Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паслухмяная пацыентка, я мінімум раз у год здаю аналіз «на цукар». Вынік звычайна ня надта радасны — дыябэту няма, але ён дужа блізка. Як правіла, доктарка манатонна паўтарае «салодкага ня есьці, мучное і смажанае выключыць, больш рухацца», і я так жа манатонна адказваю «цукру ў доме няма, хлебу і алею звычайна таксама, шмат хаджу пешшу».

У лепшым выпадку доктарка задуменна маўчыць, а пасьля драматычнай паўзы накіроўвае на дадатковыя абсьледаваньні. У горшым — кажа «вам так падаецца». Насамрэч, значыцца, у мяне дома ёсьць дзьверы ў цукровую Нарнію, проста я пра іх пакуль не ведаю. Альбо ведаю і проста хлушу.

Стаўленьне да дыябэту ў Беларусі досыць спэцыфічнае. Дзяржаўны пастулят нумар адзін — гэта «прафіляктыка — наша ўсё». З аднаго боку, любую хваробу прасьцей не дапусьціць, чым потым яе лекаваць. Але пабочным эфэктам фанатызму прафіляктыкі становіцца тое, што актуальныя пацыенты нібыта выносяцца за межы дзяржаўных інтарэсаў. Як шмат якіх пралайфэраў цікавяць эмбрыёны і не цікавяць народжаныя дзеці, так і многіх чыноўнікаў ад мэдыцыны і мэдычнага кіраўніцтва ўвогуле цікавяць тыя, каму трэба прафіляктыка дыябэту, і не цікавяць уласна хворыя.

У большасьці дактароў няма ні часу, ні якой-кольвек матывацыі.

У шараговых жа эндакрынолягаў з выстаўленьнем дыягназу энтузіязму становіцца значна меней, затое зьяўляецца нейкае расчараваньне. Стандарты лячэньня даўно распрацаваныя, цікавіцца найноўшымі сусьветнымі распрацоўкамі і змагацца за адэкватны доступ да больш якасных імпартных лекаў і прыстасаваньняў (глюкомэтраў, тэст-стужак і інш.) у большасьці дактароў няма ні часу, ні якой-кольвек матывацыі, маральную падтрымку пацыентаў мэдыкі часта бачаць не тое каб неабавязковай, але нават шкоднай.

Лёгіка тут падобная да лёгікі працы з ВІЧ-інфікаванымі: пацыентаў часта лічаць вінаватымі ў набытай хваробе і ня вартымі ня тое, каб шкадаваньня, але нават проста адэкватнага чалавечага стаўленьня.

Сучаснае беларускае грамадзтва ўвогуле і сыстэма аховы здароўя ў прыватнасьці маюць вялізную праблему — паталягічны пошук вінаватых.

Сучаснае беларускае грамадзтва ўвогуле і сыстэма аховы здароўя ў прыватнасьці маюць вялізную праблему — паталягічны пошук вінаватых. Замест таго, каб шукаць выйсьце з той сытуацыі, якая ўжо склалася, мы часта шукаем тых, хто ў ёй вінаваты. І гэта не канструктыўны пошук, скіраваны на тое, каб змагацца за недапушчэньне аналягічнай сытуацыі ў будучыні. Не, гэта проста жаданьне паставіць сябе ў пазыцыю больш разумнага і больш вартага з гэтай нагоды суб’екта, прыгразіць пальцам і дадаць адвечнае «ну я ж казала». Напрыклад, прыйшла пацыентка са скаргай на пагаршэньне зроку — яе трэба перш за ўсё абвінаваціць у парушэньні дыеты.

Усе дзеці з дыябэтам, якіх я ведаю, старана хаваюць сваю хваробу ў садку і школе.

Дыябэт — ня самае жорсткае з усіх мэдычных, але цалкам сабе паўнавартаснае табу. З нашай сыстэмай прафіляктыкі і практычна адсутнасьцю сыстэмы маральнай падтрымкі пацыентаў яно і ня дзіва. Калі з «кожнага праса» кажуць, што нельга есьці салодкае і мучное, каб не зарабіць дыябэт, але гэтая хвароба ўсё адно аднойчы «прыходзіць», даволі лёгка пачаць і самастойна вінаваціць сябе. А яшчэ гэты дыягназ — чарговая нагода для насьмешак у дзіцячых і падлеткавых калектывах. Усе дзеці з дыябэтам, якіх я ведаю, старана хаваюць сваю хваробу ў садку і школе, і я іх разумею, хоць тэндэнцыя сама па сабе мне дужа не да спадобы.

Агульны настрой у размовах пра дыябэт — гэта «Цяпер жыцьцё зьмянілася назаўжды. Калі будзеш жыць у строгай адпаведнасьці зь мільёнам правілаў, то, можа быць, у цябе атрымаецца жыць амаль паўнавартасным жыцьцём». Але ж значна больш эфэктыўна было б размаўляць у іншым ключы і казаць пра тое, што будуць цяпер, канечне, пэўныя правілы і абмежаваньні ў рацыёне і ладзе жыцьця, але дыягназ ніяк не павінен абмяжоўваць у плянах на будучыню. І гэта сыстэмная праблема, так што адмысловыя курсы ці навучальная літаратура для асобных дактароў ня здольныя кардынальна зьмяніць карціну.

Калі мы перастанем быць з дактарамі варожымі супольнасьцямі, усім будзе значна прасьцей. Але каб прыйсьці да гэтага, мала аднаго жаданьня — тут варта неаднаразова «пераступіць праз сябе» і пацыентам, і дактарам.

Пакуль мы адно аднаго паталягічна недалюбліваем і баімся, мы ня зможам стаць камандай, здольнай перамагчы і хваробу, і дзяржаўную сыстэму.

Пакуль шмат хто з нас працягвае верыць, што дактары могуць і павінны лячыць любыя хваробы за адзін дзень без прымяненьня сур’ёзных лекаў і тым больш апэрацый і выдаваць пры гэтым гарантыю адсутнасьці рэцыдываў на ўсё жыцьцё, наўрад ці штосьці сур’ёзна зьменіцца ў сыстэме. Пакуль дактары будуць масава адмаўляць пацыентам у тлумачэньні схемы лячэньня і будуць ставіцца да пацыентаў як да няздольных самастойна прымаць рашэньні адносна ўласнага здароўя і жыцьця, наўрад ці штосьці сур’ёзна зьменіцца ў сыстэме. Пакуль мы адно аднаго паталягічна недалюбліваем і баімся, мы ня зможам стаць камандай, здольнай перамагчы і хваробу, і дзяржаўную сыстэму.

Дактары злуюцца на пацыентаў, пацыенты — на дактароў, але сапраўдным ворагам была і застаецца нікому не зразумелая сыстэма, не гатовая ні да крытыкі, ні тым больш да рэальных зьменаў.

І цукар. Таксама ўва ўсім вінаваты цукар.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG