Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор патрабуе за продаж спайсаў да 20 гадоў зьняволеньня


Архіўнае фота. Працэс над абвінавачанымі ў распаўсюдзе наркотыкаў ды іншых злачыствах. На лаве 17 падсудных, у тым ліку два былыя супрацоўнікі КДБ. Менск, 29 лютага 2016 году

Архіўнае фота. Працэс над абвінавачанымі ў распаўсюдзе наркотыкаў ды іншых злачыствах. На лаве 17 падсудных, у тым ліку два былыя супрацоўнікі КДБ. Менск, 29 лютага 2016 году

На гучным «працэсе 17-ці», дзе судзяць меркаваных распаўсюднікаў наркотыкаў, трэці дзень ідуць судовыя спрэчкі.

14 лістапада стала вядома, якое пакараньне просіць пракурор для асноўных абвінавачваных. Так, для былога студэнта журфаку БДУ Канстанціна Вялюгі пракурор запрасіў 20 гадоў зьняволеньня. Таксама вялікія тэрміны зьняволеньня ў калёніі запрошаныя для былых сілавікоў, якія аказаліся на лаве падсудных разам з меркаванымі наркадылерамі: для былых супрацоўнікаў КДБ Ігара Верацінскага і Ігара Карыцкага — 15 і 14 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем вайсковага званьня маёр, для былога міліцыянта Канстанціна Дзенісевіча — 14 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем званьня падпалкоўніка міліцыі. Ва ўсіх падсудных пракурор просіць таксама канфіскаваць маёмасьць. Іншым абвінавачваным пагражаюць пакараньні ад 3 да 15 гадоў.

Як мяркуюць назіральнікі, судовыя спрэчкі ў «працэсе 17-ці» працягнуцца каля тыдня, паколькі абаронцы кожнага з падсудных намераныя выступіць з працяглымі прамовамі. Пасьля гэтага з рэплікамі мае права зноў выступіць пракурор, яму могуць адказаць адвакаты.

«Працэс 17-ці» пачаўся 28 лютага 2016 году. Выпускнік журфаку БДУ Канстанцін Вялюга, паводле сьледзтва, стварыў інтэрнэт-краму для продажу спайсаў LegalMinsk, праз якую шмат гадоў распаўсюджваў наркатычныя рэчывы. Сьледзтва даказвала, што некаторыя з кліентаў крамы памерлі ад ужываньня гэтых рэчываў.

Меркаванага кіраўніка злачыннай групы Канстанціна Вялюгу абвінавачваюць ня толькі ў распаўсюдзе наркатычных рэчываў у складзе групы, але і ў незаконных дзеяньнях са зброяй ды іншых злачынствах. На пачатку працэсу Канстанцін Вялюга сваёй віны не прызнаваў, як і большасьць ягоных меркаваных саўдзельнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG