Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці манумэнт Перамогі ў Менску — сакральнае месца


Афіцыйны твітэр менскай міліцыі пасьпяхова справакаваў вострую дыскусію ў інтэрнэце вакол эратычнага фотаздымку на фоне савецкага помніка Перамогі ў Менску. Пытаньне было пастаўлена так: ці трэба караць за эратычны фотаздымак на фоне помніка, ці ўсё ж-такі не?

У гэтай сувязі хочацца пабыць занудам ды закрануць і такі аспэкт: а наколькі ўвогуле апраўдана разглядаць вечны агонь і стэлу на Круглай плошчы (гістарычная назва Плошчы Перамогі) ў якасьці нейкага сакральнага месца і весьці дыскусію аб сьвятатацтве?

Можа, варта абмеркаваць не дзяўчыну і фотаздымак, а сам савецкі помнік?

Мы даўно ведаем, што Другая Сусьветная вайна была нашмат больш шматграннай, складанай, неадназначнай падзеяй, чым яна прадстаўленая ў савецкай прапагандзе. І пераасэнсаваньне прапагандысцкага вобразу гэтай вайны — важная задача для беларускага грамадзтва.

Міт пра «Вялікую Айчынную вайну» — апошні і самы моцны аскепак ідэалёгіі таталітарнага і дагматычнага савецкага рэжыму. Самы каварны яе кавалак, дзе трагедыя мільёнаў людзей была выкарыстаная для прамываньня мазгоў, калі інтарэсы беларускага народу і камуністычнага рэжыму спрабавалі зьмяшаць у адно на эмоцыях, страху і крыві. Вайна ў рэшце рэшт была прадстаўленая як Сьвяшчэнная вайна за камунізм і за маскоўскае начальства.

У наш час міт пра «Вялікую Айчынную» быў падабраны постсавецкімі ўладамі ў Беларусі і Расеі і зноў пушчаны ў ход у якасьці недобрасумленнага прапагандысцкага інструмэнту: «Хто не за савецкую ўладу — той фашыст», «Нашыя продкі загінулі за тое, каб намі кіравалі тыя, хто намі цяпер кіруе».

Пры гэтым да гэтага міту можна прад’явіць хаця б такія прэтэнзіі:

1. Савецкі эпас, прысьвечаны Другой Сусьветнай, па сутнасьці ігнаруе генацыд габрэйскага насельніцтва Беларусі. Для яго існуе нейкая абагульненая вайна савецкага народу супраць нямецкага імпэрыялізму «за Родину, за Сталина» і за камуністычны рэжым. Галакост у савецкім вобразе Другой Сусьветнай вайны на Беларусі — гэта другасны эпізод на фоне Хатыні, партызанкі і забойства Кубэ.

Пры гэтым мы цяпер ведаем: нацыстоўская акупацыйная палітыка ў дачыненьні да габрэйскага насельніцтва была непараўнальна больш жорсткаю, чым да беларусаў — калі так увогуле можна казаць. Нацыстоўскія акупанты ад самага свайго прыходу распачалі татальнае прамысловае вынішчэньне беларускіх габрэяў: сто працэнтаў гэтых людзей падлягалі зьнішчэньню толькі і выключна за сваё этнічнае паходжаньне. Датычна беларусаў гэтага не было.

Тэма Галакосту на Манумэнце Перамогі ніяк не закранутая.

У даваенным насельніцтве Беларусі габрэі складалі каля 10%. Пры гэтым яны склалі больш за чвэрць агульных беларускіх стратаў у Другой Сусьветнай і, бадай, палову цывільных ахвяраў.

Горш за гэта. Пасьля вайны савецкае грамадзтва невытлумачальным і ганебным чынам пераняло ад нацыстаў нянавісьць да габрэяў. Менавіта ад канца Другой Сусьветнай вайны напоўніцу разгарнуўся негалосны савецкі антысэмітызм. Савецкая дзяржава, перамогшы Гітлера, сама пачала дыскрымінаваць народ, які больш за ўсіх пацярпеў ад нацыстаў.

Тэма Галакосту на манумэнце Перамогі ніяк не закранутая.

2. Савецкая міталёгія вакол «Вялікай Перамогі», натуральна, не адлюстроўвае той факт, што камуністычны рэжым можа лічыцца для Беларусі, у лепшым выпадку, меншым злом у параўнаньні з нацыстамі. Дый нават калі зло — меншае, яно не перастае быць злом.

Наўрад ці можна разглядаць вайну па-за кантэкстам савецкага тэрору 1920-х і 1930-х, калі была зьнішчаная значная частка беларускай культурнай і інтэлектуальнай эліты, калі дзясяткі й сотні тысячаў жыхароў Беларусі былі забітыя ці рэпрэсаваныя па палітычнай, сацыяльнай ці нават нацыянальнай (палякі) прыкмеце.

Наўрад ці можна разглядаць вайну па-за кантэкстам савецкага тэрору 1920-х і 1930-х.

Сама Другая Сусьветная вайна для Беларусі пачалася не ў 1941 годзе, а ў 1939. Далучэньне Заходняй Беларусі да БССР суправаджалася калектывізацыяй і масавымі рэпрэсіямі 1939-41 гг. — у тым ліку рэпрэсіямі супраць учорашніх прыхільнікаў узьяднаньня, былых актывістаў Грамады і КПЗБ.

Пасьля вайны прайшла чарговая хваля тэрору. Пражываньне на акупаванай нацыстамі тэрыторыі ці нават наяўнасьць сваякоў, што там жылі, на дзесяцігодзьдзі было ў СССР падставай для дыскрымінацыі.

Усё гэта таксама неад’емная частка Другой Сусьветнай, безь якой гэтую вайну нельга разглядаць і ацэньваць. Манумэнт Перамогі не рэфлексуе на гэты конт: ёсьць савецкія войскі, ёсьць савецкія партызаны, і ўсё.

3. Помнік, зноў жа, не адлюстроўвае ролі прапольскай партызанкі і прапольскага падпольля на тэрыторыі Беларусі.

Помнік не адлюстроўвае ролі прапольскай партызанкі і прапольскага падпольля на тэрыторыі Беларусі.

Ёсьць шмат прэтэнзій да даваеннай аўтарытарнай шавіністычнай Польшчы, але тысячы жыхароў Беларусі, у тым ліку і праваслаўных, змагаліся супраць нацыстаў у шэрагах Арміі Краёвай і Арміі Андэрса. Усё гэта таксама частка гісторыі Беларусі ў Другой Сусьветнай вайне.

4. Нарэшце, не адрэфлексаваная роля беларускіх незалежнікаў: адзіных, хто ў той гістарычны пэрыяд змагаўся за дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі. Так, шмат з гэтых людзей пайшлі на кантакт і супрацу з нацыстамі, спрабуючы выкарыстаць нямецкіх акупантаў у інтарэсах стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы. Іх гэта не апраўдвае, хаця варта разумець, што калябарацыя не насіла б такі масавы характар, калі б вайне не папярэднічалі дзесяцігодзьдзі савецкага тэрору і дыскрымінацыі беларусаў у міжваеннай Польшчы.

Не адрэфлексаваная роля беларускіх незалежнікаў: адзіных, хто ў той гістарычны пэрыяд змагаўся за дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі.

Але было і беларускае незалежніцкае паўпадпольле, былі і спробы выбудоўваць незалежную ад нацыстаў палітыку. Была Беларуская Незалежніцкая Партыя, чый лідэр, радны БНР а. Вінцэнт Гадлеўскі, быў расстраляны нацыстамі ў Малым Трасьцянцы. Аўтар эскізу бел-чырвона-белага сьцяга Клаўдзі Дуж-Душэўскі за дапамогу габрэям быў кінуты нацыстамі ў канцлягер Правенішкі, дзе правёў да году. Нацысты аказвалі ціск на Ларысу Геніюш і іншых дзеячаў Рады БНР у выгнаньні ў Празе, спрабуючы прымусіць іх да супрацы, чаго ім не атрымалася зрабіць.

Разглядаць гісторыю Другой Сусьветнай Вайны на Беларусі без Галакосту, без польскага падпольля, без антынацыстоўскай плыні ў беларускім незалежніцкім руху — нельга.

Таму Помнік Перамогі на Круглай плошчы ў яго цяперашнім выглядзе, з савецкай сымболікай і з выявай маскоўскага Крамля на навершшы, — гэта прапагандысцкі аб’ект, які адлюстроўвае толькі савецкі погляд на Другую Сусьветную вайну. Погляд, мякка кажучы, аднабаковы.

Што з гэтым рабіць? На маю думку, дэмантаваць ці пераносіць Манумэнт, канечне ж, нельга. Але варта прынамсі неяк дапоўніць гэты мэмарыял згадкамі пра беларускіх габрэяў, пра беларусаў у Арміі Краёвай і Арміі Андэрса, і пра беларускіх незалежнікаў. І вось толькі тады разважаць пра дарэчнасьць альбо недарэчнасьць эротыкі на такім фоне.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG