Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кракаве пачалася эксгумацыя Леха і Марыі Качыньскіх


У Кракаве пачалася эксгумацыя целаў замінулых у авіякатастрофе пад Смаленскам прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага і ягонай жонкі Марыі Качыньскай.

Парэшткі Леха і Марыі Качыньскіх будзе дасьледаваць група міжнародных экспэртаў — сярод іншага заплянаваныя пробы ДНК і таксыкалягічная экспэртыза.

Рашэньне аб эксгумацыі было прынята пракуратурай Польшчы ў рамках расьсьледаваньня прычынаў катастрофы прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам у красавіку 2010 года. Па словах сьледчых, падчас апазнаньня ахвяраў трагедыі ў Расеі маглі быць дапушчаныя памылкі, парэшткі маглі пераблытаць.

Да гэтага часу была праведзена эксгумацыя 9 магілаў, у шасьці зь іх знаходзіліся цела іншых людзей.

На працягу года будзе дасьледавана 83 пахаваньня — сваякі часткі замінулых пратэстуюць, а апазыцыя кажа аб выкарыстаньні цяперашнімі ўладамі смаленскай катастрофы ў палітычных мэтах.

Паўторнае пахаваньне целаў Леха і Марыі Качыньскіх заплянавана на 18 лістапада.

10 красавіка 2010 года ў авіякатастрофе загінулі акрамя прэзыдэнцкай пары яшчэ 94 грамадзкіх і палітычных дзеячаў Польшчы, а таксама вайскоўцы, якія накіроўваліся на мерапрыемствы, зьвязаныя з угодкамі Катынскай трагедыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG