Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70 сутак за кратамі, мільённыя штрафы і дзьве сухія галадоўкі, — набытак апазыцыянэра Кацоры


Уладзімер Кацора на сваім перадвыбарчым пікеце

Уладзімер Кацора на сваім перадвыбарчым пікеце

14 лістапада Ўладзімер Кацора, гомельскі апазыцыйны дзяяч, адзначае 60-годзьдзе. Інтэрвію Свабоды з нагоды юбілею.

«Ленінскім стыпэндыятам і апазыцыянэрам я стаў амаль адначасова»

— Уладзімер, у артыкулах пра вас згадваецца, што вы нарадзіліся 5 студзеня, а вы дзень народзінаў адзначаеце 14 лістапада. Выглядае, што ў «рэвалюцыянэра», як і ў рэвалюцыі, стары і новы стыль?

— Усё прасьцей. Нарадзіўся я ў вёсцы Шарпілаўка пад Гомелем 14 лістапада 1956 году, але бацька са «стратэгічных» меркаваньняў запісаў мяне па Новым годзе — 5 студзеня. У той час прызыў у войска быў толькі восеньню, вось ён і падумаў, што сыну лацьвей будзе падрасьці да прызыву, а не выпраўляцца ў войска роўна ў васямнаццаць. Падмаладзіў мяне на паўтара месяца, а цяпер, у зьвязку з падвышэньнем пэнсійнага ўзросту, трэба на паўгода больш працаваць (усьміхаецца). Так што ў мяне два дні народзінаў: сёньня — сапраўдны, а ў студзені — пашпартны.

— А бацькі ў вас чым займаліся?

— Мама была настаўніцай у вясковай школе, вучыла малодшыя клясы, і, здаецца, някепска, бо стала заслужанай настаўніцай Беларусі. Вайна засьпела яе ў Ленінградзе, яна цудам ацалела ў блякаду. Родам яна зь Веткаўскага раёну. Ну а бацька быў партыйным сакратаром у саўгасе. З «Гомсельмашу» праз партыйны прызыў яго вярнулі назад у вёску падымаць сельскую гаспадарку, бо ён пасьпеў год павучыцца завочна ў сельгасінстытуце.

— І нішто ў вас не прадказвала будучага апазыцыянэра?

— У той час, безумоўна, не. А ў Беларускім інстытуце інжынэраў чыгуначнага транспарту, які я скончыў з чырвоным дыплёмам, парасткі пачалі прабівацца.

Можна нават сказаць, што ленінскім стыпэндыятам і апазыцыянэрам я стаў амаль адначасова. Тое было на чацьвёртым курсе. У інстытуце вырашылі, што ленінскі стыпэндыят мусіць мець і адпаведную грамадзкую нагрузку — вылучылі мяне кандыдатам ў дэпутаты раённага савету Чыгуначнага раёну Гомелю. Выбарчая акруга — вялікі дом па вуліцы Веткаўскай, 2. Я абышоў усе кватэры, запісаў просьбы людзей — і мяне выбралі.

Намесьніку дэкана прыйшло ў галаву, што, як дэпутат, я мушу зрабіць справаздачу, але не перад выбарнікамі, а перад студэнтамі. Відаць, трэба было рапартаваць пра грамадзкую актыўнасьць студэнтаў. І прызначылі тую справаздачу напярэдадні чарговай гадавіны рэвалюцыі. Мае довады, што справаздача пра дэпутацкія справы мусіць быць перад выбарнікамі, не падзейнічалі. Справаздачу я праігнараваў — паехаў да жонкі на дзень народзінаў, бо пасьля трэцяга курсу ажаніўся з аднаклясьніцай.

Апазыцыянэр — гэта ж той, хто думае іначай, супрацьпастаўляе свае погляды іншым.

Па вяртаньні мяне выклікалі ў дэканат і азнаёмілі з загадам, што ленінскай стыпэндыі я пазбаўлены. Апазыцыянэр — гэта ж той, хто думае іначай, супрацьпастаўляе свае погляды іншым.

— І часта даводзілася ў жыцьці супрацьпастаўляць свае погляды іншым?

— Калі пасьля інстытуту накіравалі майстрам на Ўральскі вагонабудаўнічы завод у расейскі Ніжні Тагіл, дзе выпускалі танкі, то там ня часта. Там трэба было плян даваць, бо танкамі забясьпечвалі нават Ірак. А калі вярнуўся назад у Гомель і стаў працаваць на «Гомсельмашы», тут даводзілася часьцей.

«Быў знаёмы з Паповым, Сабчаком. Некалькі разоў гутарыў з Ельцыным»

— Праўда ці не, але былыя сельмашаўцы прыгадваюць, што вас хацелі з партыі выключыць за дэмакратычныя замашкі і памкненьні...

За «скрыўленьне» лініі партыі мяне тры разы спрабавалі выключыць зь яе, але заводзкія камуністы абаранілі. Неўзабаве я сам здаў партыйны білет, дык сакратар парткаму з радасьці ажно бутэльку каньяку выставіў.

— Было й такое, і нават неаднойчы, бо заўсёды быў у апазыцыі, стаяў за праўду і справядлівасьць. На «Гомсельмашы» я спачатку ўладкаваўся майстрам, пабыў ім усяго месяцы чатыры. Мяне сталі «сватаць» на камітэт камсамолу, спачатку намесьнікам, а потым і сакратаром. Упіраўся, бо ад бацькі ведаў, што гэта за хлеб. Націснулі на сумленьне, на патрэбу ў кватэры. Угаварылі. Калі ўдалося ўмацаваць арганізацыю праз сумесныя справы, павялічыць шэрагі да 16 тысяч чалавек, месца спатрэбілася іншаму. Мне прапанавалі «расьці» — ачоліць партыйную арганізацыю заводу спэцінструмэнту. Потым у парткаме аб’яднаньня, што называецца, локці кусалі. Была ўжо перабудова, і многія заводзкія партыйцы зацікавіліся «Дэмакратычнай плятформай у КПСС». Сам я езьдзіў у Маскву на пасяджэньні рады, быў знаёмы з Гаўрылам Паповым, Анатолем Сабчаком. Некалькі разоў гутарыў з Барысам Ельцыным. Да ўсяго без узгадненьня з партыйнымі органамі выбраўся на альтэрнатыўнай аснове дэпутатам Гомельскага гарсавету, дзе ўвайшоў у дэмакратычную фракцыю.

За «скрыўленьне» лініі партыі мяне тры разы спрабавалі выключыць зь яе, але заводзкія камуністы абаранілі. Неўзабаве я сам здаў партыйны білет, дык сакратар парткаму з радасьці ажно бутэльку каньяку выставіў.

«Як можна было заставацца ў партыі, якая зжыла сябе?»

— Адну партыю вы пакінулі, а ў іншую ўступілі: вы сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі...

— А як можна было заставацца ў партыі, якая зжыла сябе?! Пасьля адпрацоўкі я вяртаўся з Уралу, праехаў тысячы кілямэтраў, а камунізму нідзе не было відаць. Затое хапала фанабэрыі і бюракратыі.

У 1990 годзе я стаў адным з ініцыятараў і заснавальнікаў Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, праз пяць гадоў мы аб’ядналіся з Грамадзянскай партыяй Васіля Шлындзікава. Так утварылася АГП, у якой я быў кіраўніком рэгіянальнай структуры. Апроч таго, меў дачыненьне да заснаваньня іншых вядомых грамадзкіх арганізацыяў, у прыватнасьці, фонду імя Льва Сапегі, «Грамадзянскіх ініцыятыў», руху «За свабоду», «Прававой ініцыятывы». Грамадзкае жыцьцё абудзілася, людзі сталі цікавіцца нацыянальнай гісторыяй, культурай, рэалізоўвалі разнастайныя навуковыя праекты пры дапамозе створаных арганізацыяў.

Амфітэатар на Палескай, пабудаваны Ўладзімерам Кацорам, зьбірае сотні слухачоў

Амфітэатар на Палескай, пабудаваны Ўладзімерам Кацорам, зьбірае сотні слухачоў

— Вы згадалі аб’яднаньне «Грамадзянскія ініцыятывы», да заснаваньня якога прычыніліся. У мэдыя была інфармацыя, што ўлады праз суд яго закрылі, але Камітэт ААН у справе правоў чалавека прыняў рашэньне аднавіць у правах гэтае грамадзкае аб’яднаньне.

— Так, у выніку скаргі ста пяці актывістаў Камітэт ААН сапраўды прыняў такое рашэньне, але яно да гэтага часу ня выканана — чыноўнікі спасылаюцца на тое, што рашэньні Камітэта ААН у справе правоў чалавека носяць рэкамэндацыйны характар.

І ўсё ж «Грамадзянскія ініцыятывы» запомніліся шмат каму ў рэгіёне, бо сталі рэсурсным цэнтрам для разьвіцьця мясцовай ініцыятывы. Мы з калегамі даволі пасьпяхова рэалізавалі шэраг адукацыйных, інфармацыйных ды праваабарончых праграмаў, у ліку якіх былі «Лідэр», «Школа маладога журналіста» .

Аб’яднаньне выпускала каля двух дзясяткаў розных бюлетэняў, у прыватнасьці «Гарт», «Зялёнка», «Вольныя навіны». Сябрамі «Грамадзянскіх ініцыятываў» зьяўляліся больш як 500 чалавек у сямнаццаці раёнах Гомельскай вобласьці.

— Калі згадалі пра выдавецкую дзейнасьць, то летась Гомельшчына вызначылася выданьнем на грамадзкіх асновах кніг беларускамоўных паэтаў і празаікаў. Вы таксама прычыніліся да гэтай справы?

— Напачатку мы сталі запрашаць у грамадзка-палітычны цэнтар на Палескай беларускіх бардаў, гісторыкаў, эканамістаў, грамадзкіх дзеячоў. Шчыльней сталі кантактаваць зь мясцовай арганізацыяй Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, зь філіяй Беларускай асацыяцыі журналістаў. Так зьявіўся сьпіс беларускамоўных творцаў, якія жывуць на Гомельшчыне і якім цяжка выдаць свае творы на ўласныя сродкі. Хто ж мы такія будзем, калі ня будзем падтрымліваць сваё, беларускае? Выдалі напачатку зборнік вершаў Таісы Мельчанкі «Расьпяты гонар». Затым паэт са Сьветлагорску Вадзім Болбас пераклаў на беларускую мову вершы Ёсіфа Бродзкага «Туга і спакой» — яны таксама ўбачылі сьвет. Наступнымі былі зборнікі вершаў Леаніда Муштэнкі «Словы каханьня, словы любові...», Ганны Новік «Тут і там», апавяданьні й замалёўкі Марыны Яўсейчык «Прысуд балотных ялін». І шостая кніга з нашай выдавецкай сэрыі — зборнік этнаграфічных нарысаў «На мяжы межаў» паэткі й фальклярысткі зь Веткі Ларысы Раманавай.

«Калі мы клалі на стол свае дэпутацкія пасьведчаньні, былі ўжо белыя плямы ў газэтах»

— Уладзімер, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году, калі Аляксандар Лукашэнка стаў ствараць выканаўчую «вэртыкаль», вы ды яшчэ сем дэпутатаў Гомельскага гарсавету прынародна склалі зь сябе дэпутацкія паўнамоцтвы — адмовіліся ад мандатаў, хоць да сканчэньня тэрміну заставаўся год. Ці не зрабілі памылку, што аддалі так проста ўладу ў горадзе вэртыкальным чыноўнікам?

— Нас было дзевяцёра, але адзін нечакана перадумаў. Былая старшыня гарвыканкаму і гарсавету Сьвятлана Гальдадэ й дагэтуль лічыць, што мы паступілі няслушна. А што было рабіць, калі руйнавалася мясцовае самакіраваньне? Дэпутаты гарсавету і так мелі невялікія паўнамоцтвы, а з утварэньнем «вэртыкалі» іх дарэшты пазбавіліся. У іх засталося толькі адно права: рукі падымаць на знак ухваленьня, у парлямэнце — адпаведную кнопку націскаць за тры тысячы рублёў на месяц.

У горадзе прадстаўнічая ўлада, улада народу ў асобе гарсавету намінальная. Зрэшты, як і заканадаўчая на нацыянальным узроўні. А калі няма суперніцтва думак і поглядаў, жыцьцё рухаецца ў тупік.

Чаму сёньня ў Гомелі людзі пратэстуюць супраць бяздумнага пашырэньня вуліц, подпісы зьбіраюць, а гарвыканкам іх ня чуе? Ды таму, што ў горадзе прадстаўнічая ўлада, улада народу ў асобе гарсавету намінальная. Зрэшты, як і заканадаўчая на нацыянальным узроўні. А калі няма суперніцтва думак і поглядаў, жыцьцё рухаецца ў тупік.

Паглядзіце, да чаго зьвялася беларуская эканоміка: бралі па невысокай цане ў Расеі бяспошлінную нафту, пераганялі й прадавалі сьветлыя прадукты на Захад. Ды яшчэ калійнымі ўгнаеньнямі гандлявалі. Цэны на сусьветным рынку зьмяніліся, а тут яшчэ Расея запатрабавала дзяліцца — і ўвесь «эканамічны цуд» лопнуў, як мыльная бурбалка.

Адразу было відаць, што Лукашэнка краіну за цывілізаваным сьветам не павядзе, што ніякіх эканамічных рэформаў ня будзе. Калі мы клалі на стол свае дэпутацкія пасьведчаньні, былі ўжо белыя плямы ў газэтах. Беларусь паўтарае гарбачоўскую перабудову : слоў і абяцаньняў шмат, а эканамічных рэформаў, свабоды бізнэсу й прадпрымальніцтва няма. Ляснуўся «вялікі ды магутны» Саюз, тое ж чакае і беларускі рэжым. Шкада, што часу змарнавана багата.

«Ляснуўся „вялікі ды магутны“ Саюз, тое ж чакае і беларускі рэжым»

— У 2006 годзе вы ачольвалі ў рэгіёне перадвыбарчы штаб адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Упершыню дэмакратычныя сілы здолелі аб’яднацца. Перамогі не атрымалася. Але й апазыцыя больш не змагла згуртавацца — ані на прэзідэнцкіх, ані на парлямэнцкіх выбарах. Чаму?

— Абраньне адзінага кандыдата ў 2006 годзе было зарыентаванае на Плошчу, бо вялікіх спадзеваў на тое, што можна яшчэ перамагаць на выбарах, ужо не заставалася. Улада не дапускала ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазыцыі, амаль ніякіх магчымасьцяў прасачыць за правільнасьцю падліку галасоў ня мелі й назіральнікі. Але ўжо быў досьвед украінцаў 2004 году зь іх Аранжавай рэвалюцыяй, калі выбарнікі выступілі супраць фальшаваньня вынікаў галасаваньня.

Плошча ў Менску не дала вынікаў, і амбіцыі лідэраў пераключыліся на падтрымку сваіх апазыцыйных структур. Гэтыя амбіцыі падагрэў праз колькі гадоў крызіс, і шмат у каго зьявілася ілюзія, што можна ўжо перамагаць. Таму ў 2010 годзе і быў «парад» кандыдатаў у прэзыдэнты, які ўлада скарыстала, каб канчаткова загнаць апазыцыю ў своеасаблівае гета. Цяпер у гэтым гета неяк трэба выжываць. Вось і выжываюць, хто як можа.

Сытуацыя зьменіцца, калі ўсе зразумеюць, што па адным з гета ня выкараскацца, нават калі ў ім пэрыядычна будзе прыадчыняцца брама.

Дыктарскія рэжымы наагул трымаюцца да таго часу, пакуль ёсьць рэсурсы. Памятаецца, Аляксандар Лукашэнка абяцаў беларусам заробак і ў пяцьсот, і нават у тысячу даляраў. Гэта была такая своеасаблівая сацыяльная дамова кіроўных вярхоў і электарату: «У нас — улада, у вас — неблагія заробкі». Калі не атрымалася, рыторыка зьмянілася: «У нас — улада, у вас — заробкі хоць і невялікія, затое няма вайны».

Сытуацыя зьменіцца, калі ўсе зразумеюць, што па адным з гета ня выкараскацца, нават калі ў ім пэрыядычна будзе прыадчыняцца брама.

Без згуртаванай апазыцыі электарат дакладна не згуртуецца, нават калі папружкі давядзецца яшчэ тужэй зацягнуць. А калі ад адчаю і згуртуецца, то ўжо зь іншымі правадырамі.

«У нас ёсьць незалежная краіна, якую трэба берагчы й захаваць для нашчадкаў»

— Вы ў апазыцыі, можна сказаць, палову свайго дарослага жыцьця. Ёсьць адчуваньне, што высілкі былі не дарэмныя, што арышты, штрафы й затрыманьні таго вартыя?

— У нас ёсьць незалежная краіна, якую трэба берагчы й захаваць для нашчадкаў. Апазыцыя цяпер не ўспрымаецца, як нейкая злая сіла, што мае нашкодзіць Беларусі, хоць з высокіх трыбунаў яшчэ й кідаюць часам камяні ў наш гарод, каб апраўдаць свае пралікі.

Рэжым зьмяніць, правы і свабоды ўстанавіць, эканоміку рэфармаваць, каб не плесьціся ў хвасьце ўсясьветнай цывілізацыі — за гэта апазыцыя.

Людзі без асьцярогі ідуць у створаны намі грамадзка-палітычны цэнтар на Палескай, 52 — атрымаць юрыдычныя кансультацыі, інфармацыйную падтрымку на выбарах, набыць веды ў якасьці назіральнікаў, паслухаць выдатных эканамістаў, палітолягаў, літаратараў, пабываць на канцэртах вядомых беларускіх музыкаў. Гэта рэальнасьць.

Актывісты штогод ушаноўваюць памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, не даюць застацца ў самоце Ўльяне Захаранцы, маці зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі.

Над сядзібай лунаюць нацыянальны бела-чырвона-белы сьцяг і сьцяг Эўразьвязу. Міліцыя ўжо не ляціць, не зрывае сьцягоў, не складае пратаколаў.

— У гэтым ёсьць асабісты ўклад апазыцыянэра Кацоры?

— А як жа безь яго?! (Уздыхае). Амаль 70 сутак, праведзеных за кратамі, мільённыя штрафы і дзьве сухія галадоўкі. Першы раз — калі арыштавалі за пікет з партрэтам Юрыя Захаранкі; другі — у кастрычніку 2011-га, падчас прэвэнтыўнага арышту напярэдадні Народнага сходу.

Уладзімер Кацора з унучкай Алесяй і жонкай Верай

Уладзімер Кацора з унучкай Алесяй і жонкай Верай

— Сям’я як перажывае такія вашыя «ўзнагароды» ад уладаў?

— Гэта цяжкае выпрабаваньне. Бывала, у суд разам з паплечнікамі прыходзілі жонка, каторая з дачок, брат. А калі пасьля ізалятара я працягваў сухую галадоўку на Палескай, дык прыйшла жонка з унучкай. І празь сьлёзы, гледзячы на мяне, схуднелага, галасіла: «На каго ты нас пакідаеш?» Гэта было проста невыносна.

Мы ж са сваёй жонкай убачыліся першы раз у лесе, калі былы малымі і сем’ямі зьбіралі чарніцы. Яна з суседняй вёскі. Гэта было ўлетку пасьля чацьвёртай клясы. Мы паглядзелі адно на аднаго, і позірк гэты стаўся нашым лёсам, тым больш што ў верасьні яна прыйшла вучыцца ў маю пятую клясу Шарпілаўскай сярэдняй школы.

— Сёлета вы ўзялі ўдзел у парлямэнцкіх выбарах, ведаючы, што вынік прадвызначаны. А летась падчас прэзыдэнцкай кампаніі ладзілі перадвыбарчыя сходы пад лёзунгам «Скажы Лукашэнку „не“!» Калі выбараў няма, то ці варта заяўляць сябе ў кампаніі з загадзя вядомым вынікам?

У так званых парлямэнцкіх выбарах я ўдзельнічаў дзеля таго, каб паказаць людзям, што ёсьць альтэрнатыва.

— У так званых парлямэнцкіх выбарах я ўдзельнічаў дзеля таго, каб паказаць людзям, што ёсьць альтэрнатыва. Кампанію ладзілі пад бела-чырвона-белымі сьцягамі, бо мы памятаем сваю гісторыю. Былі і ўмовы, і найпершая зь іх такая: калі ня будзе нашых прадстаўнікоў ва ўчастковых камісіях, якія лічаць галасы, гэта ня выбары, і мы іх пакінем. Так і зрабілі. На жаль, мала хто паўтарыў гэта. Апазыцыйныя палітыкі мала што разрозьненыя — яны не пазбавіліся ілюзіяў наконт цяперашняга рэжыму.

Што да леташніх перадвыбарчых сходаў «Скажы Лукашэнку „не“!», то важна было паказаць, як у цяперашніх заканадаўчых цісках знаёміць выбарнікаў з рэальным станам беларускай эканомікі. За гады кіраваньня Лукашэнкі Беларусь стала «закрэдытаванай краінай», жыцьцёвы ўзровень насельніцтва пакаціўся ўніз. Але перамены да лепшага ня прыйдуць без удзелу грамадзтва ў вырашэньні свайго лёсу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG