Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Дракахруст: Шмат у якіх гарадах ЗША пасьля прэзыдэнцкіх выбараў праходзяць акцыі пратэсту. Яны адбываюцца ў Сіэтле, Оклэндзе, Портлэндзе, Нью-Ёрку, Вашынгтоне, у студэнцкіх гарадках Бэрклі, Ірвайне, Дэвісе і Сан-Хасэ.

Першыя пратэсты пачаліся ўжо ўвечары 9 лістапада. У Нью-Ёрку больш за дзесяць тысяч актывістаў прайшлі маршам да вежы Трампа зь лёзунгам «Ня мой прэзыдэнт!». Удзельнікі акцыяў у розных гарадах спальвалі амэрыканскія сьцягі і пудзілы Трампа.

Толькі ў сераду па ўсёй краіне былі затрыманыя 124 чалавекі. 10 лістапада ў Портлэндзе, найбуйнейшым горадзе штата Арэгон, пачаліся масавыя беспарадкі. Прыкладна 4 тысячы чалавек спачатку прайшлі мірным маршам па Портлэндзе, потым некаторыя ўдзельнікі дэманстрацыі пачалі біць вітрыны і падпальваць аўтамабілі. Паліцыя ўжыла сьлезацечны газ і гумовыя кулі, былі затрыманыя 26 чалавек.

Абраны прэзыдэнт Дональд Трамп у сваім твітэры напісаў, што «прафэсійных пратэстоўцаў» падбухторваюць мэдыя. Ён таксама адзначыў: «Мне вельмі падабаецца, што невялікія групы пратэстоўцаў праявілі такія палкія пачуцьці да нашай вялікай краіны. Мы ўсе абʼяднаемся і зможам гэтым ганарыцца!»

Пратэсты рашучыя, але яны не пагражаюць, прынамсі, пакуль палітычнай стабільнасьці.

Пратэсты, ня надта масавыя, але даволі шматлюдныя, адлюстроўваюць глыбокі раскол у амэрыканскім грамадзтве, які выявілі сёлетнія прэзыдэнцкія выбары. Аднак варта адзначыць, што дэмакратычная партыя, чый кандыдат Гілары Клінтан прайграла выбары, не падтрымлівае гэтыя пратэсты. Яна сама, адразу як сталі вядомыя вынікі выбараў, прызнала сваю паразу, павіншавала Трампа зь перамогай і заклікала амэрыканцаў абʼяднацца вакол абранага прэзыдэнта. Варта нагадаць, што сам Трамп напярэдадні выбараў заяўляў, што прызнае толькі сваю перамогу.

Вастрыні сытуацыі надае той рэдкі ў гісторыі чыньнік, што хаця Трамп і выйграў большасьць у так званай калегіі электараў, у народным галасаваньні перавага ў некалькі сотняў тысячаў галасоў была на баку Клінтан. У інтэрнэце зьявіўся зварот да электараў не галасаваць за Трампа. Пад ім падпісаліся ўжо некалькі мільёнаў чалавек.

Справа ў тым, што фармальна ў ЗША прэзыдэнта абіраюць менавіта электары. Паводле традыцыі і дзякуючы правілам іх адбору, электары галасуюць так, як прагаласавала большасьць у іх штаце. Калі штат прагаласаваў за рэспубліканца, усе электары ад яго — рэспубліканцы.

У гісторыі ЗША было насамрэч шмат выпадкаў, калі адзін-два электары галасавалі насуперак волевыяўленьню свайго штату, што не ўплывала на вынік. Аднак сёлета ў рэспубліканскай партыі падчас выбараў была моцная апазыцыя Трампу. Каб зьмяніць вынікі выбараў, 32 з 290 рэспубліканскіх электараў павінныя прагаласаваць насуперак традыцыі, волі сваіх штатаў і сваёй партыі не за Трампа, а за Клінтан.

Пратэсты — напамін абранаму прэзыдэнту, што палова Амэрыкі за яго не галасавала і значная частка гэтых людзей яго цярпець ня можа. І каб абʼяднаць нацыю, яму давядзецца рабіць пэўныя крокі насустрач гэтым людзям.

Гэта ўяўляецца абсалютна малаімаверным. Праўда, калі б гэта адбылося, ЗША ўвайшлі б у палітычны крызыс нябачанай глыбіні. Тады б, імаверна, падняліся на пратэст ужо прыхільнікі Трампа і наступствы былі б непрадказальныя.

Пакуль, напэўна, рана казаць, што Амэрыка перажывае сваю «каляровую рэвалюцыю», свой Майдан.

Пратэсты рашучыя, але яны не пагражаюць, прынамсі, пакуль палітычнай стабільнасьці. У рэшце рэшт Амэрыка ведала і больш маштабныя пратэсты, у прыватнасьці, у 60-я гады ХХ стагодзьдзя. Важны момант, які дазваляе прагназаваць, што цяперашнія пратэсты ня будуць мець істотных вынікаў, тое, што яны ня маюць інстытуцыйнай асновы, дэмакратычная партыя не падтрымлівае іх.

Але раскол, і нават не палітычны, а каштоўнасны, сьветапоглядны — навідавоку. Дарэчы, аб неабходнасьці пераадолець яго гаварылі пасьля выбараў і Трамп, і Клінтан. І пратэсты — напамін абранаму прэзыдэнту, што палова Амэрыкі за яго не галасавала і значная частка гэтых людзей яго цярпець ня можа. І каб абʼяднаць нацыю, яму давядзецца рабіць пэўныя крокі насустрач гэтым людзям.

Карбалевіч: Сапраўды, фэномэн гэтых выбараў палягае ў тым, што ён выявіў глыбокі каштоўнасны, сьветапоглядны раскол амэрыканскага грамадзтва. І залечваць ягоныя раны давядзецца доўга і балюча. Пры ўмове, што Трамп будзе гэтым займацца, а не падліваць алею ў агонь.

Гэта нейкі бунт прайграўшых.

Першае пытаньне, якое ўзьнікае, гледзячы на гэтыя пратэсты: а супраць чаго яны пратэстуюць? Вось у Беларусі пасьля кожных выбараў апазыцыя арганізоўвае акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыяў. У ЗША ў фальсыфікацыях, здаецца, ніхто нікога не абвінавачвае. Дык супраць чаго пратэст? Супраць таго, што Трамп перамог на свабодных выбарах? Супраць амэрыканскай дэмакратыі? Гэта нейкі бунт прайграўшых. Невыпадкова ў Портлэндзе пратэст закончыўся пагромамі.
Дарэчы, пратэсты нешматлікія: ад 4 да 10 тыс чалавек.

Дракахруст: А ў 2013-14-х гадах у Кіеве пратэст быў, здаецца, таксама супраць законна абранага прэзыдэнта.

Цыганкоў: Тады пратэст пачаўся пасьля таго, як Януковіч зьмяніў сваё рашэньне і заявіў аб адмове ад эўрапейскай інтэграцыі. Да гэтага і ўрад, і Вярхоўная Рада прынялі рашэньне, яно павінна было выконвацца, і раптам на саміце ў Вільні прэзыдэнт адмовіўся падпісаць дамову аб асацыяцыі.

Дракахруст: На што ня меў канстытуцыйных правоў?

Цыганкоў: Ён адмовіўся ад свайго абяцаньня, рашэньня, якое было прынятае ўсімі структурамі ўлады Ўкраіны, раптам вырашыў разьвярнуць Украіну зусім у іншы бок.

Карбалевіч: Майдан ва Ўкраіне пачаўся не з патрабаваньня адстаўкі Януковіча, а з патрабаваньня па замежнай палітыцы. Патрабаваньне аб адстаўцы зьявілася толькі пасьля таго, як улады прымянілі сілу супраць пратэстоўцаў.

Кіраўніцтва дэмакратаў прызнае вынікі выбараў. Таму пратэсты ня маюць нейкай цямнай пэрспэктывы.

Сапраўды, вельмі прынцыпова, што Клінтан прызнала сваю паразу, павіншавала пераможцу, заклікала сваіх прыхільнікаў абʼяднацца вакол новага прэзыдэнта. Гэта, зноў жа, прынцыповае адрозьненьне ад Беларусі, дзе прайграўшыя апазыцыянэры не прызнаюць вынікі выбараў.

Вось калі б Клінтан не прызнала паразы, заклікала сваіх прыхільнікаў пратэставаць і вылучыла заклік, дарэчы, цалкам канстытуцыйны: заклік да рэспубліканскіх электараў галасаваць за яе, тады сытуацыя была б, магчыма, іншай. З улікам расколу ў рэспубліканскай партыі гэта давала б нейкі шанец перайграць вынік выбараў.

Але кіраўніцтва дэмакратаў прызнае вынікі выбараў. Таму пратэсты ня маюць нейкай цямнай пэрспэктывы.

Цыганкоў: Гэты пратэст сапраўды зьяўляецца зразумелым эмацыйным усплёскам, крыкам душы тых людзей, якія па ўсіх сваіх перакананьнях ня могуць прыняць Трампа як прэзыдэнта. Пратэстоўцы ня маюць канкрэтных лёзунгаў, яны кажуць, што мы прызнаем вынікі выбараў, але проста хочам выказаць тое, што мы думаем пра гэтага прэзыдэнта. Гэта асноўны матыў гэтага пратэсту, ён натуральны. Грамадзяне ЗША, як свабоднай краіны, безумоўна, маюць на гэта права, на пратэст без выразных палітычных мэтаў.

Калі нічога незвычайнага ня здарыцца, то за некалькі дзён пратэсты сыдуць на нішто. Але пэўная напружанасьць, падтрыманая нейкімі спадзяваньнямі ці нават прэсай, будзе заставацца да 19 сьнежня.

З нацяжкай гэта можна параўнаць з вядомым рухам Occupy Wall Street. Ён адбываўся восеньню 2011 году. У свой час пра яго шмат пісалі, але ён зьдзьмуўся за некалькі тыдняў. Там было шмат людзей, яны пратэставалі супраць усемагутнасьці Ўол-стрыту. Таксама мэты былі не зусім выразныя — супраць капіталізму, біржаў, моцнага фінансавага капіталу без канкрэтных прапановаў. Магчыма, гэтая няпэўнасьць прывяла да таго, што пратэст за некалькі тыдняў паступова ператварыўся ў нішто.

Калі нічога незвычайнага ня здарыцца, то за некалькі дзён, цягам гэтага тыдня, пратэсты сыдуць на нішто. Але пэўная напружанасьць, падтрыманая нейкімі спадзяваньнямі ці нават прэсай, будзе заставацца да 19 сьнежня, калі электары ўжо сапраўды фармальна выберуць Дональда Трампа прэзыдэнтам. І, шчыра кажучы, не хацелася б, каб нехта з электараў пачаў заяўляць пра тое, што ён прагаласуе па-іншаму, ня так, як вырашыў ягоны штат, бо нават цяжка ўявіць, якія небясьпечныя наступствы гэта можа выклікаць.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG