Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец грузінскай мары ва Ўкраіне, — Дэканаідзэ таксама пайшла ў адстаўку


Хатыя Дэканаідзэ

Хатыя Дэканаідзэ

«Мая функцыя выкананая, і я заяўляю пра адстаўку, але мяркую, што мае адбыцца адкрыты і празрысты конкурс на прызначэньне новага кіраўніка Нацыянальнай паліцыі», — заявіла сёньня Хатыя Дэканаідзэ на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

Сярод сваіх дасягненьняў Хатыя Дканаідзэ назвала стварэньне новай структуры Нацыянальнай паліцыі, татальную пераатэстацыю кадраў, стварэньне рэкрутынгавага цэнтру, празь які ажыцьцяўляецца набор у праваахоўныя органы, стварэньне структуры ўнутранай бясьпекі, якая завяла больш як 1000 спраў супраць супрацоўнікаў паліцыі за карупцыю, і гэтак далей.

«Аднак усё яшчэ захоўваецца традыцыя ўмяшаньня палітыкаў у дзейнасьць паліцыі. Але лічу сваім абавязкам зьвярнуцца да палітыкаў і чыноўнікаў усіх узроўняў, пачынаючы ад народных дэпутатаў і заканчваючы ўласьнікамі самых высокіх кабінэтаў, з просьбай і нават патрабаваньнем адмовіцца ад умяшаньня ў працу Нацыянальнай паліцыі. Ня могуць і не павінны прыначэньні ў праваахоўных органах узгадняцца з палітыкамі. Ня могуць і не павінны палітыкі выкарыстоўваць сілы правапарадку для абароны сваіх палітычных інтарэсаў», — заявіла Хатыя Дэканаідзэ.

У той жа час яна не назвала ніводнага канкрэтнага прозьвішча палітыкаў, якія ўплывалі на працу Нацыянальнай паліцыі. Хація Дэканаідзэ таксама падкрэсьліла, што без рэфармаваньня судоў і пракуратуры зьмены толькі ў Нацыянальнай паліцыі ня будуць эфэктыўнымі.

Сёньня ж пра адстаўку з пасады кіраўніка Адэскай мытні заявіла яшчэ адна сябра каманды былога кіраўніка Адэскай дзяржаўнай абласной адміністрацыі — Юлія Марушэўская.

«Заяву я была вымушана напісаць, таму што мы апынуліся ў сытуацыі, калі тыя зьмены, дзеля якіх я прыйшла, немагчыма зрабіць. Любыя зьмены, узгодненыя на ўзроўні прэзыдэнта і прэм’ер-міністра, адразу яны ж і блякуюць», — заявіла Юлія Марушэўская.

Хатыя Дэканаідзэ ў канцы 2014 году арганізавала ў Кіеве Грамадзкую і палітычную школу CAPS (Civil and Political School) для распаўсюджваньня досьведу грузінскіх рэформаў і падрыхтоўкі ўкраінскіх кіраўніцкіх кадраў. На пачатку 2015 году яна была прызначаная дарадцам міністра ўнутраных спраў Украіны Арсена Авакава, а 4 лістапада 2015-га на пазачарговым пасяджэньні Кабінэту міністраў Украіны — кіраўніком Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.

Пад кіраўніцтвам Хатыі Дэканаідзэ была праведзеная пераатэстацыя асабістага складу паліцыі: вышэйшы камандавы склад паліцыі Кіева быў абноўлены прыкладна на 80 адсоткаў, сярэдні камандавы пэрсанал — на 70%, а ў Кіеўскай вобласьці — адпаведна на 60 і 40 адсоткаў.

Раней пра адстаўку з пасады старшыні Адэскай абласной адміністрацыі заявіў экс-прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG