаў. Мэтай пляну зьяўляецца ўнутраная дэстабілізацыя, арганізацыя датэрміновых выбараў ва Ўкраіне, узмацненьне пазыцыяў прарасейскіх сілаў у новым парлямэнце з пэрспэктывай рэвізіі эўрапейскага курсу і зьмены замежнапалітычнага вэктару дзяржавы», — падкрэсьлівалася ў заяве.

Спэцслужбы папярэдзілі, што атрыманыя зьвесткі сьведчаць пра намер арганізаваць масавыя беспарадкі і нават гібель шэрагу ўдзельнікаў акцыяў пратэсту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG